У службе аховы дзяржаўнай мяжы Літвы пры міністэрстве ўнутраных справаў у адказ на запыт Свабоды расказалі, колькі ўсяго паветраных зондаў з кантрабандай ім удалося перахапіць сёлета зь беларускага боку.
- З пачатку году гэта 545 балёнаў з кантрабандай.
- 65 — толькі ў кастрычніку.
- Найбольшую колькасьць балёнаў памежнікі фіксавалі ў сакавіку — 77.
22 кастрычніка Літва чарговы раз мусіла закрыць аэрапорт і часова мяжу з прычны прылёту з боку Беларусі аэрастатаў, 13 зь якіх тады перанялі памежнікі.
- Агулам з пачатку году балёнамі й дронамі спрабавалі перавезьці 889 тысяч пачкаў кантрабандных цыгарэт, паведамілі ў службе аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.
- Адзін паветраны балён, паводле службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы, звычайна нясе каля 1500 пачкаў цыгарэт.
29 кастрычніка літоўскі ўрад прыняў рашэньне закрыць мяжу зь Беларусьсю на месяц. Пункт пропуску ў Медніках (зь беларускага боку Каменны Лог) будзе закрыты з пэўнымі выняткамі, пункт у Салечніках (Беняконі) будзе закрыты цалкам.
Выняткамі ў Медніках будуць:
- дыпляматычныя машыны,
- жыхары Калінінградзкай вобласьці, якія едуць транзытам церазь Літву,
- грамадзяне Літвы і іншаземцы з дазволам на жыхарства ў Літве, якія вяртаюцца ў Літву,
- грамадзяне ЭЗ і краінаў NATO і іхныя сямейнікі,
- і з дазволу памежнай службы можа быць дазволены «гуманітарны пропуск».
Забарона будзе дзейнічаць да 30 лістапада з магчымасьцю падаўжэньня, паведаміў тэлеканал LRT.
Памежныя пераходы закрываюць з прычыны прылётаў аэрастатаў зь Беларусі ў Літву. На мінулым тыдні гэта чатыры разы прымушала літоўскія аэрапорты прыпыняць працу. Перанесьлі і перанакіравалі дзясяткі рэйсаў, гэта закранула некалькі тысяч пасажыраў.
Літва закрыла мяжу 27 кастрычніка пасьля шэрагу інцыдэнтаў, зьвязаных з масавым запускам з тэрыторыі Беларусі паветраных балёнаў нібыта з кантрабандай. У апошнім выпадку ў Літве налічылі 66 аэрастатаў. Праз гэта некалькі разоў спыняў дзейнасьць віленскі аэрапорт і адзін раз — ковенскі.
Міністэрства замежных справаў Беларусі 27 кастрычніка выклікала часовага паверанага ў справах Літвы Эрыкаса Вілканецаса, каб уручыць ноту пратэсту «ў сувязі з чарговым аднабаковым закрыцьцём мяжы з боку Літоўскай Рэспублікі, ажыцьцёўленым безь якога-небудзь папярэдняга паведамленьня».
Да 27 кастрычніка памежная служба Літвы двойчы спыняла дзейнасьць сваіх пунктаў пропуску на мяжы зь Беларусьсю на некалькі гадзін уначы.
Форум