Актывісткі руху «Маці 328», якія дамагаюцца лібэралізацыі антынаркатычнага артыкула 328 Крымінальнага кодэксу, а таксама перагляду спраў сваякоў і сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, галадаюць 11-ы дзень.
Чым небясьпечная галадоўка для жаночага арганізму, ці можна такім шкодным для здароўя спосабам дамагчыся сваіх патрабаваньняў, Свабодзе распавёў лекар-гастраэнтэроляг зь Менску, які прасіў не называць ягонага поўнага імя.
«У жанчын пры галадоўцы можа адбыцца гарманальны збой»
Лекар-гастраэнтэроляг Аляксандар К. кажа, што пры галадоўцы спачатку ў чалавека расходуецца тлушч, назапашаны ў арганізьме. І першыя пару-тройку дзён дзякуючы тлушчу падтрымліваецца яшчэ больш-менш нармальны стан арганізму. Але потым пачынаюць цярпець іншыя сыстэмы абмену рэчываў, да прыкладу, вугляводная. У арганізьме намнажаюцца недаакісьленыя прадукты, якія ў нармальным стане павінны расшчапляцца. Пачынаюцца збоі ў працы пячонкі, нырак, намнажаюцца шлакі, солі, ацэтон.
«Адбываецца дыстрафія ўсіх унутраных органаў, у першую чаргу эндакрынных залозаў, якая можа прывесьці да незваротных зьменаў у арганізьме. Гінуць клеткі, якія не аднаўляюцца, і ўсё гэта ўплывае на цэнтральную нэрвовую сыстэму, на кару галаўнога мозгу. Могуць здарыцца псыхічныя разлады».
Што ж да асаблівасьцяў жаночага арганізму, то, паводле лекара, «можа адбыцца сур’ёзны гарманальны збой, спыніцца мэнструацыйны цыкль, галадоўка можа адбіцца на рэпрадукцыйных функцыях жанчыны».
Што важна ведаць:
- 11 жанчын працягваюць галадоўку ў Каленкавічах, Востраве. Іх стан здароўя пагаршаецца, частка зь іх, верагодна, спыніць галадоўку 7 траўня.
- Да галадоўкі абяцаюць далучыцца жанчыны з Горадні.
- Сустрэча галадоўніц з генпракурорам Беларусі, якая мусіла адбыцца 4 траўня, адкладзеная на няпэўны час.
- 2 траўня сем галадоўніц руху «Маці 328» з Каленкавічаў сустрэліся з прадстаўнікамі адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. Пасьля сустрэчы «Маці 328» адмовіліся спыніць галадоўку.
- 27 красавіка актывісты руху «Маці 328» у Каленкавічах на Гомельшчыне і ў вёсцы Востраў на Меншчыне распачалі галадоўку. 3 траўня да іх далучылася жанчына ў Віцебску.
- Удзельнікі галадоўкі патрабуюць перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула КК кодэксу (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
- У Палаце прадстаўнікоў абяцалі зьмякчыць пакараньні паводле «наркатычнага» артыкула 328.
Скрабец: «Бачна, што жанчын дапякло»
Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Скрабец трымаў галадоўкі пратэсту пяць разоў — і ў турме, і на волі. Самая працяглая ягоная галадоўка доўжылася 40 дзён.
Сяргей Скрабец перакананы, што галадаць ёсьць сэнс — такім чынам можна прыцягнуць увагу да сваёй праблемы. Тым больш калі гэта палітычная галадоўка і калі галадае не адзін чалавек, як у выпадку з жанчынамі з руху «Маці 328».
«Калі галадала парлямэнцкая група „Рэспубліка“ і да нас далучыліся Віктар Івашкевіч, АГП, быў шырокі грамадзкі рэзананс. Не ўсяго мы дамагліся, але пытаньне аб зьменах у Выбарчы кодэкс мы пранесьлі ў парлямэнт. Яго, канечне ж, не падтрымалі, але ўсё ж такі гэта была перамога», — кажа Скрабец.
Што тычыцца здароўя, галадоўку ня ўсім можа параіць, бо пасьля 14 дзён адбываюцца зьмены ў арганізьме, перакананы «галадоўнік» са стажам Сяргей Скрабец.
«Жанчынам, мне падаецца, наагул цяжэй галадаць. Дарэчы, жанчыны такі мэтад барацьбы радзей выбіраюць. Відавочна, што дапякло гэтых жанчын».
Паводле Скрабца, параіць нешта гэтым жанчынам цяжка:
«Можна толькі пажадаць перамогі. Трымацца, бо пасьля 30 дзён галадоўкі наагул могуць адбыцца небясьпечныя зьмены ў арганізьме, можа печань адмовіць, іншыя наступствы. І вельмі цяжкі яшчэ выхад з галадоўкі. Вельмі асьцярожна трэба выходзіць, бо можа ня вытрымаць арганізм».
Казулін: «Мацяркі маюць рацыю. Па-чалавечы іх шкада»
Аляксандар Казулін, экс-кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2006 году, галадаў у папраўчай калёніі «Віцьба» 53 дні. Ён, як і Сяргей Скрабец, перакананы, што такім чынам дамагацца сваіх патрабаваньняў ёсьць сэнс, але толькі ў тым выпадку, калі чалавек гатовы ісьці да канца.
«Тут два канцы: альбо гэта вырашэньне пытаньня, альбо гэта ахвяра. І вельмі патрэбныя салідарнасьць і розгалас, грамадзкі рэзананс. Бо тут гаворка ідзе пра дзяцей, якіх пасадзілі за спажываньне наркотыкаў. Іх лячыць трэба, і ў многіх краінах сьвету так паступаюць, а не ў турму саджаць на шмат гадоў».
Паводле Казуліна, у турмах і калёніях за 1–2 грама наркатычных рэчываў сядзяць тысячы людзей, і гады, праведзеныя ў турме, не прыводзяць да нічога добрага, яны не выпраўляюць вязьняў.
«Таму, калі мы хочам сытуацыю выпраўляць, а не пагаршаць, трэба тэрмінова рабіць захады па зьмякчэньні заканадаўства. Мацяркі тут цалкам маюць рацыю», — кажа Казулін. Яму па-чалавечы шкада гэтых жанчын.
«Наколькі я ведаю, у адной з галадоўніц — праблемы з падстраўнікавай залозай, ёй у прынцыпе галадаць нельга, гэта вельмі шкодна для арганізму.
Па-другое, тое, што яны ў асноўным ляжаць — гэта таксама вельмі небясьпечна, таму што ідзе намнажэньне таксычных рэчываў, у першую чаргу ацэтону. Таму трэба хадзіць, рухацца. У мяне некалькі разоў было перавышэньне ацэтону ў дзясяткі разоў, і мяне, скажам так, рэзка эвакуавалі, баяліся, што я памру», — узгадвае свой досьвед галадоўкі Аляксандар Казулін.
Хроніка палітычных галадовак пратэсту ў Беларусі
- Самая працяглая палітычная галадоўка ў Беларусі адбылася ў 2005 годзе: 74 дні трымаў галадоўку прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч, які пратэставаў супраць незаконнага судовага перасьледу.
- У 2006 годзе 53 дні галадаў у віцебскай турме Аляксандар Казулін. 40 дзён галадаў за кратамі Сяргей Скрабец.
- У 2006 годзе галадалі сябры «Маладога фронту», сярод іх былі і дзяўчаты: Наста Палажанка, Наста Азарка. Наста галадала 12 дзён, яе шпіталізавалі.
- У 2008 годзе амаль два тыдні ў Гомельскай калёніі галадала прадпрымальніца Святлана Дваранінава, якая дамагалася адмены прысуду.
- Таксама ў 2008 годзе наваполацкая прадпрымальніца Яўгенія Бачурная, якую абвінавацілі ў невяртаньні крэдыту, галадала ў Гомельскай калёніі больш за 2 тыдні. У выніку яна дамаглася, што яе брата і мужа тэрмінова дапыталі ў якасьці сьведак.