Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Каталёніі штодня адбываюцца рэчы, якія я ўжо бачыў у Беларусі»


Павел Кірылёнак
Павел Кірылёнак

У кастрычніку 2017 году парлямэнт Каталёніі абвясьціў аб незалежнасьці па выніках рэфэрэндуму ў рэгіёне. Мадрыд назваў галасаваньне незаконным і ўвёў у Каталёніі прамое кіраваньне. Шэраг каталёнскіх палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў зьняволеныя, некаторыя — у эміграцыі.

Беларус Павел Кірылёнак, які жыве ў Барсэлёне, расказаў аднаму з найстарэйшых і найбольш папулярных каталянамоўных інтэрнэт-выданьняў Vilaweb пра тое, якія падабенствы ён бачыць паміж сытуацыяй у Беларусі і Каталёніі. Прапануем вам гэтае інтэрвію ў скароце.

«Мяне да гэтага часу шукаюць»

— Распавядзіце нам, хто вы ёсьць.

— Я выгнаньнік. Зьехаў з Беларусі, калі мне было дзевятнаццаць гадоў. Я папрасіў прытулку ў Чэхіі, там мне далі статус уцекача. Шмат гадоў жыў у Празе, а пасьля пераехаў у Барсэлёну.

— Што вымусіла вас зьехаць?

— У Беларусі пануе аўтарытарны рэжым, гэта клясычная паліцэйская дзяржава. Калі я быў студэнтам, удзельнічаў у палітычным руху супраць Лукашэнкі. Тады ладзілася шмат дэманстрацый і на адной зь іх мяне затрымалі. Пасьля дзесяці дзён у зьняволеньні, мне сказалі, што я магу быць асуджаны, тады я вырашыў пакінуць сваю краіну.

— У чым вас абвінавачвалі?

— Ва ўдзеле ў незаконнай, з гледзішча рэжыму, дэманстрацыі. У маёй краіне ня можа быць дэманстрацый без дазволу дзяржавы. Яны сказалі, што быў гвалт на мітынгу і была распачатая крымінальная справа.

— За што вы змагаліся?

— Гэта быў «Марш свабоды», адбыўся ён у 1999 годзе, у першыя гады кіраваньня Лукашэнкі. Тады было шмат пратэсту супраць рэжыму. Цяпер сытуацыя спакайнейшая. Гэта была найбуйнейшая дэманстрацыя тых часоў, міліцыянты спрабавалі спыніць гэтую акцыю. Былі сутыкненьні.

— Гэта значыць, што міліцыя ўжывала гвалт для здушэньня дэманстрацыі?

— Так, так. Затрымалі каля тысячы чалавек.

«Марш Свабоды» ў Менску 17 кастрычніка 1999 году
«Марш Свабоды» ў Менску 17 кастрычніка 1999 году

— Чэхія дала вам палітычны прытулак?

— Так. Цяпер я маю чэскі пашпарт. Я атрымаў чэскае грамадзянства, пражыўшы шмат гадоў у Празе.

— Мяркуеце, што калі б вы не зьехалі, то правялі б некалькі гадоў у зьняволеньні?

— Думаю, што так. Цяжка сказаць дакладна, але мае бацькі, якія дагэтуль жывуць ў Беларусі, кажуць, што пару разоў на год прыходзіць міліцыя і пытаецца, дзе я. Прайшло васемнаццаць гадоў, а мяне да гэтага часу шукаюць.

«Гішпанія і Каталёнія — шлюб, які не працуе»

— І калі вы вырашылі прыехаць у Барсэлёну?

— У 2005 годзе я ўпершыню прыехаў у Барсэлёну і закахаўся ў гэты горад. Клімат, архітэктура... ўсё так адрозьнівалася. І я падумаў, што калі-небудзь я буду тут жыць.

— Так і атрымалася.

— Праз шэсць гадоў. Я прыехаў у 2011 годзе.

— Чым вы цяпер займаецеся?

— Працую турыстычным гідам, з расейскай і ангельскай мовамі.

Дэманстрацыя прыхільнікаў незалежнасьці Каталёніі ў Барсэлёне ў верасьні 2014 году
Дэманстрацыя прыхільнікаў незалежнасьці Каталёніі ў Барсэлёне ў верасьні 2014 году

— Ваш прыезд супаў з пачаткам працэсу за незалежнасьць.

— Тое, што адбылося пасьля 2011 году, мяне зьдзівіла. Сытуацыя ў Каталёніі і Гішпаніі мне нагадвае адносіны ў шлюбе. Гэта мэтафара, якой я карыстаюся, каб растлумачыць сытуацыю замежнікам.

Гэта шлюб, які не працуе, таму што жанчына хоча эмансыпавацца, быць самастойнай. Ёй трэба трохі больш свабоды. У ідэальнай сытуацыі, каб захаваць гэты шлюб, мужчына павінен прапанаваць нешта, зрабіць крок насустрач. Але замест гэтага ён б’е жонку. Такі шлюб ня мае будучыні. Любое суіснаваньне вымагае кампрамісу. Рэпрэсіі і гвалт могуць працаваць некаторы час, але не заўсёды.

«Каталянская мова — пытаньне павагі і інтэграцыі»

— Вы бачыце падабенства паміж сытуацыяй у Беларусі і Каталёніі?

—​ Так, вядома. Першае падабенства, якое я ўбачыў, гэта агульны кантэкст. Параўнаньне каталёнскай нацыі з беларускай. Мы таксама невялікая краіна, якая на працягу трох стагодзьдзяў уваходзіла ў склад Расейскай імпэрыі, што заўсёды спрабавала зьліквідаваць нашу нацыянальную ідэнтычнасьць, мову і беларускую культуру. Гэта мне здаецца вельмі падобным да каталёнскай сытуацыі.

У Беларусі наша мова знаходзіцца ў вельмі складаным становішчы. Вельмі цікава назіраць, што пасьля столькіх стагоддзяў абмежаваньняў і забаронаў, на каталянскай мове працягваюць размаўляць. У маёй краіне, дзе гістарычна адбылося менш моўных рэпрэсій, людзі перасталі гаварыць на сваёй мове. Беларуская мова мае падабенства з расейскай, але цяпер мала хто на ёй гаворыць.

— Беларуская мова мае статус афіцыйнай?

—​ Фармальна ёсьць дзьве афіцыйныя мовы. Але дэ-факта вельмі цяжка знайсьці школу для беларускіх дзяцей. Тэлебачаньне на 99% на расейскай мове. Каталёнія зьяўляецца прыкладам таго, як захаваць мову і культуру пасьля стагодзьдзяў рэпрэсій.

Дэманстрацыя ў падтрымку каталёнскай мовы ў 2012 годзе
Дэманстрацыя ў падтрымку каталёнскай мовы ў 2012 годзе

—​ Гэта падштурхнула вас вывучыць каталянскую мову?

—​ Спачатку я вывучыў гішпанскую. Большасьць людзей, што прыяжджаюць жыць у Барсэлёну, робяць так, — найперш вывучаюць гішпанскую мову. Але я лічу, што таксама важна ведаць каталёнскую мову. Я тут жыву, я лічу сябе грамадзянінам Каталёніі, таму важна ўмець размаўляць на каталёнскай мове, гэта праява павагі да людзей.

Я ня маю неабходнасьці ведаць каталянскую мову для працы, мая жонка не каталёнка па нацыянальнасьці. Асабіста для мяне гэта пытаньне павагі і інтэграцыі.

«Паліцыя, якая шукае жоўтыя футболкі ў заўзятараў — гэта як адсылка да майго мінулага»

—​ Чаму вы зацікавіліся працэсам незалежнасьці?

— Беларусь атрымала незалежнасьць ад СССР ў 1991 годзе. Там не было такой барацьбы, якая цяпер адбываецца тут, у Каталёніі. Цікава, што мы, амаль што не змагаючыся і ня прагнучы так незалежнасьці, атрымалі яе. Я заўсёды задаваў сабе гэтае пытаньне, чаму адны могуць быць незалежнымі, а другія не.

У 1991 годзе адбыўся рэфэрэндум па пытаньні аб палітычнай будучыні Савецкага Саюзу, і большасьць беларусаў прагаласавала за захаваньне СССР. Цяпер мы цэнім незалежнасьць больш, чым у тыя часы. Калі я чую, як кажуць, што незалежнасьць Каталёніі немагчымая, што так не бывае, я заўсёды думаю пра маю краіну. Тут настолькі моцны рух за сувэрэнітэт, а вам кажуць, што вы не можаце быць незалежнымі!

Гішпанская паліцыя штурмуе выбарчы ўчастак на рэфэрэндуме 1 кастрычніка, які Мадрыд загадзя абвясьціў незаконным
Гішпанская паліцыя штурмуе выбарчы ўчастак на рэфэрэндуме 1 кастрычніка, які Мадрыд загадзя абвясьціў незаконным

Самае цікавае падабенства, аднак, пачалося летась ў кастрычніку. Ніколі не падумаў бы, што ў адной з дзяржаваў Эўрапейскага Зьвязу адбудзецца тое, што адбылося тады тут. Такія жорсткія паліцэйскія рэпрэсіі першага кастрычніка, падчас рэфэрэндуму за незалежнасьць... Тое, што я бачыў у той дзень, вельмі нагадвала мне сытуацыю ў маёй краіне. У той дзень я дапамагаў беларускім журналістам, якія асьвятлялі рэферэндум. Некаторыя дзеяньні паліцыі я бачыў на ўласныя вочы, і гэта было вельмі падобна на тое, што я перажыў у Беларусі. І гэтае падабенства мацнее з кожным днём. Кожны дзень адбываюцца рэчы, якія я бачыў у маёй краіне.

— Можаце прывесьці прыклад?

— Забарона надзяваць жоўтыя футболкі [жоўты колер — сымбаль падтрымкі зьняволеных каталёнскіх палітыкаў і актывістаў — РС] ў фінале футбольнага Кубка Караля. Сытуацыя ў футболе ў Беларусі вельмі падобная. У нас ёсьць футболкі з нацыянальнай сымболікай, незаконнай з пункту гледжаньня дзяржавы. і калі вы надзенеце іх, вас не прапусьцяць на стадыён. Ня можаце пранесьці неафіцыйны нацыянальны сьцяг. Відэа паліцыі ў Мадрыдзе, якая шукае жоўтыя футболкі ў заўзятараў — гэта як адсылка да майго мінулага. Гэта вельмі падобна да таго, што адбываецца ў Беларусі ў апошнія гады.

Людзі трымаюць сьвечы на мітынгу ў падтрымку зьняволеных актывістаў каталёнскага незалежніцкага руху
Людзі трымаюць сьвечы на мітынгу ў падтрымку зьняволеных актывістаў каталёнскага незалежніцкага руху

— А зьняволеньне і выгнаньне ўраду?

— Зьняволеньне палітыкаў адбываецца Беларусі на працягу многіх гадоў. Для беларускіх уладаў гэта нармальна. Любы лідэр апазыцыі, які мае шанец стаць моцным лідэрам, заўсёды трапляе ў турму. Рэпрэсіі супраць актывістаў, звычайных людзей, якія не зьяўляюцца палітыкамі, як Жордзі Санчэс і Жордзі Кушарт — гэта ўсё я ўжо бачыў.

Як такое магчыма ў краіне Эўрапейскага Зьвязу? Тэарэтычна гэта мусіць быць самай дэмакратычнай прасторай плянэты, з найбольш высокім узроўнем абароны правоў чалавека ва ўсім сьвеце. Як такія рэчы могуць здарацца? Я не разумею. Не разумею рэакцыі ЭЗ, абсалютнае маўчаньне. Калі такое адбываецца ў маёй краіне, Эўразьвяз заўсёды рэагуе — ціхенька, словамі, а ня дзеяньнямі, але прынамсі нешта кажуць супраць. Мірныя дэманстрацыі ня могуць разганяцца з такой жорсткасьцю. Гэтая безумоўная падтрымка гішанскага ўраду. Для мяне гэта было як вядро ледзяной вады. Я быў расчараваны Эўропай.

«Ідэальным выйсьцем было б пагадненьне, кампраміс»

— Турысты цікавяцца сытуацыяй ў Каталёніі?

— Так, вельмі. Як прафэсіянал, я стараюся не размаўляць на палітычныя тэмы, але калі ў мяне пытаюцца, не магу не адказаць. 90% маіх кліентаў цікавяцца палітычнай сытуацыяй ў Каталёніі. Немагчыма не цікавіцца. Незалежніцкія сьцягі і жоўтыя стужкі тут вісяць паўсюль. Цікавасьць вельмі вялікая. Людзі пытаюцца, што гэта значыць і чаму гэта адбываецца. Пару дзён таму амэрыканскі турыст задаў мяне вельмі добрае пытаньне: «Што такое адбываецца ў Гішпаніі, што ўсе хочуць пакінуць яе — баскі, каталёнцы?» Я заўсёды імкнуся адказваць максымальна нэўтральна, не прымаючы нічыю пазыцыю.

Шэсьце ў Барсэлёне ў падтрымку адзінства Гішпаніі
Шэсьце ў Барсэлёне ў падтрымку адзінства Гішпаніі

— І якая агульная рэакцыя?

— Зьдзіўленьне. Найбольш распаўсюджаная рэакцыя — гэта зьдзіўленьне тым, як Гішпанія імкнецца вырашыць гэтую праблему. Калі я распавядаю простыя факты, напрыклад, калі мы знаходзімся на плошчы Сан-Жаўмэ перад будынкам каталёнскага ўраду, і мне задаюць пытаньні пра яго, а я кажу, што дзевяць чалавек у турме, а другая палова ў выгнаньні, мне ня вераць. Цяжка паверыць, што ў эўрапейскай краіне можа адбыцца нешта такое.

Павел Кірылёнак зь «незалежніцкім» каталёнскім сьцягам
Павел Кірылёнак зь «незалежніцкім» каталёнскім сьцягам

— Вы галасавалі на рэфэрэндуме?

— Не, таму што я не грамадзянін Гішпаніі і ня меў права голасу. Не магу галасаваць і на парлямэнцкіх выбарах.

— Вы галасавалі б, калі б мелі магчымасьць?

— Так. Я прагаласаваў бы за незалежнасьць. Я з той бальшыні каталёнскіх незалежнікаў, што сталіся такімі, проста назіраючы за сытуацыяй. Я лічу, што ідэальным выйсьцем было б пагадненьне, кампраміс. Але назіраючы рэакцыю з боку гішпанскага ўраду на працягу многіх гадоў, я прыйшоў да высновы, што такога выйсьця не існуе. У нас ёсьць два варыянты: заставацца ў цяперашняй сытуацыі з пастаянным нарастаньнем рэпрэсій, альбо спрабаваць дамагчыся незалежнасьці.

Пратэст у Барсэлёне пасьля затрыманньня ў Нямеччыне былога каталёнскага прэзыдэнта Карлэса Пудждэмона на запыт гішпанскіх уладаў. Нямецкі суд адмовіўся выдаць Пудждэмона.
Пратэст у Барсэлёне пасьля затрыманньня ў Нямеччыне былога каталёнскага прэзыдэнта Карлэса Пудждэмона на запыт гішпанскіх уладаў. Нямецкі суд адмовіўся выдаць Пудждэмона.

«Тут была Карона Арагону, а там мы мелі Вялікае Княства Літоўскае»

— Вы распаўсюджваеце інфармацыю пра незалежнасьць ў блогу на расейскай мове.

— Я заўсёды цікавіўся палітычнымі пытаньнямі. Вельмі цікава назіраць, што адбываецца ў Каталёніі, а за мяжой маюць мала інфармацыі пра гэта. Мае сябры заўсёды пытаюцца ў мяне, што тут адбываецца. Замест таго, каб адказваць кожнаму паасобку, я выкарыстоўваю блог. Пішу артыкулы пра каталёнскія навіны, пра палітыку і пра гісторыю Каталёніі. Мая ідэя заключаецца ў тым, каб растлумачыць, чаму гэта ўсё адбываецца, чаму вялікая частка насельніцтва Каталёніі хоча незалежнасьці. Гэта вельмі цікава, таму што я думаю, што ёсьць паралель паміж гісторыяй сярэднявечнай Беларусі і Каталёніі. Тут была Карона Арагону, а там мы мелі Вялікае Княства Літоўскае.

— Як вы бачыце бягучую сытуацыю ў Беларусі?

— Сытуацыя ня моцна зьмянілася. У нас ёсьць пэрсаналістычная дыктатура, амаль манархія. Дыктатар мае сына трынаццаці гадоў і ўвесь час ён гаворыць пра яго як пераемніка. Гэта выглядае як жарт, што ў Эўропе ўсё яшчэ могуць адбывацца рэчы такога кшталту. Мала што зьмянілася. Гэта на сто адсоткаў паліцэйская дзяржава з жорсткімі рэпрэсіямі. Цяпер магчымасьць любога бунту амаль роўная нулю.

Мы, каталёнцы, мірныя людзі. Тры дні ў Барсэлёне

Каталёнія. Галасы за новую краіну

Каталёнія. Галасы супраць новай краіны

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG