Павераны ў справах ЗША ў Беларусі Робэрт Райлі, а таксама аташэ ў пытаньнях інфармацыі, адукацыі і культуры Элізабэт Льюіс узялі ўдзел у цырымоніі ўрачыстага адкрыцьця Партнэрскага цэнтру «Ўсё пра ЗША». Яго стварылі ў Магілёўскай абласной навукова-тэхнічнай бібліятэцы.
«Мы ствараем такія цэнтры, каб пашыраць інфармацыю пра Злучаныя Штаты Амэрыкі дзеля руйнаваньня стэрэатыпаў, якія існуюць», — сказаў Робэрт Райлі.
На пытаньне Свабоды пра вяртаньне ў Беларусь амэрыканскай амбасады з поўным штатам дыплямат адказаў, што ня ведае, калі гэта адбудзецца, але запэўніў: такая праца вядзецца.
На разьвіцьцё бібліятэчнага партнэрства амэрыканская амбасада выдзеліла больш за мільён даляраў
Партнэрскі цэнтар амэрыканскай амбасады ў Магілёве — адзінаццаты ў Беларусі. Такія партнэрствы створаныя ў Менску, Гомлі, Віцебску, Горадні, Берасьці і шэрагу буйных райцэнтраў. Наведнікі бібліятэк маюць магчымасьць знаёміцца з навінкамі амэрыканскай літаратуры, бываць на тэматычных праграмах і выставах, а таксама кантактаваць з носьбітамі ангельскай мовы. На разьвіцьцё партнэрства амбасада выдзеліла больш за мільён даляраў.
Робэрт Райлі заявіў, што адна з галоўных мэтаў амбасадаў ЗША па ўсім сьвеце — паляпшаць узаемапаразуменьне паміж народам ЗША і народамі іншых краін.
«Мы ствараем гэтыя цэнтры, каб дзяліцца і пашыраць інфармацыю пра Злучаныя Штаты Амэрыкі дзеля руйнаваньня стэрэатыпаў, якія існуюць», — сказаў павераны ў справах ЗША ў Беларусі Робэрт Райлі.
У межах праграмы бібліятэчнага партнэрства амэрыканская амбасада перадала магілёўскай чытальні абсталяваньне для цэнтру ды крэатыўнай прасторы MakerSpace, кнігі ды іншыя матэрыялы, прысьвечаныя культурнай разнастайнасьці Амэрыкі, на суму больш за 20 тысяч даляраў.
Партнэрскі цэнтар «Усё пра ЗША» месьціцца на вуліцы Касманаўтаў, 19. Непадалёк — шэраг навучальных устаноў, у тым ліку Дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Куляшова.
Дзесяць гадоў таму ў Беларусі зачынялі «амэрыканскія куткі»
Супрацоўніцтва амэрыканскай амбасады з публічнымі бібліятэкамі Беларусі трывае не адно дзесяцігодзьдзе. Пры канцы 1990-х гадоў у чытальных залях ствараліся «амэрыканскія куткі» зь перададзенымі дыпляматычнай місіяй кнігамі, відэа- і аўдыёкасэтамі, DVD-дыскамі, а таксама матэрыяламі для вывучэньня ангельскай мовы. Наведнікі «куткоў» маглі выходзіць у інтэрнэт, што на той час было ў навіну. На дадатак да інфармацыйнай працы там ладзілі культурна-асьветніцкія імпрэзы.
У 2008 годзе з пагаршэньнем адносін паміж Беларусьсю і ЗША «амэрыканскія куткі» пачалі ліквідоўваць. Літаратура, відэапрадукцыя заставалася ў бібліятэчных фондах, але хто яе перадаў, ужо ня згадвалася.
На пытаньне, ці ня можа амэрыканскія цэнтры напаткаць лёс «амэрыканскіх куткоў», Робэрт Райлі адказаў: Беларусь і ЗША некалькі гадоў вядуць дыялёг.
«І хоць яшчэ застаюцца некаторыя пункты, па якіх нашы погляды разыходзяцца, але мы ўсё ж спадзяёмся, што гэты дыялёг прывядзе ў выніку да таго, што стасункі стануць яшчэ лепшымі і мы зможам адчыняць новыя цэнтры на дадатак да тых, што ўжо працуюць», — сказаў Робэрт Райлі.
Амэрыканскі дыплямат: «Мы працуем, каб амбасадары некалі вярнуліся»
У сакавіку 2008 году пад ціскам беларускіх уладаў дыпляматычны штат амбасады ЗША ў Менску быў скарочаны — з 35 да 5 чалавек. Так афіцыйны Менск адрэагаваў на эканамічныя санкцыі Вашынгтону, уведзеныя за парушэньне правоў чалавека ў Беларусі.
Робэрт Райлі выказаў спадзеў, што амэрыканская амбасада ў Беларусі зноў будзе мець поўны штат, як да 2008 году, але адзначыў, што «працэс яе аднаўленьня вымагае часу, бо ёсьць амэрыканскія патрабаваньні і працэдуры». Акрамя таго, дадаў ён, «у выпадку зь Беларусьсю ёсьць некаторыя працэдуры, якія павінны быць узгодненыя зь беларускім бокам, і гэта таксама залежыць ад пазыцыі беларускага боку».
«Мы працуем над тым, каб амбасадары некалі вярнуліся (беларускі — у ЗША, амэрыканскі — у Беларусь. — РС), але я не магу сказаць дакладна, калі гэта можа адбыцца», — сказаў павераны ў справах ЗША ў Беларусі.
Робэрт Райлі пра лэнд-ліз: «Мы забясьпечвалі саюзьнікаў усім, каб перамагчы нацыстаў»
Сваё наведваньне Магілёва Робэрт Райлі пачаў з мэмарыялу «Буйніцкае поле». Тут дыплямат усклаў кветкі да капліцы.
«Падчас такіх візытаў, — сказаў ён журналістам, — мы аддаём даніну павагі тым, хто ахвяраваў сваім жыцьцём у шматлікіх канфліктах у Беларусі. У траўні мы памінаем тых, хто загінуў у Другую ўсясьветную вайну».
На афіцыйных імпрэзах да Дня Перамогі ня згадваецца амэрыканская праграма падтрымкі саюзьнікаў у Другую ўсясьветную вайну, вядомая пад назвай «лэнд-ліз».
За чатыры гады вайны Савецкі Саюз атрымаў ад амэрыканцаў дапамогі на суму 11,3 мільярда даляраў (у сучасных цэнах гэта да 150 мільярдаў даляраў). Па лініі лэнд-лізу пастаўлялася вайсковая тэхніка, машыны, сыравіна ды правіянт для савецкага войска.
Робэрт Райлі сказаў, што ня ведае, «чаму так мала сёньня гаворыцца пра праграму». Яна, аднак, на ягоную думку, «была дужа істотнай у сумеснай дзейнасьці саюзьнікаў, каб перамагчы нацыстаў».
«ЗША пазычылі мільярды даляраў, каб забясьпечыць саюзьнікаў усім неабходным і перамагчы ў вайне гітлераўцаў», — сказаў Робэрт Райлі.