«Мы ўшаноўваем ахвяраў Першай сусьветнай вайны, каб не паўтарылася ні такіх канфліктаў, ні пакутаў», — заявіў кіраўнік дыпмісіі ЗША ў Менску Робэрт Райлі.
Павераны ў справах ЗША ў Беларусі Робэрт Райлі, а таксама прадстаўнік Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЭФ) у Беларусі Рашэд Мустафа Сарвар знаходзяцца з двухдзённай працоўнай паездкай на Берасьцейшчыне.
Увечары 5 красавіка Райлі і Сарвар усклалі кветкі на могілках часоў Першай сусьветнай вайны каля вёскі Гарадзішча ў Баранавіцкім раёне. Там кіраўнік амэрыканскай амбасады адказаў на пытаньні Свабоды.
«Мы вельмі ўсхваляваныя магчымасьцю наведаць Берасьцейшчыну — я марыў пра гэта з тае пары, як прыехаў у Беларусь паўтара года таму. Тут шмат цікавых і вядомых мясьцінаў, таму з гэтай прычыны я ўзяў з сабой сям’ю, таксама да нас далучыўся і прадстаўнік ЮНІСЭФ у Беларусі», — расказаў Робэрт Райлі.
Павераны ў справах ЗША ў Беларусі кажа, што ў 100-годзьдзе завяршэньня Першай сусьветнай вайны ён ня мог не наведаць могілкі з ахвярамі колішняга супрацьстаяньня. Дыплямат усклаў кветкі на пахаваньнях, дзе ляжаць пераважна нямецкія салдаты і афіцэры.
«ЗША і Нямеччына былі праціўнікамі, ворагамі, але мы лічым, што тыя ахвяры павінны нас аб’ядноўваць, — сказаў Робэрт Райлі. — Мы павінны памятаць усіх — і немцаў, і расейцаў, і палякаў, і беларусаў... І ня толькі пра тых, хто змагаўся, але і пра іх сем’і, бо сваякі пакутавалі ня менш за мабілізаваных на фронт. Я імкнуся патлумачыць сваім сынам, што жыхары Беларусі апынуліся на самым скрыжаваньні той вайны. Таму мы і ўшаноўваем ахвяраў, каб падвоіць нашы намаганьні — не павінны зноў паўтарыцца ні такія канфлікты, ні пакуты».
Робэрт Райлі падзяліўся гісторыяй пра аднаго беларуса, які ў свой час эміграваў у Злучаныя Штаты, а падчас Першай сусьветнай вайны быў прызваны ў войска, ваяваў у Эўропе, дзе і загінуў. Ягоная сям’я дамаглася, каб ён быў пахаваны ў сваіх родных мясьцінах у Беларусі, а менавіта на Берасьцейшчыне. «Таму для нас гэта асаблівае месца», — падкрэсьліў ён.
6 красавіка ў Робэрта Райлі і Рашэда Мустафы Сарвара заплянаванае наведваньне дзіцячага рэабілітацыйнага цэнтру ў Берасьці, які падтрымліваецца з боку ЮНІСЭФ.
Таксама дыпляматы сустрэнуцца з прадстаўнікамі мясцовых уладаў, наведаюць Берасьцейскую крэпасьць, абласную бібліятэку, бэйсбольны клюб «Берасьцейскія зубры», Нацыянальны парк «Белавескую пушчу».