Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што трэба ведаць пра Чарнобыльскі шлях — 2018


Ліквідатар аварыі на Чарнобыльскай АЭС Іван Віткоўскі падчас мітынгу ля капліцы ў парку Дружбы народаў
Ліквідатар аварыі на Чарнобыльскай АЭС Іван Віткоўскі падчас мітынгу ля капліцы ў парку Дружбы народаў

Увечары 26 красавіка ў Менску адбыліся шэсьце і мітынг, прысьвечаныя 32-й гадавіне аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі.

​Сёлета штогадовы Чарнобыльскі шлях памяці ахвяраў аварыі на ЧАЭС і яе наступстваў стаў пачаткам кампаніі супраць будаўніцтва Беларускай АЭС «Астравецкі шлях». Штомесяц з красавіка па лістапад шлях зь Менску ў Астравец пракладуць супрацьатамныя акцыі:

  • 26 красавіка — Менск;
  • 26 траўня — Заслаўе;
  • 26 чэрвеня — Радашкавічы;
  • 26 ліпеня — Маладэчна;
  • 26 жніўня — Вялейка;
  • 26 верасьня — Смаргоні;
  • 26 кастрычніка — Ашмяна;
  • 26 лістапада — Астравец.

«Да таго часу, калі расейскія пастаўшчыкі зьбіраюцца завезьці ядзернае паліва ў Астравец, пройдуць акцыі, мітынгі, пікеты і масавы збор подпісаў за спыненьне будаўніцтва Беларускай АЭС», — заявіў падчас мітынгу Павал Севярынец.

Чарнобыльскі шлях — 2018 быў дазволены менскімі ўладамі. Акцыя пачалася а 18-й гадзіне ля кінатэатру «Кастрычнік» і рушыла шэсьцем па вуліцы Сурганава да храма ў гонар абраза Божай Маці «Адшуканьне загінулых» у парку Дружбы народаў. Тут прайшоў мітынг, якім і завяршыўся «Чарнобыльскі шлях» у 20:30.

Як паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна», на момант пачатку руху калёны ад кінатэатру «Кастрычнік» да чарнобыльскай капліцы ў парку Дружбы народаў незалежныя назіральнікі налічылі 430 удзельнікаў акцыі.

Кіраўнік руху «Разам» Вячаслаў Сіўчык заявіў падчас шэсьця пра актуалізацыю «Чарнобыльскім шляхам» экалягічных праблемаў у Беларусі.

«Сёлетні Чарнобыльскі шлях — гэта пратэст супраць будаўніцтва Берасьцейскага акумулятарнага заводу і за спыненьне працы Сьветлагорскага заводу беленай цэлюлёзы», — сказаў Сіўчык у жывым эфіры Свабоды.

Паводле слоў Паўла Севярынца, раніцай 26 красавіка ў Сьветлагорску затрымалі сябраў ініцыятыўнай групы супраць будаўніцтва там заводу беленай цэлюлёзы, якія зьбіраліся прыехаць на акцыю ў Менск. Іх заяву зачыталі падчас мітынгу ля чарнобыльскай капліцы.

«Як у першыя дні пасьля Чарнобылю». Як жывуць вяскоўцы каля новага цэлюлёзнага заводу

Да шэсьця на «Чарнобыльскі шлях» далучыліся ўдзельніцы кампаніі «Маці 328», якія раней абвясьцілі пра пачатак 27 красавіка бестэрміновай галадоўкі. Іх патрабаваньні былі агучаныя ў жывым эфіры Радыё Свабода:

  • Сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам.
  • Стварэньне камісіі аб пераглядзе спраў паводле крымінальнага артыкула 328 пачынаючы з 2013 году.
  • Зьмена заканадаўства адносна артыкула 328 Крымінальнага кодэксу.
  • Амністыя асуджаных паводле артыкула 328.
«Маці 328» ідуць на Чарнобыльскі шлях
«Маці 328» ідуць на Чарнобыльскі шлях

Адначасова з Чарнобыльскім шляхам у Кіеўскім сквэры праходзіў дазволены ўладамі Менску мітынг КХП БНФ.​

«Мы хочам завастрыць усе праблемы, зьвязаныя зь небясьпекамі будаўніцтва ў Беларусі новай атамнай электрастанцыі», — казаў пра мэты мітынгу намесьнік старшыні КХП БНФ Сяргей Папкоў.

Аварыя на Чарнобыльскай АЭС 26 красавіка 1986 году лічыцца самай вялікай тэхнагеннай катастрофай XX стагодзьдзя.

Чарнобыль: Жыцьцё пасьля канца сьвету. Храналёгія падзей

У атмасфэру было выкінута радыяактыўных рэчываў у 300 разоў больш, чым пасьля атамнага бамбаваньня Хірасімы ў 1945 годзе. З усіх краін ад наступстваў чарнобыльскай катастрофы Беларусь пацярпела найбольш — звыш 70% радыянуклідаў асела на тэрыторыі Беларусі, найбольш пацярпеў 21 раён.

З 2,2 мільёна чалавек, якія жылі на забруджаных землях, эвакуавалі і адсялілі 138 тысяч, яшчэ каля 200 тысяч самі зьехалі з пацярпелых тэрыторый. Чарнобыль ня проста трагедыя ў гісторыі, яго наступствы ўплываюць на здароўе сёньняшніх беларусаў.

У 1986 годзе падчас аварыі на ЧАЭС з разбуранага рэактара было выкінута 1850 пэтабэкерэляў радыенуклідаў, пры гэтым на долю радыеактыўнага цэзію прыпала 270 пэтабэкерэляў. Пэрыяд паўраспаду цэзію-137 — 30 гадоў. Гэта значыць, што ў 2016 годзе яго колькасьць на тэрыторыі Беларусі зьменшылася ўдвая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG