Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні пад пагрозай закрыцьця два прыватныя музэі


«Музэй побыту» ў Горадні
«Музэй побыту» ў Горадні

«Музэй праса» можа пераехаць у іншы горад, а «Музэй побыту» папросту зачыніцца. Уладальнікі ня ў стане аплачваць арэнду і камунальныя паслугі, а ўлады на іх просьбы падтрымаць музэі аніяк не рэагуюць.

У Горадні, дзе пасьля адкрыцьця бязьвізавага ўезду для замежнікаў пачаў разьвівацца турызм, зьявіліся новыя кавярні, рэстарацыі, гатэлі, гандляры сувэнірамі на вуліцах і новыя прыватныя музэі. Аднак ужо праз два гады свайго існаваньня прыватныя музэі Горадні апынуліся пад пагрозай закрыцьця — яны ня могуць аплачваць выдаткі на ўтрыманьне.

Нават настаўнікам рэкамэндуюць не наведваць прыватныя музэі

Аляксандар Шпакоўскі, стваральнік «Музэю праса» ў Горадні
Аляксандар Шпакоўскі, стваральнік «Музэю праса» ў Горадні

Стваральнік «Музэю праса» ў Горадні Аляксандар Шпакоўскі кажа, што за два гады існаваньня найбольш быў зьдзіўлены тым, як улады ставяцца да ягонай ініцыятывы. З аднаго боку, паводле яго, улады заявілі, што гэта добрая справа для гораду, які пачалі наведваць турысты. Але з другога — пра музэй практычна нідзе не падаецца ніякай інфармацыі, ніхто не прапагандуе іхную дзейнасьць.

«Я сутыкнуўся з тым, калі школам і іншым навучальным установам улады прапануюць наведваць толькі дзяржаўныя музэі або выставы, а прыватныя музэі — ні ў якім разе, — кажа Шпакоўскі. — Выходзіць, што мы хоць і захавальнікі нашай жа гістарычнай спадчыны, а стаўленьне да нас — як да чужых людзей», — кажа стваральнік музэю.

Паводле яго, гэта характарызуе ўладных людзей як такіх, хто не цікавіцца сваёй гісторыяй і ня ведае яе.

У «Музэі праса» ў Горадні
У «Музэі праса» ў Горадні

«Нашы ўлады прывыклі толькі дэкляраваць, але пры гэтым нічога не рабіць. Ніхто зь іх не задумваецца над тым, што для прыцягненьня турыстаў неабходна ствараць прывабныя месцы, каб іх зацікавіць», — падсумоўвае Шпакоўскі.

Месячныя аплаты складаюць 800 рублёў, а зарабляем усяго 250

У «Музэі праса» адпачатку працавалі тры чалавекі. Але ўжо празь некалькі месяцаў стала зразумела, што плаціць людзям ня будзе чым.

«Уваходны білет для дзяцей у музэй каштуе паўтара рубля, для дарослых — тры рублі. Калі наймаюць экскурсавода, то за гэта дадаецца яшчэ 1 рубель, — кажа Шпакоўскі. — Вось мы зімой за месяц на продажы білетаў атрымліваем да 250 рублёў, а нашы выдаткі за арэнду, камунальныя паслугі, падаткі складаюць 800 рублёў. Часам здараецца, што цэлы тыдзень да нас не зазірае ніводзін наведнік», — падсумоўвае стваральнік музэю.

Паводле яго, трохі лепшая сытуацыя ў летнія месяцы, калі даходы могуць зраўняцца з выдаткамі, але гэта толькі некалькі месяцаў на год.

Падобная сытуацыя і ў «Музэі побыту». Ягоны ўласьнік Януш Паруліс кажа, што за арэнду і камунальныя паслугі атрымлівае рахункі, роўныя ягонай пэнсіі.

«Мая пэнсія складае 340 рублёў, і яе часам не хапае, каб аплаціць выдаткі на музэй. А мне ж трэба яшчэ заплаціць за сваю кватэру. Выходзіць, што мы з жонкай жывём на ейную пэнсію, і дваім цяпер гэта цяжка», — кажа Паруліс.

Абодва ўладальнікі музэяў кажуць, што грошы здабываюць, прадаючы некаторыя свае экспанаты. Але і адзін і другі перакананыя, што так далей быць ня можа.

Януш Паруліс, стваральнік горадзенскага «Музэю побыту»
Януш Паруліс, стваральнік горадзенскага «Музэю побыту»

«Па вялікім рахунку, горад павінен наагул адмяніць нам плату за камунальныя паслугі і арэнду, — кажа Паруліс. — Ён павінен стаць нашым спонсарам хаця б на некалькі гадоў, каб падтрымаць нас, бо мы таксама працуем на наш горад».

«На нас чыноўнікі глядзяць як на бізнэсмэнаў...»

Паводле Шпакоўскага, чыноўнікі глядзяць на ягоную дзейнасьць няйнакш як на бізнэс — маўляў, гэта твая справа, ты сам і выкручвайся.

«Каб гэта быў мой бізнэс, то я пайшоў бы на рынак і прадаў калекцыю, і на тыя грошы паехаў бы адпачыць недзе на Канары, — кажа Шпакоўскі. — А калі штомесяц дастаю з сваёй кішэні грошы, каб аплаціць камуналку, арэнду, іншыя выдаткі, то гэта ня бізнэс».

Шпакоўскі перакананы, што чыноўнікам і ў голаў не прыходзіць, што празь ягоны музэй мясцовыя людзі, турысты знаёмяцца з гісторыяй і традыцыямі беларускага народу. Паводле яго, чыноўнік не задумваецца і над тым, што зазвычай калекцыянэры пакідаюць сабранае імі свайму гораду, дзе яны нарадзіліся і жывуць.

Януш Паруліс дадае, што ягоную калекцыю, у якой сёньня больш за 10 тысяч экспанатаў, пачынаў зьбіраць яшчэ ягоны дзед.

У музэі Януша Паруліса
У музэі Януша Паруліса

«І вы што думаеце, што я магу гэта ўсё недзе прадаць і прагуляць? Гэта ўжо ня толькі мая каштоўнасьць, гэта каштоўнасьць часу і тых людзей, якія жылі раней. А мы павінны ведаць, як жылі нашы продкі — вось дзеля чаго мая калекцыя», — кажа Паруліс.

Мне ўжо зрабілі прапановы зь некалькіх гарадоў, каб перавесьці туды музэй

Аляксандар Шпакоўскі сказаў Свабодзе, што атрымаў тры прапановы — зь Віцебску, Берасьця і Менску — каб перавесьці музэй туды. Кажа, інвэстары прапануюць памяшканьне і аплату выдаткаў на ўтрыманьне музэю.

«Я сам гарадзенец, і мне баліць душа, але я павінен неяк захаваць музэй, — кажа Шпакоўскі. — Тут больш за дзьве тысячы экспанатаў, і калекцыю я імкнуся папаўняць. Калі такой магчымасьці ня будзе, я вымушаны буду перавесьці музэй у іншы горад, а сам займуся недзе бізнэсам. Іншага шляху папросту ня бачу», — кажа Шпакоўскі.

Паруліс кажа, што яму ніякіх прапаноў, каб перавесьці куды музэй, не паступала.

«Я ня маю ніякага выбару, буду ўтрымліваць музэй, пакуль хопіць маёй пэнсіі. А калі ня хопіць, давядзецца ўсё сабраць і скласьці недзе на гарышчы. Хаця, зь іншага боку, каб сюды заводзілі турыстаў, якія едуць глядзець Каложу, то сродкаў хапала б на ўтрыманьне. Але такая прапанова не цікавіць ні ўлады, ні турыстычныя фірмы», — кажа Паруліс.

«Два гады чуем: мы тут зьбяромся і абмяркуем...»

І Шпакоўскі, і Паруліс неаднойчы зьвярталіся да гарадзкіх і нават абласных уладаў, каб тыя праявілі клопат пра музэі. Аднак за ўвесь час не было ніводнай рэакцыі.

Экспазыцыя ў «Музэі праса» ў Горадні
Экспазыцыя ў «Музэі праса» ў Горадні

«Мне заўсёды на прыёме казалі, што, маўляў, мы тут зьбяромся і абмяркуем праблемы музэяў, — кажа Шпакоўскі. — Але за гэты час да мяне, прыкладам, ніхто з чыноўнікаў нават не прыйшоў і не пабачыў, што сабой уяўляе музэй».

«А я некалькі месяцаў таму размаўляў з намесьнікам міністра культуры, і ён пры мне даў даручэньні мясцовым чыноўнікам, каб яны дапамаглі вырашыць маю праблему. Але пасьля той размовы да мяне таксама ніхто нават не прыйшоў», — кажа Паруліс.

«Максымальна ўсе прэфэрэнцыі, якія яму можна было даць, горад даў...»

Начальнік аддзелу ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі Горадзенскага гарвыканкаму Андрэй Ярашэвіч сказаў карэспандэнту Свабоды, што гарадзкія ўлады далі максымальныя прэфэрэнцыі для гэтых прыватных музэяў.

«Горад зрабіў ім самую нізкую арэндную плату. Гэта мінімальны каэфіцыент, які можа быць па заканадаўстве».

«Прыватны музэй — гэта як бізнэс-праект. Горад даў паніжаныя каэфіцыенты, памяшканьне ў цэнтры гораду. Іх ніхто ня цісьне, і ўсім, чым маглі, дапамаглі. Унесьлі ва ўсе турыстычныя зборнікі, усе тургрупы пра яго ведаюць. Інфармацыйную і падатковую падтрымку горад зрабіў.

Ад аплаты камунальных мы іх ня можам вызваліць. Калі б гэта быў дзяржаўны музэй, то тады іншая справа. Але чалавек хацеў адчыніць сваю прыватную справу. І што ад гораду патрабавалася, мы ўсё далі. Максымальна ўсе прэфэрэнцыі, якія можна было даць».

Ці зьвязаны прыход новага дырэктара ў гістарычны музэй з выставай да 100-годзьдзя БНР?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG