Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ураджэнца Дагестану, які патрабаваў у аўстрыйца «адзець сваю жанчыну», асудзілі на 5 месяцаў турмы


Пікнік у Вене.
Пікнік у Вене.

Мужчыну, якога пракурор назваў «самазваным ахоўнікам законаў», прысудзілі пяць месяцаў пазбаўленьня волі. Яго абвінавацілі ў дамаганьнях і пагрозах згвалтаваньня, паведамляе «Кавказ. Реалии».

Летам мінулага году 24-гадовы Шаміль (прозьвішча не называецца) зь некалькімі сваімі землякамі прагульваўся па беразе возера Кальтэнлёйтгебэн ў Аўстрыі. Там мужчыны сустрэлі маладую пару. Іх абурыла, што жанчына была топлес. Не зьвяртаючыся да яе, мужчыны запатрабавалі ад яе спадарожніка, каб яна неадкладна адзелася.

На відэа, якое зьняў на мабільнік і пазьней выклаў на сваёй старонцы ў фэйсбук аўстрыец, відаць, як абвінавачаны заклікае яго «адзець сваю жанчыну». У адваротным выпадку ён прыгразіў згвалціць жанчыну, а яго самога скінуць у яр.

Малады чалавек, які гаворыць па-нямецку з акцэнтам, у сварцы з аўстрыйцам тлумачыць сваё патрабаваньне тым, што яму перашкаджае выгляд жанчыны, якая «недастаткова адзетая». На пытаньне аўстрыйца, чаму б яму ў такім разе не адвярнуцца, мужчына пагражае згвалціць і яго.

Інцыдэнт атрымаў шырокую вядомасьць у тым ліку і таму, што ахвярай пагрозаў быў вядомы фатограф і блогер Томас Бусэк. Ён употай зьняў тое, што адбывалася, на камэру свайго тэлефона і выклаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку. Гэтае відэа за лічаныя дні прагледзелі дзясяткі тысяч чалавек.

Паліцыя абвясьціла чатырох мужчын, зьнятых на відэа, у вышук. Самому пацярпеламу і яго спадарожніцы нават не прыйшлося пісаць заяву.

Як толькі высьветлілася, што падазраваныя — грамадзяне Расеі, якія шукаюць палітычны прытулак у Аўстрыі, у прэсе за звычкай назвалі іх чачэнцамі. І толькі на судзе высьветлілася, што трое затрыманых родам з Дагестану, адзін з Аўганістану. Траіх вызвалілі ад крымінальнай адказнасьці — як паказала сьледзтва, яны ўсяго толькі прысутнічалі пры інцыдэнце.

На судзе 24-гадовы абвінавачаны Шаміль сваю віну адмаўляў.

«Я мужчына, я слабы. Я ня мог прымусіць сябе не глядзець на яе. Я проста хацеў, каб яна адзелася», — сказаў ён судзьдзі.

На судзе высьветлілася, што абвінавачваны да таго, як перабрацца ў Аўстрыю і папрасіць там прытулку, некалькі гадоў жыў у статусе ўцекача ў Нямеччыне. Там яго двойчы судзілі за крадзяжы і рабаваньні. Пасьля таго, як нямецкія ўлады адмовілі яму ў прытулку, ён перабраўся ў Аўстрыю.

У судзе Шаміля абараняў адзін з самых вядомых венскіх адвакатаў Вольфганг Бляшніц.

Паводле аўстрыйскіх законаў, за пагрозы і дамаганьні належыць пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі ад пяці месяцаў да пяці гадоў. Суд прысудзіў дагестанцаў да мінімальнага тэрміну. Улічваючы, што чатыры месяцы ён ужо правёў за кратамі, празь месяц яго выпусьцяць на волю.

Дадатковыя падазрэньні

Аднак крымінальны перасьлед на гэтым не завяршылася. Аўстрыйскія спэцслужбы выявілі ў тэлефоне Шаміля відэакліпы, на якіх ён выконвае Нашыда (сьпеў) «з джыхадысцкім зьместам».

Акрамя таго, высьветлілася, што ураджэнец Дагестану знаёмы з тунісцам Анісам Амры, які ў сьнежні 2016 года наехаў на людзей падчас каляднага кірмашу ў Бэрліне (тады загінулі 11 чалавек і больш за 50 атрымалі раненьні). Паводле адваката Шаміля, ягоны падабаронны нічога не ведаў аб злачынных плянах Аніса Амры.

«Ён проста кампанейскі хлопец», — сказаў адвакат.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG