Жыхары пасёлку Зялёны Бор у Івацэвіцкім раёне просяць улады растлумачыць, калі будзе ліквідавана звалка адкідаў, якія ўтрымліваюць сьвінец, піша БелаПАН.
Калектыўны зварот жыхароў Зялёнага Бору, пад якім падпісаліся 32 асобы, накіравалі ў Берасьцейскі аблвыканкам. Збор подпісаў працягваецца.
Паводле праваабаронцы Рамана Кісьляка, падставай для звароту стаў пісьмовы адказ намесьніка старшыні Берасьцейскага аблвыканкаму Андрэя Клеца па выніках сустрэчы з праціўнікамі будаўніцтва акумулятарнага заводу пад Берасьцем. На той сустрэчы таксама закранулі праблему звалкі ў Зялёным Бары.
«У пісьмовым адказе Клец адказаў, што гэта адкіды вытворчасьці СТАА „Белінвэстгандаль-Сплаў“: сьвінцовы попел, які адносіцца да трэцяй клясы небясьпекі. Усяго іх там 7746,725 тоны.
А вымярэньне глебы на дзьвюх пляцоўках выявіла перавышэньне максымальна дапушчальных канцэнтрацый сьвінцу ў 1,86 і 1,82 раза.
Пры гэтым у адказе сьцьвярджаецца, што памер шкоды, нанесены навакольнаму асяродзьдзю, „кампэнсаваны добраахвотна ў поўным аб’ёме“», — кажа Кісьляк.
У звароце жыхары Зялёнага Бору адзначаюць, што небясьпечныя адкіды дагэтуль не прыбраныя, і патрабуюць даць дакладны адказ, калі звалку ліквідуюць. Таксама вяскоўцы пытаюцца, чаму ня браліся пробы вады і не правяралася наяўнасьць сьвінцу на вясковых падворках.
Сумеснае таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Белінвэстгандаль-Сплаў» месьціцца ў Белаазёрску і займаецца перапрацоўкай сьвінцова-кіслотных акумулятарных батарэй, вытворчасьцю марачнага сьвінцу і сплаваў. Прадпрыемства ўваходзіць у групу кампаній ПАК, да якой адносіцца і таварыства з абмежаванай адказнасьцю «АйПаўэр». Гэтая апошняя кампанія будуе пад Берасьцем акумулятарны завод, супраць якога мясцовыя жыхары сабралі ў лютым 37 тысяч подпісаў.
27 сакавіка суд Маскоўскага раёну Берасьця адмовіў заяўнікам пазову грамадзян і грамадзкага аб’яднаньня «Экадом» супраць ТАА «АйПаўэр» і Берасьцейскага аблвыканкаму. Заяўнікі прасілі спыніць будаўніцтва акумулятарнага заводу да правядзеньня паўторнага грамадзкага абмеркаваньня актуальнай справаздачы па ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе.
6 красавіка заяўнікі накіравалі ў Берасьцейскі абласны суд дзьве касацыйныя скаргі і аднавілі збор подпісаў супраць будаўніцтва. Новыя подпісы, як і ранейшыя, накіруюць у Адміністрацыю кіраўніка Беларусі.