У панядзелак 5 сакавіка памочнік Аляксандра Лукашэнкі — генэральны інспэктар Берасьцейскай вобласьці Васіль Герасімаў сустрэўся з праціўнікамі будаўніцтва акумулятарнага заводу пад Берасьцем, піша БелаПАН.
«Памочнік прэзыдэнта паведаміў актывістам, што плянуецца стварэньне камісіі, якая будзе разьбірацца з усімі фактамі, паднятымі ў сувязі з будаўніцтвам гэтага акумулятарнага заводу, — расказаў БелаПАН праваабаронца Раман Кісьляк. — Усё больш людзей выступаюць супраць гэтага прадпрыемства, тым больш што кожны дзень зьяўляецца новая непрывабная інфармацыя пра яго».
Што выкрылі актывісты
Падчас сустрэчы актывісты Дзьмітры Бекалюк і Аляксандар Кабанаў паведамілі новыя факты пра завод.
Яны сьцьвярджалі, што кіраўніцтва прадпрыемства спрабавала ўтойваць ад грамадзтва тое, што будзе арганізаваная ліцейная вытворчасьць з аб’ёмамі больш як 13 тысяч тон сьвінцу і сплаваў за год.
Кіраўніцтва заводу казала пра інавацыйнасьць тэхналёгіяў вытворчасьці на заводзе, але актывісты сьцьвярджаюць, што яна састарэлая, яшчэ з 1990-х гадоў.
А тэхналёгія ачысткі ў ліцейнай вытворчасьці на заводзе нідзе не паказаная і не распрацаваная: ні ў дакумэнце аб ацэнцы ўплыву на навакольнае асяродзьдзе, ні ў праектнай дакумэнтацыі, ні ў тэхнічных пашпартах. Сыстэмы фільтрацыі і выдаленьня пылу і газу з працоўнай зоны таксама не прапрацаваныя. Як будуць на заводзе спраўляцца з высокатэмпэратурнымі аэразольнымі выкідамі сьвінцу, невядома.
Актывісты заявілі, што прадпрыемства падае кантрольным органам непраўдзівыя або недакладныя зьвесткі пра небясьпеку выбуху на заводзе.
Суд, пратэсты, дзясяткі тысяч подпісаў і штрафы на 100 базавых
У судзе Маскоўскага раёну Берасьця 27 лютага пачаўся разгляд пазову супраць ТАА «АйПаўэр», якое пачало пад Берасьцем будаваць акумулятарны завод. Заяўнікі пазову — група грамадзянаў і грамадзкае аб’яднаньне «Экадом» — кажуць, што працэдура грамадзкага абмеркаваньня праекту будаўніцтва была парушаная. Завод, лічаць яны, будзе шкодна ўзьдзейнічаць на навакольле. Наступнае судовае паседжаньне прызначана на 21 сакавіка.
Пратэсты супраць будоўлі акумулятарнага заводу пачаліся ў студзені. Пасьля сходаў з удзелам чыноўнікаў і жыхароў блізкіх да будаўніцтва вёсак Берасьцейскі гарвыканкам не падтрымаў ідэі правесьці сустрэчу наконт будаўніцтва з жыхарамі гораду. На калектыўны зварот супраць акумулятарнага заводу ў Берасьцейскім аблвыканкаме заявілі, што ня бачаць падставаў для прыпыненьня будоўлі.
22 лютага жыхары Берасьця і раёну накіравалі ў адміністрацыю Лукашэнкі амаль 37 тысяч подпісаў супраць будоўлі прадпрыемства (яшчэ 8 тысяч подпісаў супраць заводу сабрана на Change.org, каля тысячы — на Petitions.by).
23 лютага Кабанава і Пятрухіна затрымалі, пасадзілі на выходныя за краты, а 28 лютага прысудзілі кожнаму па 50 базавых велічыняў штрафу (1225 рублёў) за нібыта заклікі да несанкцыянаванай акцыі.
25 лютага на месца правядзеньня акцыі прыйшлі дзясяткі чалавек, але акцыя фактычна не адбылася. 4 сакавіка акцыя пратэсту была праведзеная ў новым фармаце: пратэстоўцы кармілі галубоў.
Хто будуе завод
Акумулятарны завод будуецца на пляцоўцы «Аэрапорт» у берасьцейскай свабоднай эканамічнай зоне каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2. За два кілямэтры ад будоўлі — рака Мухавец. На прадпрыемстве будзе наладжаны поўны цыкль вытворчасьці сьвінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназуе, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае.
Праект заводу прадугледжвае вытворчасьць сьвінцу і яго сплаваў магутнасьцю больш за 13 тысяч тон на год, элемэнты хімічнай вытворчасьці з выкарыстаньнем сьвінцу, яго сплаваў і сернай кіслаты, а таксама зборачныя апэрацыі, у тым ліку паяньне расплаўленым сьвінцом.
Заказчыкам заводу выступае кампанія «АйПаўэр» прадпрымальніка Віктара Лемяшэўскага. Падрадчык — кітайская карпарацыя. Агульны кошт праекту — каля 20 мільёнаў даляраў.