Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заклікаў Расею рыхтавацца да будучага ракетнага ўдару ў Сырыі. Пра гэта ён напісаў у сябе ў Твітэры ў адказ на заявы расейскага боку пра гатоўнасьць зьбіваць амэрыканскія ракеты і падаўляць пункты іх запуску.
«Рыхтуйся, Расія, таму што яны прыляцяць, добрыя, новыя і разумныя», — заявіў Трамп. «Нельга быць партнэрамі з жывёлай, якое забівае людзей газам і атрымлівае задавальненьне», — дадаў ён.
У сваім наступным допісе ў Твітэры амэрыканскі прэзыдэнт падкрэсьліў, што адносіны паміж ЗША і Расеяй «цяпер горш, чым калі-небудзь, уключаючы пэрыяд халоднай вайны». Пры гэтым, на думку Трампа, Расея цяпер мае патрэбу ў дапамозе ЗША ў галіне эканомікі, а ўсе нацыі павінны «працаваць разам».
«Спыніць гонку ўзбраеньняў?», — піша прэзыдэнт ЗША ў канцы свайго твіта.
У адказ на словы Трампа аб «разумных ракетах» у МЗС Расеі заявілі, што яны павінны ляцець у бок тэрарыстаў, а ня ў бок «законнага ўраду краіны, які ажыцьцяўляе барацьбу з тэрарызмам». Прадстаўнік ведамства Марыя Захарава таксама пацікавілася, ці ведаюць экспэрты Арганізацыі ў справе забароны хімічнай зброі аб тым, што ракеты цяпер «зьнішчаць усе доказы прымяненьня хімічнай зброі на зямлі». Пра якія менавіта доказы ідзе гаворка, яна не ўдакладніла.
Раней прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй у тэлефоннай размове з Дональдам Трампам заявіла, што Лёндану неабходна больш доказаў меркаванай хімічнай атакі ў Сырыі, каб далучыцца да нанясеньня ўдараў па гэтай краіне.
Трамп раней заявіў аб тым, што на працягу 24-48 гадзін прыме рашэньне аб мерах у адказ у дачыненьні да Сырыі за меркаваную хімічную атаку. Трамп адзначыў, што ў ЗША ёсьць «мноства варыянтаў» ваеннага ўдару па Сырыі і што Вашынгтон каардынуе свае дзеяньні з саюзьнікамі, у першую чаргу з Парыжам і Лёнданам. Лідэры Францыі і ЗША раней заяўлялі, што, калі датычнасьць сырыйскага рэжыму да хімічнай атацы пацьвердзіцца, адказ будзе жорсткім.
Краіны Захаду ўскладаюць адказнасьць за меркаваную хімічную атаку ў горадзе Дума на рэжым сырыйскага прэзыдэнта Башара Асада, Расею і Іран. Дамаск і Масква адмаўляюць, што хімічная атака мела месца.
Рада бясьпекі ААН ужо два дні абмяркоўвае, ці была бамбардзіроўка раёну Ўсходняй Гуты ў Сырыі 7 красавіка, і ці была падчас яе выкарыстаная хімічная зброя.