Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што мог бы быць чарговы беларускі рэфэрэндум


Ілюстрацыйнае фота. Мітынг БНФ і незалежных прафсаюзаў за рэфэрэндум, 16 красавіка 1992 году. Фота Ўладзімера Спапагова
Ілюстрацыйнае фота. Мітынг БНФ і незалежных прафсаюзаў за рэфэрэндум, 16 красавіка 1992 году. Фота Ўладзімера Спапагова

Рэфэрэндум у беларускім палітычным лексыконе — лаянкавае слова.

Усе тры «рэфэрэндумы» ў гісторыі незалежнай Беларусі былі ініцыяваныя і праведзеныя з парушэньнем базавых дэмакратычных стандартаў (гэта значыць, і беларускага заканадаўства таксама) і сталіся інструмэнтам наступу на дэмакратыю і незалежнасьць, а не рэальным волевыяўленьнем грамадзянаў. Таму «рэфэрэндумы», а не рэфэрэндумы.

«Рэфэрэндум» 1995 году ўзаконіў русыфікацыю і пачаў наступ на правы парлямэнту. «Рэфэрэндум» 1996 году стаў фінальным этапам дзяржаўнага перавароту, які канчаткова ўсталяваў у Беларусі рэжым неабмежаванай пэрсанальнай улады прэзыдэнта Лукашэнкі. Нарэшце, «рэфэрэндум» 2004 году зьняў фармальнае абмежаваньне на колькасьць тэрмінаў прэзыдэнцтва і даў Аляксандру Лукашэнку магчымасьць кіраваць краінай да сваёй фізычнай сьмерці.

Абмеркаваньне магчымага чарговага «рэфэрэндуму» актывізавалася пасьля нядаўняй заявы Лідзіі Ярмошынай. Пра што гэты рэфэрэндум будзе і ці ён будзе сапраўды, ва ўмовах непразрыстай і непадсправаздачнай палітычнай сыстэмы лукашэнкаўскай Беларусі можна толькі гадаць.

Увядзеньне мараторыю на сьмяротнае пакараньне — самы танны для ўладаў спосаб здабыць балы ў вачох Захаду, не рэфармуючы ў палітычнай сыстэме абсалютна нічога.

Але адна з тэмаў, па якой лягічна было б правесьці чарговы «рэфэрэндум» — сьмяротнае пакараньне. Увядзеньне мараторыю на яго — самы танны для ўладаў спосаб здабыць балы ў вачох Захаду, не рэфармуючы ў палітычнай сыстэме абсалютна нічога. Беларусь цяпер ня толькі апошняя дыктатура Эўропы, але і апошняя на кантынэнце краіна, дзе рэгулярна выносяцца і выконваюцца сьмяротныя прысуды. Гэта выклікае крытыку міжнародных праваабаронцаў, але наяўнасьць ці адсутнасьць сьмяротнага пакараньня ня адыгрывае абсалютна ніякай ролі з пункту гледжаньня захаваньня ўлады Аляксандрам Лукашэнкам.

Адзіная рэальная фармальная перашкода на шляху мараторыю — «вынікі» «рэфэрэндуму» 1996 г., дзе празь недагляд (або, мабыць, жадаючы запалохаць апазыцыю на выпадак масавых пратэстаў) уключылі і гэтае пытаньне і дзе фармалізавалі прыхільнасьць да сьмяротнага пакараньня. Гэта цяпер трэба фармальна адкруціць назад.

Трансфармацыя ў парлямэнцкую сыстэму ці іншыя зьмены ў артыкулах Канстытуцыі, якія тычацца выбараў, былі б надта яўным сыгналам, што патрыярх зьбіраецца на спачын, а такі сыгнал можа парушыць раўнавагу і прывесьці ўсю аўтарытарную сыстэму ў хістаньне. Хаця што да розных варыянтаў з прэзыдэнцтвам Колі Лукашэнкі — безумоўна, уся публічная дзейнасьць, зьвязаная з гэтым неблагім, наколькі можна меркаваць, хлопцам глядзіцца як жарт, ад прыняцьця парадаў з залатым пісталетам да віншаваньня на кітайскай мове. Але ў нашым рэгіёне колькі ўжо разоў мы прачыналіся і бачылі, як самыя неверагодныя сцэнары, якія здаваліся анэкдотам ці начным кашмарам, увасабляліся ў рэчаіснасьці.

А рэфэрэндум пра сьмяротнае пакараньне можна было б нават правесьці сумленна, бо ўсе здаровыя палітычныя сілы і амаль усе апазыцыйна настроеныя людзі будуць галасаваць і агітаваць за мараторый. І гэта сапраўды будзе win-win для ўсіх: рэжыму — збліжэньне з Захадам, Беларусі — прагрэс у правах чалавека. Большым каварствам з боку ўладаў было б хіба што правесьці дэмакратычныя выбары і пусьціць «Белсат» у кабэльныя сеткі. Вось тады апазыцыя і Захад былі б цалкам абяззброеныя.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG