Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы Амэрыкі адзначаюць 100-годзьдзе абвяшчэньня незалежнасьці БНР


Беларусы Нью-Ёрку пачалі сьвяткаваньне сотых угодкаў БНР 24 сакавіка. Апоўдні ўдзельнікі сабраліся ў Social Hall на Мангэтане, дзе працавала выстава «Ідэя БНР у ЗША» і кірмаш беларускіх сувэніраў. Афіцыйная частка пачалася відэавіншаваньнем Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы. Зь вітальным словам выступіў першы амбасадар ЗША ў Беларусі Дэвід Суорц.


Госьць з Горадні, доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук, зрабіў экскурс у пэрыяд стварэньня БНР. Яшчэ адна навуковая прамова ад выканаўчай дырэктаркі Цэнтру беларускіх дасьледаваньняў Паўліны Сурвілы была прысьвечаная вывучэньню беларускай ідэнтычнасьці ў ЗША. Пра тое, як сьвяткавалі ўгодкі БНР у беларускай дыяспары, расказаў адзін са старэйшын нацыянальнай эміграцыі Вячка Станкевіч.

Ірына Хадарэнка, пісьменьніца і дасьледчыца тэорыі і гісторыі літаратуры, прэзэнтавала відэапраект «Галасы свабоды/Voices of freedom», у якім прагучалі вершы сучасных беларускіх паэтаў і іх пераклады на ангельскую мову ў выкананьні англамоўных чытальнікаў.

У сьвяточным канцэрце ўзялі ўдзел музыка і кампазытар зь Нью-Ёрку, лідэр гурту «Літвакус» Зісл Сьляповіч, лідэр менскага гурту «Знарок» Яўген Сокалаў, рэпэр і кінаактор Vinsent.

Сьвяткавалі і ў Вашынгтоне

А на дзень раней, 23 сакавіка, гадавіну абвяшчэньня БНР у Вашынгтоне адзначыла Беларуска-амэрыканская асацыяцыя «БАЗА». Як паведамляе «Голас Амэрыкі», сьвяткаваньне адбылося ў кампаніі з дыпляматамі, праваабаронцамі, усімі, хто цікавіцца сытуацыяй у Беларусі.

Беларусы Вашынгтона адзначаюць 100-я ўгодкі БНР. 23 сакавіка 2018 году
Беларусы Вашынгтона адзначаюць 100-я ўгодкі БНР. 23 сакавіка 2018 году

Былы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Скот Роланд цяпер на пасадзе старэйшага дарадцы Дзярждэпартамэнту ў Хэльсынскай камісіі ЗША. Ён адзначыў, што Вашынгтон працягвае ўважліва сачыць за сытуацыяй з правамі чалавека і дэмакратыяй у Беларусі. Паводле яго, дзьверы для перагляду палітыкі ЗША ў дачыненьні да беларускага ўраду застаюцца адкрытымі ў выпадку, калі тыя зробяць крокі ў кірунку дэмакратыі і павагі да правоў чалавека.

Скот Роланд
Скот Роланд

Мэліса Гупэр, праграмная дырэктарка праваабарончай арганізацыі Human Rights First у пытаньнях правоў чалавека і грамадзянскай супольнасьці, павіншавала беларусаў са стагодзьдзем БНР і нагадала пра занепакоенасьць з боку сусьветнай супольнасьці сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. Яна адзначыла, што афіцыйны Менск працягвае ўжываць сьмяротнае пакараньне і стварае перашкоды для працы няўрадавых арганізацый.

Сябра Рады БНР Алеся Сёмуха, у сваю чаргу, удакладніла, да чаго перадусім імкнуліся заснавальнікі БНР — спадзяваліся пабудаваць свабодную і незалежную Беларусь на прынцыпах самавызначэньня, дэмакратыі, абароны правоў і свабод чалавека.

Алеся Сёмуха
Алеся Сёмуха

Акрамя таго, 25 сакавіка і ў наступныя дні этнічныя беларусы таксама зьбяруцца ў Чыкага, Філядэльфіі, Нью-Брансвіку і Мінэапалісе. У Чыкага нацыянальная суполка згадае гісторыю БНР і наведае магілу старшыні і міністра замежных спраў Народнага сакратарыяту БНР Язэпа Варонкі. У Мінэапалісе сустрэнуцца ў клюбе, а ў Філядэльфіі пройдзе ўрачыстае шэсьце.

У Нью-Брансвіку пройдзе ўрачыстае набажэнства. Суайчыньнікаў павіншуе старшыня Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк. Удзел у імпрэзе таксама возьме экс-намесьнік амбасадара ЗША ў Беларусі Джон Кунстадтэр.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG