Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэтра Дворжакава: ад Бога да голаду, ад гора да радасьці


Пэтра Дворжакава
Пэтра Дворжакава

Сьціплай, але адметнай госьцяй Міжнароднага менскага кніжнага кірмашу стала чэская пісьменьніца Пэтра Дворжакава. Яе гісторыя пра тое, як уратавацца пішучы.

Гісторыя сучаснай «чэскай Алексіевіч»

У чатырнаццаць год яна з прычыны непаразуменьняў у сям’і пайшла ў манастыр. Выйшла адтуль у 18 і неўзабаве выскачыла замуж. Працавала мэдычнай сястрой, але цяжкая хвароба малодшага сына прымусіла пакінуць працу.

Хлопчык лячыўся ад леўкеміі, апухаў ад лекаў і лысеў ад хіміятэрапіі, а веруючая маці страчвала і шукала апору. Калі захісталася яе вера ў Бога, нечакана прыйшоў паратунак... голад. Маладая жанчына пачала знаходзіць у гэтым ачышчэньне, моц, эўфарыю, ажно пакуль зь яе не засталося 36 кіляграмаў.

Так сама Пэтра апынулася на мяжы жыцьця і сьмерці. Каб выкараскацца, пачала пісаць і паступіла на філязофскі факультэт.

У сваю першую кніжку «Увасобленыя мары» (Proměněné sny) Пэтра Дворжакава сабрала споведзі людзей, зь якімі сустракалася ў шпітальных палатах, якія, як і яна, праходзілі выпрабаваньне веры.

Першая ж кніга прынесла ёй вядомасьць — была ўганараваная прэстыжнай чэскай прэміяй Магнэзія Літэра. А другую аўтарка назвала «Я — голад» (Jsem hlad), гэта пра добра знаёмы ёй фэномэн мэнтальнай анарэксіі.

Піша і далей, у тым ліку для дзяцей, супрацоўнічае з чэскім радыё і тэлебачаньнем як сцэнарыстка.

Сустрэча

У праскім аэрапорце Вацлава Гаўла мы сустрэліся перад адлётам Пэтры ў Менск.

— Гэта ваша першае падарожжа ў Беларусь. Якія беларускія кантакты да гэтага спрычыніліся?

— Гадоў 10 ці 11 мы знаёмыя зь беларускім багемістам, перакладчыкам Сяргеем Сматрычэнкам. Ён пераклаў некалькі ўрыўкаў з маіх кніг, якія ў вас былі апублікаваныя. Цяпер мы ляцім у Менск разам, дзе сустрэнемся таксама з іншымі беларускімі багемістамі. А ў 90-я гады ў нас дома гасьцявалі дзеці зь Беларусі, у сувязі з Чарнобылем яны прыяжджалі сюды на адпачынак. Былі ў нас Алёна і Дзіма зь Менску. На сваю першую паездку ў Беларусь вельмі цешуся.

— Спосаб, якім вы пісалі сваю першую кнігу, вельмі нагадвае мэтодыку працы Нобэлеўскай ляўрэаткі зь Беларусі Сьвятланы Алексіевіч. Але, магчыма, вы пра гэта ня ведалі? Як уласна з вас, мэдсястры, стала пісьменьніца?

— Калі мы ляжалі з сынам у праскім шпіталі Мотал, я, шчырая верніца, перажывала сытуацыі, калі вера пачынае так крыху распадацца. Вы можаце тысячу разоў казаць самі сабе: Бог добры, Бог ласкавы, ён дапаможа, але калі пры тым вам згасае ўласнае дзіця... Так я пачала зьбіраць размовы зь людзьмі, якія перажывалі нешта падобнае, цікавіцца, як яны з гэтага знаходзяць выйсьце і што робіцца зь іх верай.

Гэта я рабіла для сябе і толькі празь нейкі час, перачытаўшы, вырашыла паслаць урывак у часопіс. Пасьля часопіснай публікацыі мне пазванілі з выдавецтва Host і прапанавалі выдаць кнігу...

Так, пра Сьвятлану Алексіевіч я ведаю, але пакуль не пасьпела прачытаць. Ведаеце, я пераканалася, што жыцьцёвы вопыт рэч «непераносная», але важна ўмець моцныя жыцьцёвыя гісторыі выслухаць. Фактычна, я сталася пісьменьніцай, нічога ня ўмеючы, а потым вучылася, адчула і патрэбу вывучаць філязофію.

— А як патлумачыце той паварот, што вельмі блізкая вам аўтабіяграфічна гераіня, шукае паратунку ў голадзе, а ня ў веры?

— Ведаеце, перажыўшы ўсё гэта, я хацела разьвянчаць той міт, які ў значнай меры ствараюць мэдыі. Пішуць пра анарэксію як хваробу мадэлек: маўляў, яна хацела быць прыгожай, таму худзела. Я хачу гэты міт разьвянчаць і расказаць, як анарэксія дзейнічае.

Гэта залежнасьць. Яна дзейнічае як кожная іншая залежнасьць. Чалавек, што ня можа справіцца зь нейкай ўнутранай праблемай, шукае паратунку ў алькаголі ці наркотыках і лёгка стане залежным.

Многім людзям цяжка ўявіць, але галаданьне часам можа спрацоўваць як наркотык: дзяўчына перастае есьці і, нягледзячы на голад, адчувае сябе дасканалай, цудоўнай, моцнай. Яна думае, што ёй усё падуладна, прыходзіць эўфарыя...

— Вось жа ў кнізе «Я — голад» гераіня проста тáе старонка за старонкай: пры росьце 168 см важыць 51 кг, потым 47, 45, 43... Дзе яна спыніцца, як выкараскаецца?

— Я памятаю, што і тыя 43 кіло не былі мяжой. Дацягнула недзе да 36. Кніга не заканчваецца хэпі-эндам. Але перадусім надзеяй на шчасьлівы канец. А тая надзея ва ўсьведамленьні таго, чым гэта анарэксія ёсьць і таго, што шчасьце і радасьць могуць прыносіць і іншыя рэчы, акрамя голаду.

У Менску

Я глядзела, як ідучы на рэгістрацыю рэйсу, танюткая Пэтра Дворжакава пацягнула за сабой невялікі чамаданчык на колцах. Павезла некалькі сваіх кніжак у Менск.

Сустрэцца зь ёй можна каля чэскага стэнду Менскага кніжнага кірмашу, а таксама ў кнігарні Логвінаў 2 сакавіка а 19-й гадзіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG