Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Электронны сьвет» як пастка для сучаснага чалавека


Мы жывем у цікавую эпоху, калі на вачах аднаго пакаленьня зьяўляюцца новыя сродкі і прылады, якія робяць наша жыцьцё больш утульным.

Азірніцеся навокал, параўнайце са станам рэчаў дзесяцігадовай даўніны, і вы зразумееце наколькі зьмянілася жыцьцё — мы ўжо не ўяўляем яго без такіх рэчаў, як мабільны тэлефон, банкамат, Instagram, Facebook.

Эпідэмія адзіноты

Такое разьвіцьцё цывілізацыі нясе ў сабе ня толькі бясспрэчныя станоўчыя бакі, але і пэўныя пасткі. Адной з такіх небясьпек «электроннага сьвету» зьяўляецца эпідэмія адзіноты.

расьце колькасьць людзей з вострым адчуваньнем адзіноты, асабліва ў старэйшых узроставых групах

Гэта сапраўдны выклік, бо ў цывілізаваных краінах, якія ідуць наперадзе засваеньня новых электронных тэхналёгій, згодна з вынікамі сацыялягічных апытаньняў, расьце колькасьць людзей з вострым адчуваньнем адзіноты, асабліва ў старэйшых узроставых групах. Гэта прыводзіць да росту хранічных неінфэкцыйных захворваньняў і псыхічных парушэньняў, росту колькасьці самазабойстваў.

На першы погляд, сьцьвярджэньне, што «электронны сьвет» вядзе да адзіноты, можа падацца прынамсі спрэчным. Сапраўды, контраргумэнт, які знаходзіцца на паверхні: за кошт усё большага ахопу сацыяльнымі сеткамі людзі ня бавяць час на самоце. Насамрэч ўсё значна больш складана.

Страта жывых кантактаў

Паглядзіце, што адбываецца. Калі ў былыя часы нам раптам патрабаваліся грошы, то мы ішлі, напрыклад, у ашчадную касу, там стаялі ў чарзе і бралі іх у касіра. Гэта суправаджалася кантактам з жывымі людзьмі, размовамі, эмацыянальнымі рэакцыямі і эмоцыямі.

Цяпер жа нічога з пералічанага няма — мы проста падыходзім да банкамату і здымаем патрэбную нам суму грошаў. Мы кантактуем ня з цэлым ланцугом розных людзей, а з машынай, адсякаючы вялікую колькасьць важных для падтрыманьня станоўчага эмацыйнага фону кантактаў.

Хатні алькагалізм

Яшчэ адзін прыклад. У краінах Заходняй Эўропы і Злучаных Штатах расьце занепакоенасьць ростам алькагалізацыі пакаленьня так званых «бэбі-бумэраў», якія нарадзіліся падчас выбуху нараджальнасьці пасьля заканчэньня другой сусьветнай вайны.

Гэтыя людзі ўжо пасьпелі пастарэць, але паколькі яны жывуць у заможных краінах, грамадзтва якіх пабудавана так, што дазваляе нарошчваць спадчынны капітал, яны ня маюць вялікіх абмежаваньняў у сродках.

І што адбываецца — сталыя людзі з пакаленьня «бэбі-бумэраў», дзеці і ўнукі якіх жывуць ня зь імі, на самоце глядзяць тэлевізар ці бавяць час у інтэрнэце. І пры гэтым замаўляюць пры дапамозе апошняга сьпіртовыя напоі. А паколькі абмежаваньняў у грошах няма, а ў хатніх умовах і ў адзіноце здольнасьць кантраляваць колькасьць выпітага алькаголю значна меншая, то часта здараюцца выпадкі вострага атручваньня і алькагалізацыі.

Парушэньне кантакту паміж пакаленьнямі

Як спэцыялістаў-герантолягаў нас ня можа не засмучаць тое, што празьмерны давер да сацыяльных сетак і іншых формаў дыстанцыйнага «электроннага» кантакту садзейнічае парушэньню ўзаемадзеяньня паміж пакаленьнямі.

Напрыклад, дзеці часта лічаць, што надаюць належную ўвагу самотным бацькам, якія жывуць на значнай аддаленасьці, бо амаль штодзень размаўляюць зь імі па скайпе ці адсылаюць фотаздымкі праз Instagram. У выніку скасоўваюцца традыцыйныя сямейныя сустрэчы ў бацькоў падчас вакацыяў, што зьніжае якасьць зносін, паглыбляючы ў бацькоў адчуваньне адзіноты.

Чалавек мае гаварыць з чалавекам

Мы жывем у час, калі колькасьць і якасьць чалавечых зносін з прычыны шырокага распаўсюджваньня іх электронных «аналягаў» зьніжаецца. Гэта вядзе да зьяўлення ў многіх людзей пачуцьця адзіноты і шэрагу зьвязаных зь ім праблем са здароўем.

Таму як лекары хацелі бы даць параду — не пераацэньвайце ў зносінах сацыяльныя сеткі і іншыя падобныя формы камунікацыі. Найлепшая сытуацыя, калі чалавек наўпрост размаўляе з жывым чалавекам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG