Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пераправу цераз Прыпяць паміж Жыткавічамі і Туравам закрылі цалкам


Пераправа паміж Жыткавічамі і Туравам, архіўнае фота
Пераправа паміж Жыткавічамі і Туравам, архіўнае фота

Праз маразы і паводку ў Жыткавіцкім раёне на няпэўны час цалкам закрылі пераправу цераз Прыпяць, паведамляе БелаПАН.

Пасьля закрыцьця моста з 10 сьнежня да 13 студзеня працаваў пантонны мост. Яго разьвялі, калі па рацэ паплыў рыхлы лёд — шарош. З таго часу людзей перавозілі на другі бераг катэрамі, транспарт ішоў у абʼезд.

Апошнімі днямі праз маразы ход шарашу ўзмацніўся, на Прыпяці паднялася вада, дарогу да пераправы затапіла.

У такіх умовах перапраўляць людзей небясьпечна, патлумачылі ў Міністэрстве надзвычайных сытуацый.

Буйная мясцовая гаспадарка «Тураўшчына» сваіх работнікаў з жыткавіцкага берагу адправіла ў адпачынак, бо ім няма як дабірацца на працу.

Атрымаць камэнтар у Жыткавіцкім райвыканкаме Радыё Свабода не ўдалося. У Тураўскім гарвыканкаме на пытаньне, як будзе вырашацца сытуацыя зь пераправай, адказаць адмовіліся.

Дарога ў абʼезд — 250 км

​7 сьнежня стала вядома, што ў Жыткавіцкім раёне паблізу вёскі Чэрнічы прасеў аўтамабільны мост праз раку Прыпяць. На ім зьявілася расколіна.

Мост пабудаваны ў 1985 годзе. Летась на ім зрабілі капітальны рамонт дарожнага пакрыцьця, канструкцыю пралётаў не чапалі.

Гэты мост зьвязвае зарэчную зону Жыткавіцкага раёну, Тураў, Столін, Лельчыцы з цэнтральнай Беларусьсю. Суседнія масты вельмі далёка: уніз па цячэньні Прыпяці — у Мазыры, уверх — ажно ў Пінску. Калі ехаць у абʼезд, дарога павялічыцца больш як на 250 км.

Пяцёрка аварыйных мастоў Беларусі. МАПА

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG