У Бабруйску абмежавалі рух вялікагрузаў на патэнцыйна аварыйным мосьце празь Бярэзіну, паведамляе БЕЛТА.
Мост складаецца з двух паралельных частак. У кірунку Магілёва вагу абмежавалі 25 тонамі, у сустрэчным кірунку — 15 тонамі.
Дэтальнае абсьледаваньне моста ў раёне «ФанДОКа» плянуюць у сакавіку.
У Бабруйску, паводле папярэдняй экспэртызы, патэнцыйна аварыйнымі названыя адразу два масты празь Бярэзіну. Так званы «нізавы» на выезьдзе па вуліцы Ўрыцкага — у больш здавальняючым стане, а вось «верхавы» на працягу Георгіеўскага праспэкту вымагае неадкладных захадаў, хоць і быў узьведзены пазьней за першы. У абодвух выпадках за аснову ўзяты савецкі праект, які сёньня на афіцыйным узроўні прызнаны «няўдалым».
«Фандокаўскі» мост у Бабруйску пачалі будаваць напрыканцы 1980-х гадоў, як працяг Георгіеўскага праспэкту, і адкрылі ў 2001 годзе.