У музэі Янкі Купалы адкрылася выстава аб сувязях песьняра і БНР.
У Дзяржаўным літаратурным музэі Янкі Купалы пры садзейнічаньні Нацыянальнага архіву Беларусі адкрылася выстава «Абуджаная жалейка», прысьвечаная «бээнэраўскаму» пэрыяду жыцьця і творчасьці клясыка.
Выстава паказвае пераломны час Першай сусьветнай вайны і распаду імпэрый, калі многія народы Эўропы, у тым ліку і беларусы, атрымалі магчымасьць рэалізаваць даўнюю мару пра дзяржаўнае адраджэньне.
Крытычны ўзровень нацыянальнай сьвядомасьці
Нагодай для выставы стаў соты юбілей цыклю патрыятычных вершаў Янкі Купалы 1918 году і 110-я гадавіна яго першага зборніка «Жалейка». У 1908 годзе гэтая кніжка гэта стала ня толькі гучным дэбютам маладога паэта, але і выразным пасланьнем аб існаваньні такой краіны, як Беларусь.
Праз 10 гадоў, увесну 1918-га, беларусы фактычна пацьвердзілі купалаўскае пасланьне, зрабіўшы рашучы крок да самастойнасьці, абвясьціўшы Беларускую Народную Рэспубліку.
Адзін з кансультантаў выставы «Абуджаная жалейка», кандыдат гістарычных навук Валянцін Мазец, адзначае, што Янка Купала ня быў староньнім назіральнікам лёсавызначальных палітычных працэсаў, яму сапраўды балела за радзіму.
«Безумоўна, ён адсочваў усе падзеі, яны ў тым ліку адлюстраваныя ў ягоным вершы «25.ІІІ.1918 — 25.ІІІ.1920. Гадаўшчына-памінкі», — гаворыць гісторык. — Пры гэтым Купала шкадуе, што, нягледзячы на абвяшчэньне БНР, незалежнасьці, па сутнасьці, не адбылося — шмат зь якіх прычынаў, як вонкавых, так і ўнутраных. Стаўленьне да тых працэсаў ён таксама апісвае ў сваёй публіцыстыцы 1919-1920 гадоў. Так, у адным з артыкулаў канстатуе: «Беларуская незалежнасьць як соль у вочы для суседзяў: яны гатовыя яе ўтапіць у лыжцы вады польскай ці расейскай незалежнасьці...»
Паводле музэйных супрацоўнікаў, Янка Купала, мяркуючы па ўсім, быў у Менску за год да прыняцьця ІІІ Устаўной граматы аб незалежнасьці БНР — 25-27 сакавіка 1917-га. Але няма дакладных зьвестак, ці браў ён удзел у знакамітым Усебеларускім зьезьдзе, які ў сьнежні таго ж году разагналі бальшавікі.
Затое вядома, што на пачатку 1918-га яго накіроўваюць служыць агентам забесьпячэньня ў Смаленск. Падчас вайны паэт амаль на тры гады ўзяў паўзу, але ў гэты час зноў пачынае актыўна пісаць — да канца 1918-га стварае звыш двух дзясяткаў патрыятычных вершаў. Першы зь іх — санэт «Для Бацькаўшчыны» — прасякнуты ўсё тымі ж ідэямі «Жалейкі». Гэта цыкль стаў аўтарскім асэнсаваньнем гістарычнага раздарожжа, на якім апынулася Беларусь, пошукам шляху, які дазволіць яе народу заняць «свой пачэсны пасад між народамі».
Пры гэтым, кажа Валянцін Мазец, Янка Купала выдатна разумеў: падманваць сябе залішнімі спадзяваньнямі наўрад ці выпадала — падмурак для паўнавартаснай незалежнасьці аказаўся занадта хісткі.
«Купала бачыў нізкую нацыянальную сьвядомасьць беларусаў, — працягвае ён. — У 1919 годзе піша: „Дзіўны мы народ. Увесь час спадзяёмся, што нехта прыйдзе і вырашыць нашы праблемы. Але той, хто прыходзіць, усё робіць толькі на сваю карысьць...“ Далей апісвае: пачалася вайна, нямецкая акупацыя. Іх зьмянілі палякі, прыйшлі бальшавікі. А беларус увесь час пазіраў ды чакаў: нехта наступны абавязкова дасьць свабоду. Ніякіх актыўных дзеяньняў, за выключэньнем невялікай групы палітычнай эліты, якая ўсьвядоміла неабходнасьць уласнай дзяржаўнасьці, маўклівая большасьць не рабіла. Гэткая рыса нацыянальнага характару: быць з краю і ў выпадку чаго прымкнуць да тых, хто перамог».
Паводле суразмоўцы, падобнае разьвіцьцё падзеяў мела сваё тлумачэньне: вайна выклікалі масавую эвакуацыю, тады як падкантрольныя царскаму камандаваньню тэрыторыя напаўнялася мабілізаванымі расейцамі.
«Спасылаюцца на тое, што на выбарах ва Ўстаноўчы сход у 1917-м прадстаўнікі беларускіх арганізацый атрымалі нізкія адсоткі, — кажа спадар Мазец. — А ці магло быць інакш? У выніку эвакуацыі 1 мільён 130 тысяч карэнных жыхароў апынулася па-за межамі Беларусі. У той жа час у 1917 годзе ў Менску ў вайсковых частках было 150 тысяч расейскіх вайскоўцаў і 134 тысячы цывільных. Вось і адказ, чаму ў Менскім савеце дамінавалі людзі ў пагонах — яны проста пераважалі над мірнымі грамадзянамі. Удзельная вага беларусаў у агульнай колькасьці вайсковага і цывільнага насельніцтва падчас выбараў у Менску складала 1,12%. Адкуль тая падтрымка?»
Ахвяраваньне палітыкай на карысьць творчасьці
У 1919 годзе, ужо падчас польскай акупацыі, у Менску працаваў Беларускі нацыянальны камітэт — каардынацыйны орган беларускага руху. Янка Купала быў намесьнікам старшыні камітэту пад кіраўніцтвам Алеся Гаруна, пра што сьведчыць адпаведнае пасьведчаньне.
Дакумэнты сьведчаць, што ў гэтым статусе ён неаднаразова езьдзіў у службовыя выправы ў Вільню ды іншыя гарады. Праўда, цалкам засяроджвацца на палітыцы не захацеў ці ня меў часу і ў хуткім часе стаў ганаровым чальцом.
Калі ў сярэдзіне 1920-га Менск перайшоў у рукі бальшавікоў, Янку Купалу прыгадалі яго нацыяналістычнае мінулае і пасадзілі пад хатні арышт. Рэабілітавалі толькі на наступны год.
Усе гэтыя ды іншыя дакумэнты ўпершыню максымальна прадстаўлены на выставе «Абуджаная жалейка». Паводле музэйнікаў, дэманструюцца факты тагачаснай рэчаіснасьці — палітычнай, сацыяльна-эканамічнай, культурнай, якія ядналі дзеячаў беларускага руху розных поглядаў. Наведаць выставу можна да 16 красавіка.