Узброеныя сілы Беларусі сёньня камплектуюцца з прызыўнікоў і кантрактнікаў. Аднак цалкам пераходзіць на кантрактную армію ў краіне не плянуюць. Пра гэта ў інтэрвію БЕЛТА расказаў міністар абароны Беларусі Андрэй Раўкоў.
«Зыходзячы з эканамічных магчымасьцяў дзяржавы з улікам абароннай дастатковасьці, патрэбы ў камплектаваньні Ўзброеных сіл асабовым складам па мабiлiзацыйным пляне і іншых асаблівасьцяў, характэрных для Беларусі, ня ставіцца задача на поўны пераход на кантрактную армію», — паведаміў Раўкоў.
Разам з тым, як адзначыў міністар, колькасьць службоўцаў-кантрактнікаў у беларускай арміі расьце. Сёньня колькасьць салдат і сяржантаў, якія праходзяць ваенную службу па кантракце, складае 20% (ў 2014 годзе — 16%, у 2015 годзе — 17%, ў 2016 годзе — 19%). Паводле Раўкова, павышэньне прафэсіяналізацыі Узброеных сіл за кошт павелічэньня колькасьці кантрактнікаў сёньня зьяўляецца аб’ектыўнай неабходнасьцю, бо «толькі прафэсіяналы могуць найбольш эфэктыўна выкарыстоўваць сучасныя ўзоры ўзбраеньня і ваеннай тэхнікі і падтрымліваць баявую гатоўнасьць на досыць высокім узроўні».
Разам з тым, адзначае міністар, сёньня некаторыя краіны сьвету вяртаюцца да прызыву на тэрміновую службу. Напрыклад, прызыў адноўлены ў Літве, Грузіі і Ўкраіне. У Швэцыі зь 1 студзеня 2018 году як жанчыны, так і мужчыны абавязкова павінны служыць у войску. Паводле апытаньня францускага сацыялягічнага агенцтва IFPOP, 81% мужчын і 79% жанчын ў Францыі падтрымліваюць аднаўленьне вайсковай службы па прызыву. Францускае грамадзтва бачыць у гэтым ахоўную меру супраць пагрозы радыкальнага ісламізму і абарону «рэспубліканскіх каштоўнасьцяў», лічыць Раўкоў.
У сувязі з апошнімі гучнымі выпадкамі дзедаўшчыны і гвалту ў войску актывісты ініцыявалі ў Беларусі кампанію «Не — дзедаўшчыне» з патрабаваньнем адстаўкі міністра абароны Андрэя Раўкова.