Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяць маці стаяць перад выбарам: аддаваць сыноў у войска ці «адмазваць»


У перадачы «Толькі жанчыны» гібель Аляксандра Коржыча і дзедаўшчыну ў войску Беларусі абмяркоўваюць маці хлопцаў дапрызыўнага ўзросту.

Ці трэба спрабаваць любымі спосабамі вызваляць сваіх сыноў ад службы ў войску? Ад якога войска ня трэба «касіць»? Якія рэформы патрэбныя войску Беларусі найперш? Дыскутуюць экс-кандыдатка на прэзыдэнта Тацяна Караткевіч, экспэртка па разьвіцьці бізнэсу Крысьціна Вітушка, прадпрымальніца, грамадзянка Ўкраіны, якая жыве ў Беларусі, Ірына Федарчук, жонка вайскоўца Натальля Альхова і Вальжына Шутава, маці двух сыноў, адзін зь якіх зьехаў ва Ўкраіну, каб пазьбегнуць прызыву.

Караткевіч: «Не гатовая казаць, што буду накіроўваць у такую армію свайго сына»

Ганна Соўсь: 3 кастрычніка цела салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча знайшлі ў падвале вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Паводле праверкі, якую правялі ў вайсковай частцы, прычынай сьмерці салдата нібыта стаў суіцыд. Але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фотаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў. Справа атрымала вялікі розгалас у грамадзтве. Вы ўсе маеце сыноў, якіх могуць прызваць у войска. Тацяна, як вы ставіліся б да службы ў войску вашага сына, да гібелі Аляксандра Коржыча і як ставіцеся цяпер?

Тацяна Караткевіч
Тацяна Караткевіч

Тацяна Караткевіч: Я лічу, што важна пагаварыць на гэтую тэму. Да гэтых выпадкаў да войска я ставілася вельмі спакойна. Я арыентую свайго сына на тое, каб ён імкнуўся да самарэалізацыі. Калі ісьці такімі крокамі як унівэрсытэт, магістратура, то нейкім чынам праходзіш міма арміі. Таму я не лічыла гэта праблемай, што мне трэба мабілізавацца і думаць, як пазьбегнуць яе. Пры тым, што ўсё часьцей казалі, што і выпадкаў «дзедаўшчыны» няма, і ў прынцыпе няма ў гэтым ніякага сэнсу і г.д. Але ў сувязі з гэтымі выпадкамі, я хачу сказаць адназначна, што я не гатовая сёньня казаць пра тое, што буду накіроўваць у такую армію свайго сына. Таму што нам патрэбная рэфармаваная армія, у якой грамадзяне сваёй краіне давяраюць, якая ня толькі абараняе краіну, але і захоўвае сем’і, салдатаў, нашых сыноў.

Крысьціна Вітушка: «Такога войска ў такім стане, чыста матэрыяльна, побытава, не было нават пасьля вайны»

Крысьціна Вітушка
Крысьціна Вітушка

Крысьціна Вітушка: Я ня мела ілюзій пра войска ніколі. Адразу скажу, што я дачка вайскоўца, і жыцьцё ў гарнізонах — гэта маё жыцьцё. З аднаго боку, гісторыя Беларусі і ступень добразычлівасьці суседзяў вымагаюць ад нас без варыянтаў, каб войска было, і было баяздольнае войска. І каму яшчэ служыць у войску, як не маладым, здольным, актыўным здаровым юнакам? А мы, безумоўна, гадуем сваіх сыноў, каб яны былі актыўныя і здаровыя, адказныя і патрыятычныя. Прырода мужчын такая, што пераадоленьне, дужаньне, гульня ў вайнушку ім патрэбныя. І лепш пад кіраўніцтвам сталых дасьведчаных мудрых камандзіраў гэта адбудзецца ў свой час, чым у выглядзе нейкіх боек па закутках «раён на раён».

Нават элітныя войскі сёньня знаходзяцца ў вартым жалю стане, у гарнізонах можа адначасова ня быць вады, сьвятла, газу.

Але ў Беларусі войска разам з адукацыяй ператварылася ў суцэльную прафанацыю. Надаецца ўвага выключна імітацыі парадку, форме і падпарадкаваньню з ідэалёгіяй. Супрацьпаветраная абарона, у якой у свой час служыў мой бацька, заўсёды была элітай, і салдаты падчас службы заўсёды знаёміліся з найсучасьнейшым абсталяваньнем, атрымлівалі новую спэцыяльнасьць і ўмацоўваліся інтэлектуальна. Нават гэтыя элітныя войскі сёньня знаходзяцца ў вартым жалю стане, у гарнізонах можа адначасова ня быць вады, сьвятла, газу, працякаць дахі, таму што будынкі, у якіх жывуць афіцэры, не стаяць на балянсе нідзе. Што казаць пра тое, у якім стане знаходзяцца казармы, што салдаты з элітных частак могуць ня мець рэгулярна лазьні, могуць ня мець элемэнтарных побытавых умоваў.

Такога войска ў такім стане, мне здаецца, чыста матэрыяльна, побытава, не было нават пасьля вайны, а ўжо калі казаць пра нейкую павагу, пра мараль, пачуцьцё ўласнай годнасьці, так нізка войска не апускалі ніколі. І гэта зрабілі ня ворагі, не чужыя людзі — гэта зроблена ўласнаручна. Ад такога войска любыя ворагі, калі прыйдуць, безумоўна памруць, але памруць ад сьмеху.

Натальля Альхова: «Нічога страшнага сходзіш, паслужыш, зь цябе зробяць мужчыну. Так думала раней»

Ганна Соўсь: Натальля, ваш муж — лётчык, гэта вайсковая эліта, можна сказаць. Вы лепей ведаеце сытуацыю ў войску знутры. Ці пагодзіцеся вы з меркаваньнем Крысьціны? Наколькі ўзрушыла гэтая гучная справа вайсковы асяродак?

Натальля Альхова
Натальля Альхова

Натальля Альхова: На жаль, я не магу сказаць, наколькі гэта ўзрушыла вайсковы асяродак, таму што мой муж ужо 20 гадоў ня служыць, лётчыкі выходзяць на пэнсію рана. Магу сказаць пра ягонае стаўленье да гэтай праблемы. Вырашыць яе можна толькі рэфармаваньнем арміі ў двух кірунках. Той, які ляжыць на паверхі, — зрабіць армію кантрактнай. Туды павінны ісьці людзі, якія ўсьведамляюць, куды яны ідуць і чаго яны хочуць ад арміі. Іншая праблема, празь якую яшчэ ўзьнікае гэтая «дзедаўшчына», і зноў-такі, як можна хаця б на першых парах нівеляваць праблему — не ставіць прызыўнікоў рознага часу набору ў адно падразьдзяленьне. Як толькі ў адным месцы, у адной казарме зьбіраюцца хлопцы, адслужыўшы год, паўгода і толькі што прызваныя, нейкія праявы «дзедаўшчыны» будуць абавязкова.

Ганна Соўсь: Натальля, ваш сын вучыцца ў 8-й клясе. Калі яго прызавуць у войска, ці будзеце вы спрабаваць нешта зрабіць, каб гэтага не адбылося?

Нічога страшнага — сходзіш, паслужыш, зь цябе зробяць мужчыну, усё нармальна

Натальля Альхова: Мой погляд на гэта супадае з тым, што сказала Тацяна. Калі раней я таксама баялася арміі, тым больш пра Печы пагалоска і ў маім дзяцінстве была вельмі дрэнная, то за часы незалежнасьці ў арміі стала больш-менш неяк наладжвацца, я зусім спакойна адносілася да гэтай думкі, і нават ведаючы, што сын па здароўю мог бы быць не прызваны, я ўсё роўна яго вельмі спакойна на гэта арыентавала. Нічога страшнага, сходзіш, паслужыш, зь цябе зробяць мужыка, усё нармальна. Пасьля гэтага выпадку сапраўды я інакш эмацыйна гляджу на тое, што здарылася і тое, што адбываецца там. З аднаго боку, я разумею, што армія ў дзяржавы павінна быць. Баяздольная. Але калі там адбываюцца такія рэчы, калі хлопцы, прыходзячы туды, пазбаўленыя абсалютна ўсялякіх чалавечых правоў, што там сытуацыя бывае нават горш, чым на зоне, канешне, я буду прыкладаць намаганьні, каб ён не патрапіў у такую армію. Калі за вось гэтыя 5 год, што яму засталося да прызыву, нічога не зьменіцца, то натуральна я буду прыкладаць усе намаганьні.

Вальжына Шутава: «Там проста цябе выкарыстоўваюць, як пятрушку, і ты выходзіш адтуль праз паўтара года дэградаваным цалкам»

Ганна Соўсь: Хачу прывесьці прыклад, які не зусім пасуе да нашай сытуацыі, але ў пэўным сэнсе ілюструе настроі бацькоў. У мяне ёсьць знаёмыя, якія даўно зьехалі зь Беларусі ў Ізраіль, у іх два сыны. Яны вельмі не хацелі, каб тыя ішлі ў войска. Хоць ізраільскае войска вельмі прафэсійнае, але могуць быць канфлікты с палестынцамі. У выніку яны проста пакінулі Ізраіль, зьмянілі месца жыхарства дзеля таго, каб сыны не ішлі ў войска. Вальжына, у вас два сыны, адзін зь іх часова зьехаў з краіны, каб пазьбегнуць прызыву. Як мянялася вашае стаўленьне як маці да службы сыноў у войску? Ці падтрымлівалі вы ад’езд сына і як глядзіце на гэта цяпер?

Вальжына Шутава
Вальжына Шутава

Вальжына Шутава: Сын год таму паведаміў, што яго прызнаюць годным да войска, нягледзячы на стан здароўя, бо на ўсе даведкі ад незалежных дактароў у спэцыяльнай паліклініцы ад ваенкамату яму ў твар сказалі, што нам начхаць на твае паперкі, можаш іх выкінуць у сьметніцу. Там правялі сваё дасьледаваньне, па выніку якога сын аказаўся абсалютна здаровым. Дык вось, калі зразумеў, што яго прызываюць, ён сказаў мне: «Я зьяжджаю, не хачу траціць сваё жыцьцё на гэтых ілгуноў і праныр». Ён меў на ўвазе тое, як яны ставяцца да дасьледаваньняў сапраўднага здароўя прызыўнікоў.

Мая рэакцыя на яго ад’езд была нярадаснай, бо я разумела, што 7 гадоў у эміграцыі — гэта ня цукар. Плюс на той момант мне здавалася, што адслужыць паўтара года і забыць — гэта найменшая кроў, чым уцёкі ў нелегальнае жыцьцё на чужыне 7 гадоў. Плюс на той момант я жыла ў краіне, напэўна, ружовых поні, і таксама лічыла, што наша войска больш-менш спакойнае, і што «дзедаўшчына» — гэта не пра нас, што яна засталася толькі ў страшнай Расеі. У сына некалькі сяброў на той момант ужо адслужылі, ці служылі, і ён мне сказаў на маё «можа, адслужым, сынок»: «Калі б я ведаў, што мяне ў войску навучаць забіваць, выжываць, абараняць, я б пайшоў, мама, але там гэтаму, павер, ня вучаць — там проста цябе выкарыстоўваюць, як пятрушку, і ты выходзіш адтуль праз паўтара года дэградаваным цалкам, не даведаўшыся для сябе нічога новага і карыснага». Пасьля таго моманту, як ён зьехаў, я ў глыбіні душы (гэтага яму, вядома, не казала) моцна на яго злавалася, але пасьля апошніх трагічных падзеяў я рада, што ён так зрабіў.

Ірына Федарчук: «​Для для маіх сыноў служба ва ўзброеных сілах Украіны — гэта адвага, гонар, мужнасьць»

Ганна Соўсь: Ірына, вы родам зь Львову. Ірына, двое вашых сыноў — грамадзяне Ўкраіны, на ўсходняй тэрыторыі якой цяпер ідзе вайна. Яны маюць служыць ва ўкраінскім войску. Ці пойдуць? Ці маеце вы як маці засьцярогі?

Ірына Федарчук
Ірына Федарчук

Ірына Федарчук: Так, зараз Украіна перажывае дужа нялёгкія часы. І словы пра абарону Айчыны сёньня набылі вельмі важкі зьмест. Для многіх маладых людзей, і для маіх сыноў служба ва ўзброеных сілах Украіны — гэта адвага, гонар, мужнасьць. Гэта мужчынскі ўчынак. Сяргей — студэнт 4-га курсу, навучаецца на вайсковай катэдры. Па заканчэньні гэтай катэдры прыме прысягу і атрымае вайсковае званьне малодшага лейтэнанта. Ва ўзброеных сілах будзе служыць як афіцэр. Андрэю толькі 16, ягоны шлях яшчэ наперадзе.

Як маці рыхтавацца да службы сына

Ганна Соўсь: Я хацела бы працытаваць пост з фэйсбуку журналісткі Тацяны Каліноўскай: «Прыгадала, як білася з ваенкаматам за ўласнага сына. Можа, і сёньня нейкая маці задумаецца, а ці варта пасылаць сына ў войска, якое больш падобнае на зону? Вось некалькі маіх, так бы мовіць, лайфхакаў. Рыхтуйцеся да сустрэчы з ваенкаматам зь першага дня, як у вас нарадзіўся сын. Фіксуйце ў мэдкарце ўсе яго хваробы і траўмы. Не выпускайце мэдкарту з рук, пасьля пераводу ў дарослую паліклініку забярыце з сабой. Падчас усіх паходаў сына ў ваенкамат старайцеся быць зь ім або побач. Хай бяз вас нічога не падпісвае. Уважліва вывучайце дакумэнты, якія тычацца прызыву. Райцеся зь іншымі мамамі, у якіх тая ж задача». Ці вы падтрымліваеце заклік Тацяны? Ці трэба праўдамі і няпраўдамі, любымі спосабамі, нават ад’ездам з краіны вызваляць вашых дзяцей з войска?

Я вельмі ўзрушаная тым, як адрэагавала Міністэрства абароны ў першыя дні.

Тацяна Караткевіч: Я бачу, што ўсе ўдзельніцы ў прынцыпе згодныя, што армія, безумоўна, нам патрэбная і мае быць рэфармаваная. Я ведаю, што за псыхалягічным станам вайскоўцаў сочаць так званыя афіцэры-псыхолягі. Я маю на сёньняшні дзень адукацыю псыхоляга. Я думала, сапраўды, што можа мяне пераканаць у тым, што я магу свабодна аддаць сваё дзіця ў войска, і пры гэтым яшчэ людзям, якія побач, сказаць: «Ня бойцеся, можна ісьці ў армію, нічога страшнага не адбудзецца». Так, загартоўка; так, яны навучацца чамусьці вартаму ў абароне краіны, атрымаюць нейкія новыя прафэсійныя веды, навыкі і бачаньне, але я ня ведаю, што сёньня трэба зрабіць, каб у кароткі тэрмін можна было вярнуць гэты давер, які яны страцілі. Вось пра сябе я падумала, што, калі б я папрацавала псыхолягам у арміі год, я б магла сказаць, што так, вось цяпер можна. Сёньня я, вядома, такога сказаць не магу.

Я вельмі ўзрушаная тым, як адрэагавала Міністэрства абароны ў першыя дні. Яны яскрава паказалі, што хочуць утаіць гэтую сытуацыю, паказаць, што гэта проста шараговая сытуацыя, нівэляваць гэтую праблему, замаўчаць, праігнараваць, хоць на самай справе іх рэакцыя павінна быць вельмі адкрытай, вельмі жорсткай, і міністар абароны павінен быў выбачыцца і перад сям’ёй Аляксандра, маці, перад тымі, хто раней пацярпеў. Мы ведаем, што ў армію бяруць здаровых хлапцоў. А зь яе яны выходзіць салдатамі, з адчуваньнем таго, што яны могуць абараніць краіну. А ў нашым выпадку з арміі нават матываваныя маладыя людзі, які хочуць сапраўды ад пачатку ў войска, вяртаюцца з рубцом на сваёй душы.

«Я супраць таго, каб дзеці „касілі“ ад войска — такім чынам мы таксама вучым хлусіць»

Ганна Соўсь: Пра тое, што ў войску Беларусі існуе «дзедаўшчына», вядома, як выглядае, даўно і даволі шырока. Але цяпер гэтая тэма «выбухнула» у тым ліку і дзякуючы адкрытасьці сямʼі загінулага, намаганьням ягонай маці, якая захацела, каб пра трагедыю сына ведала ўся краіна, каб яна не паўтарылася. У ЗША існуе асацыяцыя маці, чые дзеці загінулі ад пʼяных кіроўцаў. Дзякуючы дзейнасьці гэтай ініцыятывы былі зьмененыя законы ў ЗША і стала значна больш жорсткім пакараньне за кіраваньне ў стане алькагольнага апʼяненьня, у выніку такіх трагедый стала меней. Крысьціна, як вы лічыце, ці ёсьць шанец у Беларусі дзякуючы намаганьням пацярпелых, грамадзкіх актывістаў, палітыкаў, неабыякавых людзей зьмяніць стан рэчаў у войску?

Крысьціна Вітушка: Я думаю, што гэта адзіны шлях для нашага войска. Актыўная пазыцыя ўсяго грамадзтва, актыўны татальны грамадзкі кантроль за ўсім, што адбываецца там. Мы павінны глядзець не на парады, а на тое, як выглядаюць казармы. Не генэральскія мундзіры разглядаць, а тое, у якім стане знаходзяцца санчасткі, чапок, дзе салдаты мыюцца, дзе адбываецца іх фізычная падрыхтоўка. Трэба ведаць, што ў войску пазакрывалі вайсковыя клюбы, што адсутнічае вольны час акрамя ідэалягічнай падрыхтоўкі.

Мы павінны глядзець не на парады, а на тое, як выглядаюць казармы.

Безумоўна, найбольш балюча на такія жудасныя выпадкі рэагуюць мамы. Але я лічу, што сваё актыўнае слова павінны сказаць таты. Гэта мужыкі павінныя прыяжджаць, глядзець у вочы гэтым афіцэрам, размаўляць зь імі пра тое, што гэта мой сын і ёсьць мяжа дазволенага, ёсьць пытаньне гонару, і тут ужо ня справа ў тым, хто якое званьне мае, а сапраўды ў тым, ці ты мужык, ці можаш ты дазволіць такое абыходжаньне са сваім сынам, ці будзеш казаць сыну «цярпі і будзеш хлусіць». Я супраць таго, каб дзеці «касілі» ад войска — такім чынам мы таксама вучым хлусіць. Хацелася б сапраўды гадаваць моцных, патрыятычных юнакоў, і хацелася, каб войска іх надалей мацавала, а не нявечыла.

Вальжына Шутава: Мне хочацца верыць, што можна штосьці зьмяніць, і што мы зможам гэта зрабіць, на нешта паўплываць. Але я разумею, што пры цяперашняй уладзе, каторай нецікава прыкладаць намаганьні для ліквідацыі зонаўскіх парадкаў у войску, нам гэта будзе вельмі і вельмі складана. І я згодна з Крысьцінай, што ўсё ж такі з рук маці таты павінны ўзяць кантроль і прыезд да сваіх дзяцей у войска.

«Ва ўмовах рэальных баявых дзеяньняў пра „дзедаўшчыну“ гаворкі не вядзецца»

Ганна Соўсь: Ірына, як ва Ўкраіне грамадзтва рэагуе на выпадкі «дзедаўшчыны»? Ці стан вайны зьмяніў атмасфэру ў войску?

Ірына Федарчук: Такія трагічныя падзеі мелі месца і ва Ўкраіне. Магчыма, я ня так за імі сачыла, але былі, выклікалі вялікі ўсеагульны рэзананс. Людзі абураліся такім станам справаў і былі патрабаваньні зьмяніць нешта ў арміі. Але падзеі апошніх трох гадоў зьмянілі ўсю сытуацыю. Ва ўмовах рэальных баявых дзеяньняў пра «дзедаўшчыну» гаворкі не вядзецца. Тут на першы плян іншыя выходзяць праблемы. Вайна зьмяняе чалавека назаўжды. І ня кожны службовец можа вытрымаць такое псыхалягічнае напружаньне. Разлука, боль, сьмерць — тут і зусім іншыя адносіны да сваіх таварышаў. Адчуваеш іхнюю падтрымку, разумееш, што сваё жыцьцё і здароўе давяраеш ім, а яны давяраюць табе. Пра «дзедаўшчыну» зараз не гавораць. Гэта свайго роду сям’я. Але што я магу сказаць пра тыя падзеі, якія былі ў Беларусі, я шчыра спадзяюся, што не такой страшнай цаной «дзедаўшчыну» у Беларусі перамогуць. Усё-такі яе трэба перамагаць шляхам рэформаў, прыцягненьня грамадзкасьці, галоснасьці, зьменаў у заканадаўстве — усё-такі не крывёй. Спадзяюся, што гэта выправіцца.

У якое войска вы бы аддалі свайго сына? У музычную роту

Ганна Соўсь: Цяпер у сеціве адбываецца флэшмоб кшталту #янебаюсясказаць, але гэта тычыцца мужчын, якія прайшлі праз «дзедаўшчыну» ў войску, якія раней замоўчвалі гэта, але цяпер гавораць. Гэтыя рэчы таксама ўплываюць на зьмены, якія могуць адбыцца. Натальля, якое ваша меркаваньне? Крысьціна кажа, ня трэба, каб людзі «касілі» ад службы ў войску. А што трэба зрабіць, каб моладзь імкнулася служыць, каб маладыя людзі хацелі быць прафэсійнымі вайскоўцамі?

Армія павінна быць баяздольнай, але ў дадзенай сытуацыі — ну што, адпраўляць дзяцей на тое, каб іх калечылі?

Натальля Альхова: Я думаю, што пакуль у нас існуе такая дзяржаўная сыстэма як зараз, нічога зьменена не будзе. Таму што гэта праблема ня толькі войску — гэта праблема дзяржавы ў цэлым. Кожны чалавек — грамадзянін нашай краіны, мы безабаронныя перад сыстэмай. Паглядзіце, выпадак з Данатам. Проста школьнік, які патрапіў незразумела ў якую сытуацыю. Чаму супраць яго была сфабрыкаваная гэтая справа — незразумела, і дабіцца праўды бацькі не могуць. Тое ж самае адбывалася і з салдатамі, якія нібыта скончылі самагубствам. За паўгода да апошняга выпадку быў яшчэ адзін хлопец у тых жа Печах, справу якога нядаўна закрылі. Там таксама бацькі нічога не дабіліся. Гэта сыстэма. Пакуль сыстэма не будзе зьмененая, на жаль, нічога не будзе. Я пакуль выйсьця не бачу. Я падтрымліваю меркаваньне Крысьціны, што нельга «касіць» ад арміі. Армія павінна быць баяздольнай, але ў дадзенай сытуацыі — ну што, адпраўляць дзяцей на тое, каб іх калечылі?

Ганна Соўсь: Натальля, а ў якое войска вы бы аддалі свайго сына?

Натальля Альхова: У музычную роту. Спадзяюся, там самыя лагодныя адносіны.

Ганна Соўсь: А як вы ўяўляеце сабе тое войска, каб вы не баяліся за здароўе сына, жыцьцё, псыхічны стан?

Натальля Альхова: Баюся, што ўсе астатнія варыянты гэта тое ж самае. Гэта зьдзек з асобы чалавека.

Якія рэформы патрэбныя найперш

Ганна Соўсь: Тацяна, вашаму сыну цяпер 14 гадоў. У якое войска вы б аддалі свайго сына?

Тацяна Караткевіч: Я спадзяюся, што той розгалас, які гэтая праблема сёньня набыла ў грамадзтве, дапаможа нам прасунуць рэформы ў войску, якія, відавочна, патрэбныя. Мы зараз сабралі грамадзкую ваенную камісію, у якую ўвайшлі былыя вайскоўцы, экспэрты, і зьбіраем прапановы, якія мы будзем перадаваць на сустрэчы з міністрам абароны. І там на сёньняшні момант ёсьць шмат прапановаў, адна зь іх, што Мінабароны павінна ўсё ж такі іншую інфармацыйную палітыку весьці, больш адкрытую, і паказаць, што яны гатовыя супрацоўнічаць з грамадзкай супольнасьцю. Я маю на ўвазе і камітэт салдацкіх маці, і праваабаронцаў, і прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацый, якія зацікаўленыя ў гэтай тэме.

Можна скараціць тэрмін да 9 месяцаў — гэта таксама скарачае магчымасьць «дзедаўшчыны».

Патрэбны такі чалавек як амбудсмэн, да якога можна зьвярнуцца — напісаць ліст, патэлефанаваць ці штосьці такое. Канешне, праблема «дзедаўшчыны» — гэта сыстэмная праблема, і тут можна ў розных накірунках рухацца, і ў накірунку больш жорсткага выкананьня і пакараньня афіцэраў за тое, што яны парушаюць правілы ўнутранага парадку, і проста павінна быць сыстэмнае вырашэньне ўнутры, маю на ўвазе кіраўніцкае рашэньне. Ёсьць таксама такія простыя прапановы пра тое, што камандзірамі ў такіх ротах павінныя быць толькі кантрактнікі, якія не зацікаўленыя, якія будуць гэтай «дзедаўшчыне» супрацьстаяць.

Канешне, патрэбна задумацца пра тое, якое нам патрэбна войска, што можна скараціць тэрмін да 9 месяцаў — гэта таксама скарачае магчымасьць «дзедаўшчыны». Дні ў арміі павінныя быць насычаныя новымі ведамі ў сфэры менавіта ваеннай абароны, у розных накірунках, каб салдаты, нашы хлопцы сапраўды атрымалі нейкія прафэсійныя веды, навыкі, уменьні. Пры чым я таксама прыхільніца таго, каб і дзяўчыны нейкі тэрмін праслужылі і маглі навучыцца. І прапанова, якая магла б зрабіць бацькоў больш спакойнымі — каб салдат мог на выходныя вяртацца дадому. Там на выходных ён можа і абмеркаваць нейкія праблемы, і атрымаць падтрымку з боку сваякоў, бацькоў, сяброў. Калі раптам ён стаміўся, таму што мы ведаем, што фізычная нагрузка ў арміі вялікая, патрэбна падтрымка. Гэта магчымасьць пастаяннага кантакту з сям’ёй і сваякамі. Я запрашаю ўсіх да таго, каб мы сёньня зараз не спыняліся актыўна выказваць, якія перамены нам патрэбныя ў арміі, каб да яе быў давер і мы маглі туды накіроўваць сваіх сыноў.

«Калі пачнецца вайна з Расеяй, я сам прыеду і буду ваяваць»

Ганна Соўсь: Вальжына, ваш малодшы сын цяпер вучыцца ва ўнівэрсытэце, але таксама можа быць прызваны ў войска. У якое войска вы б яго аддалі? Ці зараз вы ўжо абмяркоўваеце, што адбудзецца?

Беганьне ў процівагазе і навядзеньне парадку гэтаму ня вучыць.

Вальжына Шутава: Пакуль яшчэ не абмяркоўваем, бо вельмі хваравітае пытаньне, немагчыма ў такім стане стрэсавым абмяркоўваць такія сытуацыі, зробім гэта крышку пазьней. Мае сыны пайшлі б у такое войска, якое б вучыла іх абараняць краіну і людзей. Беганьне ў процівагазе і навядзеньне парадку гэтаму ня вучыць. У такое войска, дзе вучаць забіваць ворага, як бы гэта не гучала непрыемна, як выжываць у ваенных умовах, як аказваць першую мэдычную дапамогу. То бок ты выходзіш з гэтага войску, і ты проста скарб — ты ведаеш усё. Ты выжывеш у любой вайне і апакаліпсісе. Войска, дзе салдата ўспрымаюць як каштоўнасьць і афіцэры разумеюць, што ад якасьці гэтых салдат залежыць жыцьцё ня толькі іншых людзей, але магчыма і блізкіх гэтых афіцэраў. У такое войска мае б дзеці пайшлі калі ня з радасьцю, то спакойна. Хачу дадаць, што калі я сказала сыну, што ты разумееш, што калі пачнецца вайна з Расеяй, то ты сюды ўжо ня зможаш прыехаць, бо перакрыюць межы. І ён адказаў мне, што калі пачнецца вайна з Расеяй, я сам прыеду і буду ваяваць. То бок нашы дзеці не маміны сынкі. Яны ня бегаюць ад таго, што яны нейкія «рохлі», яны проста ня хочуць удзельнічаць у гэтай ганебнасьці і бессэнсоўнасьці пад назвай «сучаснае беларускае войска».

Крысьціна Вітушка: Найперш гэта павінна быць сапраўднае беларускае войска, а ня войска, якое глядзіць назад, марыць вярнуць савецкі час і марыць зьняць свае беларускія пагоны і пайсьці служыць да суседзяў, бо там плацяць больш, бо там пэнсія лепш, і там умовы побыту лепш. Войска, дзе думаюць найперш пра інтарэсы беларускай дзяржавы. Войска, якое паважаюць, а не прыніжаюць. Войска, у якім не пустыя словы «гонар афіцэра», войска высокатэхналягічнае і адкрытае для грамадзтва. У тым жа Ізраілі мамы маюць магчымасьці прыехаць да сваіх сыноў нават, калі вядуцца баявыя дзеяньні, а там, як вядома, яны вядуцца пастаянна, і ніхто з гэтага не сьмяецца. Гэта гонар салдата, што ён мае клопат сваёй маці. І безумоўна, войска, задачы якога спрыяць міру, а не шукаць ворагаў.

Ганна Соўсь: Ірына, вы казалі, што для вашых сыноў, для большасьці ўкраінскіх хлопцаў пайсьці ў войска — гонар. Якія рэформы, як вы мяркуеце, патрэбныя і ўкраінскаму, і беларускаму войску, каб такіх выпадкаў, як у Печах, не было?

Ірына Федарчук: Як паказалі сёньняшнія падзеі, на маю думку, павінен быць створаны інстытут псыхолягаў. У нас зараз, ва ўкраінскай і ў беларускай арміі, у прынцыпе шаблён яшчэ савецкіх часоў. Абавязаны — і ўсё тут, ніхто не цікавіўся, псыхалягічным станам служачага. Людзі ж розныя бываюць. Я лічу, што гэта дужа дапамагло б, калі б служачых назіралі псыхолягі, каб рабілі высновы, праводзілі з імі размовы, паведамлялі бацькам пра стан чалавека, мажліва, тады можна было б неяк палепшыць службу людзям, якім цяжка. Акрамя таго магчыма рэформы маглі б датычыцца адлучэньня службоўца з яго асноўнага месца службы з мэтай паездкі наведаньня родных. Маладыя людзі кахаюць, яны хочуць бачыць сваю дзяўчыну, сваіх бацькоў і сяброў. Магчыма вось гэта дапамагло б.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG