Беларуская каманда біятляністак сёньня пазмагаецца за алімпійскія мэдалі ў эстафэце 4 на 6.
За тры дні да заканчэньня Алімпійскіх гульняў у Пхёнчхане зборная Беларусі займае 15-е месца ў агульнакамандным мэдальным заліку — пасярэдзіне з трох дзясяткаў краінаў, чые прадстаўнікі станавіліся чэмпіёнамі і прызэрамі зімовых Гульняў-2018.
16 лютага золата ў лыжнай акрабатыцы здабыла фрыстайлістка Ганна Гуськова, на наступны дзень у мас-старце другой фінішавала Дар’я Домрачава.
Хто такая Ганна Гуськова, якая прынесла Беларусі першы мэдаль на Алімпіядзе ў Пхёнчхане
Сёньня апошні рэальны шанец папоўніць калекцыю мэдалёў.
У чацьвер беларускія спартоўцы возьмуць удзел у двух відах праграмы. Калі на гарналыжніка Юрыя Данілачкіна спадзеў хіба гіпатэтычны, то жаночая эстафэта біятляністак дае падставы чакаць большага.
Беларуская чацьвёрка стартуе ў наступным парадку: Надзея Скардзіна, Ірына Крыўко, Дзінара Алімбекава, Дар’я Домрачава. Пры дакладнай стральбе мэдальныя шанцы можна расцэньваць як някепскія. Пачатак а 14.15.
Фаварытамі гонкі адмыслоўцы называюць Нямеччыну і Францыю. Беларусь разам зь вялікай групай камандаў прэтэндуе на трэцюю пазыцыю. Галоўнымі канкурэнткамі ў барацьбе за п’едэстал будуць італьянкі, швэдкі, украінкі.
Сёньня з Паўднёвай Карэі ў Беларусь вяртаюцца фрыстайлісты, у іх ліку і чэмпіёнка Пхёнчхану Ганна Гуськова. Пачынаючы ад 1998 году, выхаванцы галоўнага трэнэра Мікалая Казекі стабільна здабываюць узнагароды, прычым тры апошнія Алімпіяды гэта мэдалі найвышэйшай вартасьці.