Апошні алімпійскі тыдзень зімовых Гульняў-2018 у Паўднёвай Карэі абыходзіцца безь сюрпрызаў для беларускіх заўзятараў.
Напярэдадні завяршыліся спаборніцтвы канькабежцаў на паўкілямэтровай дыстанцыі. Адзіны прадстаўнік Беларусі Ігнат Галавацюк фінішаваў на 22-й пазыцыі, усяго стартавалі 36 спартоўцаў.
Такім чынам, у актыве беларускай зборнай па-ранейшаму два мэдалі: золата ў фрыстайле заваявала Ганна Гуськова, у біятлённым мас-старце срэбную ўзнагароду здабыла Дар’я Домрачава. Гэта дазваляе займаць месца ў сярэдзіне мэдальнай табліцы — Беларусь 15-я з трох дзясяткаў краінаў, прадстаўнікі якіх уздымаліся на п’едэстал.
20 лютага беларусы будуць удзельнічаць толькі ў адной мэдальнай дысцыпліне — зьмяшанай эстафэце ў біятлёне. А 14.15 старт дасьць Надзея Скардзіна, пасьля яе на лыжню выйдуць Дар’я Домрачава, Сяргей Бачарнікаў і Ўладзімер Чапелін. І калі жаночая палова яшчэ здольная паказаць добры вынік, то пра мужчынскую падобнае наўрад ці скажаш.
22 і 23 лютага біятляністы правядуць заключныя забегі — эстафэтныя спаборніцтвы ў жанчын і мужчын адпаведна.
Тым часам сваякі адзінай беларускай алімпійскай чэмпіёнкі Пхёнчхану Ганны Гуськовай у размове з Радыё Свабода выказалі надзею, што залатая ўзнагарода здолее вырашыць асноўную праблему сям’і — жыльлёвую: дзяўчына шмат гадоў жыве ў адным пакойчыку разам з маці і айчымам.