Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі адкрылі першую бакаляўрскую праграму, дзе будуць вывучаць крыптавалюты і блокчэйн


Гомельскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Францішка Скарыны адкрыў новую адукацыйную праграму «Эканамічная інфарматыка», на якой будуць рыхтаваць спэцыялістаў па блокчэйне і крыптавалютах, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на прарэктара ВНУ Андрэя Крука.

Спэцыяльнасьць «Эканамічная інфарматыка» стане першай у Беларусі праграмай, дзе будуць рыхтаваць спэцыялістаў па блокчэйне і крыптавалютах на базе вышэйшай адукацыі.

Курс навучаньня разьлічаны на 4 гады. Будуць платныя і бюджэтныя месцы.

«У праграму курсу ўключана ў тым ліку вывучэньне тэхналёгіі блокчэйн, апэрацый з крыптавалютамі», — сказаў Андрэй Крук.

Унівэрсытэт будзе рыхтаваць спэцыялістаў для кампаній-рэзыдэнтаў Парку высокіх тэхналёгій, Гомельскага тэхнапарку і іншых кампаній.

Таксама 8 лютага стала вядома, што праграма павышэньня кваліфікацыі «Прававыя і эканамічныя аспэкты працы з крыптавалютай і блокчэйн-праектамі» адкрылася ў Міжнародным унівэрсытэце МІТСО.

Як паведаміла Радыё Свабода намесьніца дырэктара Інстытуту павышэньня кваліфікацыі і падрыхтоўкі кадраў МІТСО Марына Ардынская, на гэтую праграму ўжо пададзена некалькі карпаратыўных заявак ад дзяржаўных структур, зь імі вядуцца перамовы.

Пачатак заняткаў — 26 сакавіка. Адукацыйная праграма разьлічаная на 36 гадзін і цягнецца 5 дзён. Кошт навучаньня — 350 рублёў. Як пазначана ў абвестцы, навучэнцы праграмы будуць вывучаць наступныя тэмы:

  • крыптаэканоміка і крыптавалюта;
  • тэхналягічны аспэкт працы блокчэйн;
  • магчымасьць ужываньня блокчэйна ў разнастайных сфэрах дзейнасьці, а таксама для ўзаемадзеяньня на глябальным рынку;
  • майнінг: гісторыя, сутнасьць, цяперашняе становішча, віды і выкарыстаньне;
  • прававое рэгуляваньне лічбавай эканомікі;
  • прававая аснова электроннай камэрцыі.

У сьнежні 2017 году праграму перападрыхтоўкі кадраў па спэцыялізацыі «Крыптавалюты і дэрыватывы» адкрылі ў БНТУ. Курс навучаньня разьлічаны на 1 год і 8 месяцаў. Заняткі пачнуцца 12 сакавіка.

Абвестка пра набор на курс па крыптавалютах у БНТУ зьявілася на наступны дзень пасьля падпісаньня Аляксандрам Лукашэнкам дэкрэту «Аб разьвіцьці лічбавай эканомікі». Дэкрэт легалізуе крыптавалюты і пашырае спэктар дзейнасьці Парку высокіх тэхналёгій, а таксама дае ягоным рэзыдэнтам шырокія прэфэрэнцыі.

Паводле новага закону беларусам дазволяць здабываць крыптавалюты і абменьваць іх (у тым ліку на беларускія рублі) і ня будуць лічыць гэта за прадпрымальніцкую дзейнасьць. Кампаніям праз ПВТ дазволяць рабіць біржы крыптавалютаў і здабываць крыптавалюты, нават ствараць уласныя.

Што там у новым «ІТ-дэкрэце»? Каротка пра асноўнае

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG