Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкія аўтавытворцы рабілі досьледы на шкоднасьць выхлапаў на людзях


Афіцыйныя асобы Нямеччыны ўжо выказалі сваё асуджэньне. Яны заявілі, што гэта катэгарычна недапушчальна, а самі досьледы зьяўляюцца спробай маніпуляцыі грамадзкай думкай.

Скандал пачаўся пасьля таго, як пра досьледы паведаміла нямецкая «Süddeutsche Zeitung». Спасылаючыся на ананімныя крыніцы, выданьне апублікавала матэрыял, што адзін з нямецкіх навукова-дасьледчых інстытутаў, створаны пры фінансавай падтрымцы трох найбуйнейшых нямецкіх аўтавытворцаў Германіі: Volkswagen, BMW і Daimler, праводзіў досьледы на людзях дзеля таго, каб вывучыць уплыў дыяксіду азоту, які прысутнічае ў выхлапах дызэльных рухавікоў, на здароўе чалавека.

Як перадае Euronews, у эксперыментах ва ўніверсітэцкай клініцы Ахена прымалі ўдзел 25 чалавек. На працягу некалькіх гадзін яны павінны былі дыхаць паветрам з рознай канцэнтрацыяй у ім дыяксыду азоту – аднаго з асноўных кампанэнтаў выхлапу машын з дызэльным рухавіком. Прадстаўнік клінікі пацьвердзіў, што такія досьледы сапраўды праводзіліся, аднак іх мэтай было вызначэньне гранічных канцэнтрацый рэчыва на працоўных месцах.

У сваю чаргу, на мінулым тыдні амэрыканскае выданьне The New York Times апублікавала расследваньне, у якім сьцьвярджалася, што па заданьні канцэрна Volkswagen у Нямеччыне праводзіліся аналягічныя досьледы на малпах. З дапамогай гэтых дасьледаваньняў кампанія спрабавала абвергнуць заключэньня Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, якая вызначыла, што дыяксыд азоту зьяўляецца канцэрагенам.

Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, як паведамляе Deutsche Welle, рашуча асудзіла дасьледаваньні, падчас якіх ацэньвалася ўзьдзеяньне дызэльных выхлапаў на людзей і малпаў. Падтрымалі яе і іншыя прадстаўнікі ўраду.

«Гэтым тэстам, праведзеным на малпах і пагатоў на людзях, няма ніякага апраўдання з этычнага пункту гледжання», – заявіў афіцыйны прадстаўнік ураду НямеччыныШтэфэн Зайберт.

Ён назваў «абсалютна зразумелым» абурэньне многіх людзей у сувязі з паведамленьнямі аб такіх досьледах. Назіральныя рады канцэрнаў, на замову якіх гэтыя вопыты праводзіліся, павінны патлумачыць іх мэты, дадаў Зайберт.

Міністар транспарту Нямеччыны Крысьціян Шміт таксама рэзка раскрытыкаваў правядзеньне тэстаў на людзях і малпах. «Такія выпрабаваньні арганізуюцца не з навуковымі мэтамі, а выключна дзеля ўзьдзеяньня на грамадзкую думку, адзначыў прадстаўнік міністра. Вытворцы аўтамабіляў павінны неадкладна і падрабязна выказаць сваю пазыцыю па гэтым пытаньні», – гаворыцца далей у заяве.

Прадстаўнік міністэрства аховы навакольнага асяродьдзя зьвярнуў увагу на тое, што таксычнасьць выхлапных газаў навукова даказана. Тым больш абуральныя тыя факты, што аўтаканцэрны спрабавалі абвергнуць гэтыя дадзеныя, заявіў ён. У сваю чаргу прадстаўнік міністэрства аховы здароўя падкрэсьліла, што існуюць «строгія крытэрыі» для правядзеньня выпрабаваньняў на жывёлах і людзях, і яны дазволеныя толькі ў сфэры мэдыкамэнтаў і мэдычных прадуктаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG