Біткойн можа праіснаваць і 100 гадоў, але больш верагоднае ягонае фіяска, заявіў на Сусьветным эканамічным форуме ў Давосе ляўрэат нобэлеўскай прэміі ў эканоміцы Робэрт Шылер.
Паводле прызнанага ў сьвеце эканаміста, біткойн мае каштоўнасьць толькі тады, калі ёсьць распаўсюджанае меркаваньне, што ён яе мае. У адрозьненьні, напрыклад, ад золата, вартасьць якога не зьмяняецца, калі людзі вырашаць не інвэставаць у яго.
Сябра назіральнай рады фінансавай групы UBS Аксэль Вэбэр заявіў, што яго кампанія «ня раіла б крыптавалюты ў якасьці інвэстыцыі». Ён нагадаў, што курс біткойна зьменшыўся за апошнія 24 гадзіны на 12%. Уорэн Бафэт выказаў думку, што канец біткойна будзе кепскі
— Ананімнасьць крыптавалюты — гэта адкрытае поле для злоўжываньняў і велізарнага рызыка, — сказаў падчас форуму ў Давосе старшыня аднаго з найбуйнейшых банкаў у Польшчы Міхал Крупіньскі.
Польскі ўрад стварыў адмысловую групу, якая цягам месяцу распрацуе рэкамэндацыі канкрэтных крокаў, якія павінны абараніць палякаў ад небясьпекі, зьвязанай з крыптавалютамі.
Паўднёвая Карэя абвясьціла, што забараняе ананімны гандаль біткойнам, іншыя краіны кажуць пра верагоднасьць увядзеньня мэханізмаў рэгуляцыі. Пра гэта, між іншым, у Давосе заявіла прэм’ер-міністарка Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй.
На форуме прагучала таксама інфармацыя, што майнінг крыптавалютаў спажывае вельмі шмат энэргіі. Мяркуецца, што сёлета на яго пойдзе столькі электраэнэргіі, колькі ў год спажывае Аргентына.
У сьнежні 2017-студзені 2018 курс біткойна пасьля рэкорднага росту абрынуўся ўдвая. На момант публікацыі ён складаў каля 10400 даляраў.
А ў Беларусі крыптавалюты легалізавалі
У Беларусі апэрацыі з крыптавалютамі пакуль фактычна не дазволеныя і не забароненыя фізычным асобам. Дэкрэт «Аб разьвіцьці лічбавай эканомікі», які ўзаконіць апэрацыі з крыптавалютамі, набудзе сілу 28 сакавіка.
Пасьля гэтага дзейнасьцю, у якой ёсьць прыкметы прафэсійнай і біржавой дзейнасьці па каштоўных паперах, інвэстыцыйнага фонду, а таксама ажыцьцяўленьня апэрацый дзеля стварэньня і разьмяшчэньня ўласных лічбавых знакаў, змогуць займацца рэзыдэнты «Парку высокіх тэхналёгій», а фізычныя асобы змогуць легальна здабываць («майніць») крыптавалюты і карыстацца імі як грашыма. Нацбанк возьме крыптавалюты на ўнутраны кантроль.