Чатыры гады таму Наста з мужам і дзецьмі пераехала ў вёску Залесьсе ў ваколіцах Белавескай пушчы. Як сама кажа, зрабіла даўншыфтынг у Белавескую пушчу. Паводле вакалісткі, у гэтых мясьцінах захавалася энэргетыка старажытнага лесу, як і культура народных сьпеваў, чым сьпявачка дзеліцца са слухачамі на сваіх канцэртах.
— Наста, чаму вы перабраліся з гораду ў вёску. Ці гэта былі творчыя прычыны, ці эканамічныя, а можа, проста асабістыя?
— Гэта было рашэньне, якое лягічна склалася з усяго майго жыцьця. Я нарадзілася ў Менску, жыла там доўгі час, пасьля мяняла месцы жыхарства, але заўсёды мяне цягнула прырода. Я люблю лес усёй сваёй душой. Калі ўпершыню прыехала ў Белавескую пушчу, пабачыла лес, у які ўваходзіш як у храм. Гэта як сьвятыня, якая дае энэргію, сілы, моц. Яна супакойвае, лагодзіць душу. Сталася так, што ў мяне зьявілася такая магчымасьць, і я вырашыла, чаму б не скарыстацца, тым больш што ў мяне маленькія дзеці. Я вырашыла, што для іх жыцьцё ў лесе, на прыродзе — найлепшае, што я магу даць ім на пачатку жыцьця. Калі падрастуць і пойдуць вучыцца, гэта будзе ўжо іншая справа, але гадавацца сярод волі, вольнага выпасу — гэта супэр.
— Я цяпер чытаю раман Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Эўропы», і ў адным з разьдзелаў галоўная гераіня — старая бабка Бянігна, якая можа лячыць людзей і шмат яшчэ чаго, і ўсё гэта шчыльна зьвязана са старажытным лесам. Якую энэргію чэрпаеце вы ў старажытнай Белавескай пушчы?
Гэта бабулі выйшлі сонечным дзяньком на лавачку каля дому і сьпяваюць разам.
— Мы жартуем, што калі я буду бабкай, да мяне будуць прыяжджаць студэнты і запісваць ад мяне нейкія песьні, як я калісьці гэта рабіла, калі была студэнткай. Як сьпявачка я чэрпаю найперш не з самога лесу, а ад гэтых бабуль. Калі мы прыехалі ў Залесьсе, там жылі дзьве бабкі, якія там нарадзіліся, якія павінны былі падчас вайны адтуль уцячы, бо вёску спалілі, пасьля туды вярнуліся, яшчэ раз пабудавалі хаты, жылі, гадавалі дзяцей. Дзеці разьляцеліся, а яны засталіся. Гэта баба Валя і баба Маня, зь якімі мы вельмі сябруем і дапамагаем адно аднаму. Увогуле мы ўжо сьпяваем як трыё. Я да іх далучаюся, калі яны сьпяваюць разам. Я вывучыла іх рэпэртуар. Мы заўсёды разам. Калі да нас госьці прыяжджаюць, яны з задавальненьнем далучаюцца да нас, калі мы ля вогнішча ці на вячэры. Мы рабілі зь імі вячоркі, яны мяне навучылі шмат чаму.
Але як яны сьпяваюць! Яны ніколі не вучыліся музыцы, але калі сьпяваюць на два галасы, іхныя галасы зьліваюцца. Я памятаю незабыўнае ўражаньне, калі я вяртаюся зь лесу і, падыходзячы да вёскі, чую гэтыя галасы, як яны зьвіняць, адбівацца ад дрэваў. Гэта бабулі выйшлі сонечным дзяньком на лавачку каля хаты і сьпяваюць разам. Гэты гук разьлятаецца па лесе. Гэта самае натуральнае, што можа быць для мяне як для музыкі, гэта проста супэрэстэтычная асалода!
— Мне, напэўна, не пашанцавала, што я такіх бабулек ня чула. Прызнаюся, што мне асабіста беларускія народныя песьні ў выкананьні вясковых бабак у народных строях, носьбітаў спрадвечных традыцый, ня вельмі кранаюць, але я бываю ў захапленьні, калі беларускі фальклёр спалучаецца з больш сучаснымі жанрамі, калі яго перапрацоўваюць у больш сучасны фармат. Як вы бачыце будучыню беларускага фальклёру? Ці можа ён стаць папулярным і запатрабаваным шырокай аўдыторыяй? Як мае быць трансфармаваная культура народнага сьпеву?
— Калі я толькі паступіла ў музычную вучэльню на народна-харавыя сьпевы, то нам на занятках фальклёру ўключалі яшчэ на вінілах сьпевы бабак, запісаныя пасьля вайны, у 60-я, у 70-я гады, і мы, шчыра кажучы, сядзелі і хіхікалі. Нам здавалася: Божа! Што гэта такое? Але пасьля першай экспэдыцыі, калі нас завезьлі да гэтых бабуляў, і яны самі нам засьпявалі, а мы сядзелі побач, як мы з вамі, мяне гэта так кранула...
— Значыць, не на Купальлі ў Вязынцы, а ў звычайнай хаце за сталом...
— Такі фальклёр, такія карані, калі іх зьмяшчаеш у абставіны канцэрту, фэстывалю, то ён трошкі губляе сваю сутнасьць. Я таксама пра гэта думала. Чаму, калі мы бачым гэта на сцэне, нам сумна, мы нудзімся, калі яны сьпяваюць шмат гэтых куплетаў. Таму што песьня — гэта быў ня жанр мастацкага шоў, а гэта было суправаджэньне жыцьця, ты жывеш і сьпяваеш. Гэта як кавалак жыцьця. У цябе 25 куплетаў, але ты пры гэтым нешта робіш, і тады тры куплеты мала. Ты ідзеш у лес і сьпяваеш песьню, ты павінен сьпяваць доўга. І калі гэта становіцца часткай жыцьця, тады гэта інакш адбываецца,ты гэта ўвогуле інакш чуеш.
Песьня — гэта быў ня жанр мастацкага шоў, а гэта было суправаджэньне жыцьця: ты жывеш і ты сьпяваеш.
Я разумею ваш пункт гледжаньня. Я асабіста прыйшла праз фольк-мадэрн, праз фольк-фьюжн, я вельмі захаплялася KRIWI, калі яны яшчэ толькі пачыналі, першую касэту «Троіцы» ледзь не да дзірак заслухала, і прыйшла да таго, што сапраўды сьпеў — гэта найлепшае. Трэба абавязкова, каб былі розныя варыянты — дапасаваны фальклёр для сучаснага слухача, які з рытмам, зь нейкай гармоніяй, які ўводзіць у больш прывычны стан, калі чалавек слухае музыку, а пасьля ён ужо пачынае разумець, што такое традыцыйны сьпеў. І цяпер я бачу, як гэта становіцца папулярным. Акрамя «Джамбібум», у мяне быў праект, у якім удзельнічала моладзь, мы сьпявалі песьні без гітараў, без барабанаў. Я бачыла, што іх гэта кранае, што яны ўжо дайшлі да разуменьня гэтага. Гэта працуе і ня можа ня радаваць.
— Я некалі рабіла інтэрвію з былой вакалісткай гурту народнай песьні «Бяседа» Марыяй Лагацкай-Зіміной, якая цяпер жыве ў Санкт-Пецярбургу і сьпявае ў розных м’юзыклах. Дык яна казала, як беларуская школа народных сьпеваў дапамагла ёй у брадвэйскіх м’юзыклах, што пастаноўка голасу дала ёй магчымасьць мець практычна брадвэйскую манеру выкананьня. Наколькі шырокія магчымасьці можа даць беларуская школа народных сьпеваў?
— Я лічу, што тая школа, якая рыхтуе ўдзельнікаў гуртоў «Бяседа», «Сьвята», бярэ нешта ад традыцыйнай манеры, а нешта ад вакалу клясычнага, акадэмічнага — дыханьне, гукавядзеньне. Яны сьпяваюць складаныя партыі, у іх такія апрацоўкі галасоў, што ўжо не абыдзесься народным сьпевам «ад сахі». Але я лічу, што голас кожны мае. Я вучу людзей, якія да мяне прыходзяць, і мы ў кожнага адкрываем народны голас.
— У кожнага можна адкрыць?
— Вельмі мала людзей, у якіх немагчыма яго адкрыць. У асноўным гэта можна. Людзі проста ня вераць: як гэта, ніколі чалавек не займаўся музыкай, не сьпяваў, а проста хацеў... Калі душа ў чалавека сьпявае, ён прыходзіць, і мы яго паступова песьнямі ўцягваем, адкрываеш яму голас. Для мяне вельмі каштоўна, што чалавек можа прыпасьці да гэтай крыніцы. Для мяне прафэсійнае выкананьне — гэта адно, а мне вельмі падабаецца, калі ўцягваюцца простыя людзі, таму што фальклёр — гэта такая рэч, якая павінна распаўсюджвацца. Мне вельмі падабаецца ідэя вуснага распаўсюду народнай творчасьці. Я на сваіх занятках заўсёды імкнуся, каб мы ня мелі тэкстаў перад вачыма, каб мы песьню вывучвалі не па літарках, а каб мы складалі сабе нейкую гісторыю ў галаве.
— Давайце ўявім такую сытуацыю, што вы атрымалі неабмежаванае фінансаваньне дзеля рэалізацыі сваёй творчай мары. Што бы вы зрабілі?
Мне вельмі падабаецца ідэя вуснага распаўсюду народнай творчасьці.
— Я і так гэта зьбіраюся зрабіць, але, вядома, мяне спыняе адсутнасьць гэтых неабмежаваных сродкаў. Першае, што я б зрабіла — купіла б сабе ў вёску добрую апаратуру і ладзіла бы там фэстывалі з добрым гукам, каб людзі маглі прыяжджаць, каб гэта не было вельмі дорага. А па-другое, я бы сабрала супэр-музыкаў, і беларускіх, і замежных, і запісала бы зь імі ўсе песьні, якія ў мяне ёсьць. Іх шмат і яны вельмі розныя. У мяне ёсьць шэраг мантраў, фактычна гэта на адной струне сьпяваецца. Ёсьць нешта больш эстраднае, але на падставе беларускай песьні, і хочацца, каб гэта запісалася, рэалізавалася, каб гэта можна было сьпяваць і дарыць людзям.