Дэпутат Варанецкі, якога па гэтай тэме цытуюць СМІ, кажа, быццам гэта не павінна быць аналягам «Карты паляка». А чым тады? Тое, што пасьведчаньне змогуць атрымліваць ня толькі этнічныя беларусы, але і нашчадкі беларускіх габрэяў, беларускіх палякаў і іншых выхадцаў зь Беларусі — гэта выдатны прагрэсіўны крок, які не супярэчыць сутнасьці гэткага дакумэнту.
Добра было б, калі б Пасьведчаньне давала магчымасьць працаўладкаваньня
Магчымы бязьвізавы ўезд у Беларусь для трымальнікаў Пасьведчаньня — выдатная ідэя. Добра было б, калі б Пасьведчаньне давала магчымасьць працаўладкаваньня, вядзеньня бізнэсу і ўвогуле максымальную колькасьць правоў, якія цяпер дае толькі від на жыхарства. Бо размова ня толькі пра культуру, але і пра магчымы эканамічны эфэкт для Беларусі ад таго, што яна адчыніла б дзьверы тым, хто ў Беларусі мае карані. Вельмі цікава будзе даведацца новыя падрабязнасьці пра гэтую ініцыятыву па меры таго, як яна будзе набываць канкрэтную форму.
Але ўжо цяпер можна выказаць як мінімум адно меркаваньне.
Карту паляка гэты чалавек мае, а вось беларускі такі дакумэнт браць бы сабе не захацеў
Адзін вэтэран беларускай дыяспары ў Маскве — з тых натхняльных выбітных беларускіх актывістаў, якія жывуць тут ужо шмат дзесяцігодзьдзяў, добра ўладкаваліся, выгадавалі пасьпяховых дзяцей і ўнукаў, але пры гэтым дагэтуль цудоўна валодаюць беларускай мовай, удзельнічаюць ува ўсіх беларускіх мерапрыемствах і не губляюць сувязі зь Беларусьсю — сказаў мне аднойчы наступнае. Карту паляка гэты чалавек, як сын афіцэра Войска польскага, мае, а вось беларускі такі дакумэнт браць бы сабе не захацеў, нягледзячы на свой шчыры і вялікі беларускі патрыятызм. Бо навошта, пытаўся ён, зьвязвацца зь цяперашняй беларускай дзяржавай і яе спэцслужбамі, трапляць ёй на радар, запаўняць ёй анкеты, даваць ёй інфармацыю пра сябе?
І ў гэтым ёсьць свая рацыя. Замацаваньне міжнароднага іміджу Беларусі, на што скіраваная гэтая і шэраг іншых апублікаваных разам зь ёю прапановаў, гэта цяжкая задача.
Бо рэпутацыя Беларусі ў сьвеце, скажам адкрыта, вельмі дрэнная.
І рэпутацыі Беларусі перадусім шкодзіць адсутнасьць дэмакратыі і жахлівы стан правоў чалавека, які з 2010 году, калі быў найбольш востры крызіс у гэтай справе, не палепшыўся.
Улада можа шмат зрабіць, каб прадэманстраваць сваю волю да пераўтварэньняў
Беларуская ўлада можа шмат зрабіць, каб прадэманстраваць тут сваю волю да пераўтварэньняў і нават не згубіць пры гэтым твар. Але яна гэтага ня робіць. Замест гэтага яна спрабуе вуснамі розных прыгожых псэўданезалежных палітолягаў, што гастралююць па эўрапейскіх канфэрэнцыях, перавесьці размову да іншых тэмаў, кшталту ролі Беларусі ў расейска-ўкраінскім канфлікце або пэрспэктываў беларускай ІТ-індустрыі.
Рэпутацыю Беларусі немагчыма палепшыць, распавядаючы пра беларускую гістарычную і культурную спадчыну (асабліва зважаючы на стан гэтай спадчыны і стан той жа беларускай мовы). Або паляпшаючы турыстычную інфраструктуру ці прасоўваючы нацыянальную сымболіку. Або нават разьвіваючы заканадаўства датычна ІТ-індустрыі.
То бок, усё гэта, канечне ж, рабіць таксама вельмі важна і неабходна.
Але яно ня будзе мець істотнага эфэкту бязь яўна і пераканаўча прадэманстраванага жаданьня перастаць быць нерукападатнай «апошняй дыктатурай Эўропы». Ня ў сэнсе «апошняй», а ў сэнсе «дыктатурай».
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.