2017 год адыходзіць у гісторыю. Час падводзіць вынікі, рабіць высновы з грамадзка-палітычных працэсаў, выводзіць урокі. Іх было шмат. Спынюся толькі на шасьці.
1.
Незадаволенасьць грамадзтва сацыяльна-эканамічным станам апошнія тры гады была відавочнай, але нейкай абстрактнай зьявай. Людзі бурчэлі ў крамах, скардзіліся на жыцьцё блізкаму атачэньню, выпускалі пару ў сацыяльных сетках. Аднак усё гэта неяк бурліла ўнутры сацыяльнага катла, здавалася, ніяк не выходзіла ў палітычную плашчыню, не ўплывала на ўладу. Грамадзтва і ўлада жылі сваімі паралельнымі жыцьцямі, якія нібыта ніяк не перасякаліся.
Але «чорны лебедзь» прыляцеў адтуль, адкуль яго ніхто не чакаў. Насельніцтва раптам узбудзіў дэкрэт аб дармаедах. Хоць у момант яго прыняцьця ён мала каго хваляваў.
Такім чынам, урок першы. Калі ў грамадзтве расьце сацыяльнае напружаньне, спускавым кручком для выбуху могуць стаць зусім нечаканыя рэчы, да якіх у звычайнай сытуацыі ў людзей індыфэрэнтнае стаўленьне.
Другі прыклад. Тая ж сытуацыя зь дзедаўшчынай у войску. Шмат гадоў гэта мала каго хвалявала. Хоць і раней былі і забойствы, і самагубствы вайскоўцаў. І раптам справа Коржыча ў Печах ускалыхнула людзей, абурыліся сацыяльныя сеткі, і на сытуацыю вымушаны быў адрэагаваць Лукашэнка.
То бок, калі грамадзтва моцна раздражнёнае, то яго чапляе ўсё, нават тое, чаго людзі дасюль не заўважалі.
2.
І раней шмат казалі, што ўлада страціла манаполію на інфармацыю, тэлевізар перастаў перамагаць лядоўню, інтэрнэт стаў моцным чыньнікам уплыву. Сёньня ўжо каля 70% насельніцтва Беларусі карыстаецца інтэрнэтам. Аднак толькі сёлета стала больш зразумела, што гэта азначае практычна.
Гадоў 20 таму што было б з навіной пра акцыю пратэсту ў нейкім Рагачове, дзе 500 чалавек выйшлі на плошчу і крытыкавалі ўладу? Пра гэта даведаліся б толькі чытачы незалежных газэт ці слухачы Радыё Свабода, якіх было ня так і шмат. Гэта была б інфармацыя толькі для «апазыцыйнага гета».
Цяпер жа онлайн-рэпартажы з Рагачова, Воршы, Пінску ды іншых гарадоў глядзела калі ня ўся краіна, то вялікая колькасьць людзей. Палітычныя заўзятары атрымалі інфармацыйны экран.
Тое ж самае адбылося і з справай вайскоўца Аляксандра Коржыча, які загінуў у Печах. Рэзананс ёй забясьпечылі сацыяльныя сеткі.
Такім чынам, дзякуючы новым мэдыям у Беларусі пачала фармавацца палітычная нацыя.
3.
Адсутнасьць зваротнай сувязі паміж уладай і грамадзтвам дасюль мала хвалявала палітычны рэжым. Бо разьвязвала рукі ўладам у выбары палітыкі. Ролю прадстаўнікоў насельніцтва пасьпяхова выконвалі імітацыйныя дзяржаўныя інстытуты (Нацыянальны сход, мясцовыя саветы) ці кішэнныя арганізацыі, кшталту ФПБ, «Белай Русі», БРСМ.
Аднак гэты год паказаў, што адсутнасьць зваротнай сувязі становіцца праблемай для ўладаў. З абвастрэньнем эканамічнага крызісу і ростам сацыяльнай напружанасьці ў грамадзтве адбываецца лятэнтнае назапашваньне нэгатыўнай сацыяльнай энэргіі. А ўлады гэтага не заўважаюць, таму ня могуць прадухіліць, спрацаваць на апярэджаньне. Выбух пратэстаў недармаедаў у лютым-сакавіку гэтага году аказаўся для беларускіх уладаў цалкам нечаканым. Як і рэакцыя грамадзтва на тую ж справу Коржыча. Таму ўлады рэагавалі зь вялікім спазьненьнем, а значыць, са значнай стратай іміджу. На нейкі час рэжым страчваў кантроль над палітычным працэсам.
4.
Палітычнае кіраўніцтва разумее, што аднымі рэпрэсіямі праблемы нэўтралізаваць нельга. Таму, прыдушыўшы акцыі недармаедаў, арыштаваўшы «баевікоў» «Белага легіёну», Лукашэнка ўсё ж прыпыніў дзеяньне дэкрэту № 3, яго новы варыянт нібыта пачне дзейнічаць толькі ў 2019 годзе.
І шэраг прэзыдэнцкіх указаў і дэкрэтаў аб лібэралізацыі эканомікі, бізнэсу, структур ІТ напрыканцы году — гэта аддаленае рэха вясновых акцый.
5.
Гэты год паказаў, што палітыка балянсаваньня паміж некалькімі цэнтрамі сілы, рэалізацыя канцэпту «Беларусь — донар рэгіянальнай бясьпекі», які беларускія ўлады распрацоўвалі з 2014 году, не дае эканамічных дывідэндаў, а толькі іміджавыя. У Менск прыяжджаюць эўрапейскія палітыкі, хваляць афіцыйны Менск за больш незалежную ад Расеі замежную палітыку. Аднак інвэстыцыі па-ранейшаму ў краіну не ідуць, МВФ прыпыніў перамовы аб крэдыце.
6.
Год прынёс пэўнае расчараваньне наконт адносін Беларусі з Кітаем. Як звычайна, было шмат сустрэч высокіх дэлегацый, пампэзных заяваў, дэклярацый. Што ў сухім астатку? Кітайскага крэдыту на мадэрнізацыю двух беларускіх НПЗ, пра што было ўрачыста абвешчана пасьля перамоваў Аляксандра Лукашэнкі і старшыні КНР Сі Цзіньпіна, так і няма.
Са скандалам урэшце запусьцілі Сьветлагорскі завод беленай цэлюлёзы. Аднак пакуль незразумела, ці будзе ён рэнтабэльны, бо каму патрэбная папера ў эпоху лічбавай эканомікі? Дый мясцовае насельніцтва пратэстуе з прычыны шкоды, якую прыносіць завод навакольнаму асяродзьдзю.
Урачыста адкрылі пад Жодзіна завод «БелДжы» па вытворчасьці аўтамабіляў Geely. Але пытаньне, хто іх будзе купляць па такой цане, застаецца адкрытым.
З гонарам абвясьцілі, што пачаліся пастаўкі ў Кітай беларускага харчаваньня. Праўда, з улікам таго, што сельская гаспадарка застаецца датацыйнай галіной, не да канца зразумела, наколькі акупляецца экспарт харчаваньня нават у Расею. А пры пастаўках у Кітай зьяўляецца вялізарнае транспартнае плячо. Але, як звычайна ў беларускім дзяржсэктары, эфэктыўнасьць лічыцца ў апошнюю чаргу — пакуль галоўнае, каб усе працавалі і расьлі валавыя паказьнікі.
Пакуль ня спраўджваюцца вялізныя спадзяваньні беларускіх уладаў на кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень». Бо дасюль там будуюцца толькі тры абʼекты. Усе замежныя кампаніі спасылаліся на негатоўнасьць інфраструктуры.
Яшчэ са школы вядома, што ўрокі трэба вучыць. Каб не заваліць экзамэны.