Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што Пуцін думае пра Беларусь: прэс-канфэрэнцыя і беларуска-расейскія адносіны


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін, Санкт-Пецярбург, 3 красавіка 2017
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін, Санкт-Пецярбург, 3 красавіка 2017

З чым Уладзімір Пуцін ідзе на прэзыдэнцкія выбары? Чаму на яго прэсавай канфэрэнцыі вельмі эмацыйную рэакцыю прэзыдэнта Расеі выклікала ўкраінская тэма? Чаму ён так мала і млява прыгадваў Беларусь? Які сёлетні вынік разьвіцьця двухбаковых адносінаў і які прагноз іх дынамікі ў 2018 годзе? На гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце адказваюць галоўны рэдактар інфармацыйных праграмаў тэлеканалу «Настоящее время» Кірыл Сухоцкі і аглядальнік Свабоды Віталь Цыганкоў. Вядзе перадачу Юры Дракахруст.

З чым Пуцін ідзе на выбары?

Сухоцкі: З гэтай прэсавай канфэрэнцыі было бачна, што Пуцін не ідзе на новы тэрмін ні з чым новым.

Ён даў зразумець, што прэзыдэнцкай кампаніі ў яго ня будзе і гэта і будзе яго кампаніяй.

Кірыл Сухоцкі
Кірыл Сухоцкі

Мы не пачулі ніякіх новых ідэяў ані наконт эканомікі, ані наконт Украіны, ані наконт адносінаў з ЗША.

Яго двойчы спрабавалі выклікаць на размову аб Аляксеі Навальным, але ён адказ скомкаў, прозьвішча Навальнага ён нават не вымавіў.

Дракахруст: Віталь, а ці вы пабачылі нейкія вехі, якія акрэсьліў Пуцін у сваім наступным тэрміне? Вось Кірыл сказаў, што нічога новага, а можа гэта ня так і кепска? Вось Крым быў чымсьці новым. Ці можа здарыцца нешта такое, як Крым, у наступным тэрміне? Яго заявы наконт Украіны ці Сырыі сьведчылі пра нейкія рашэньні, якія могуць быць прынятыя?

Цыганкоў: Пуцін у асноўным пазьбягаў нейкіх вострых заяваў, вострых тэмаў. Калі яго спыталі, зь якой праграмай, зь якім урадам ён пойдзе на гэтыя выбары, ён сказаў, што цяперашні ўрад яго задавальняе, а што далей, ён ня будзе гаварыць.

Пуцін нават не сказаў, якую сацыяльна-эканамічную праграму ён выбірае. Журналіст яго падштурхоўваў сказаць, чаму ён аддае перавагу з тых праектаў, якія зараз у Расеі абмяркоўваюцца: адзін больш лібэральны, другі — больш традыцыяналісцкі. Але Пуцін выбару не зрабіў.

Некаторыя кажуць, што Пуцін наступнага тэрміну — гэта будзе прэзыдэнт помсты. Але на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі такога прэзыдэнта помсты не было відаць, ён быў вельмі асьцярожны ў пытаньнях міжнароднай палітыкі — ад Сырыі і Карэі да ЗША.

Хіба адзіная прыкмета будучай агрэсіўнай палітыкі — гэта яго развагі пра Ўкраіну. Прагучалі словы пра тое, што мы з украінцамі адзін народ.

Ён гаварыў пра ўкраінскую незалежнасьць не як пра факт, а як пра нейкую ідэю, якая яшчэ не ажыцьцявілася.

Як раз гэтыя пытаньні з усіх чатырох гадзінаў канфэрэнцыі мне падаліся найбольш важнымі, дзе можна знайсьці пры жаданьні падставы для будучых не самых прыемных замежнапалітычных крокаў.

Ці баіцца Пуцін Саакашвілі і Навальнага?

Дракахруст: Можа быць, гэта маё такое ўражаньне, але мне здаецца, што менавіта імя Саакашвілі выклікала сапраўдную жарсьць. Вось пра ўсіх астатніх ён адказваў спакойна, гладка, а тут, што кажуць, зачапіла. Адказваючы на пытаньнк Ксеніі Сабчак пра Навальнага, як нехта пажартаваў, у вуснах Пуціна прозьвішча Саакашвілі было псэўданімам Навальнага. Гэта хіба не адзіны момант, калі Пуцін паказаў эмоцыю.

Сухоцкі: Пуцін завёўся на тэме Ўкраіны, ён гаварыў пра яе 15 хвілінаў і ня мог спыніцца.

Прозьвішча Саакашвілі ён прынамсі называў, прозьвішча Навальнага не.

У яго выказваньнях пра Саакашвілі быў прысмак расізму, калі ён казаў пра тое, хто зьяўляецца сапраўдным, а хто несапраўдным украінцам. Ад прэзыдэнта такой краіны не чакаеш падобных заяваў.

На Саакашвілі ў Пуціна даўняя злосьць. Тое, што зараз адбываецца вакол Саакашвілі, на руку Пуціну. Але з прычыны асабістай няпрыязі да Саакашвілі Пуцін не сапрабуе атрымаць палітычную выгаду ад палітычнага крызісу ва Ўкраіне.

Дракахруст: Віталь, і ваш камэнтар наконт гэтага выбуху эмоцый. І наконт тэзы, якую выказала Сабчак – Пуцін сапраўды баіцца Навальнага?

Цыганкоў: Мне здаецца, што словы пра Навальнага і Саакашвілі — гэта быў кантраляваны выбух эмоцыяў. Ён палічыў, што наконт гэтых сюжэтаў варта выказацца горача.

Большасьць расейскіх тэлеканалаў цытавалі менавіта гэты фрагмэнт прэсавай канфэрэнцыі.

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Ці баіцца Пуцін Навальнага, ці баяўся Лукашэнка, скажам, удзельнікаў акцыяў «недармаедаў»? Рэакцыя ўлады часам больш моцная, чым выклік. Яны перастрахоўваюцца, рэагуюць на пагрозу, якая абʼектыўным назіральнікам падаецца не такой і вялікай.

Калі нават паводле апытаньняў Навальны не зьяўляецца непасрэднай пагрозай Пуціну, ён зьяўляецца пагрозай сцэнару, дзе ўсё расьпісана.

Улады баяцца яго, як каменьчыка на дарозе, які лепш абʼехаць ці яго адкінуць.

Пуцін і Беларусь

Дракахруст: Маё наступнае пытаньне – пра тое, што ня толькі ня выклікала жарсьці, а ўвогуле амаль не згадвалася на прэсавай канфэрэнцыі. Я маю на ўвазе адносіны паміж Беларусьсю і Расеяй. І я бы сказаў – увогуле тэма адносінаў з саюзьнікамі.

Хаця былі зададзеныя пытаньні пра Эўразійскі Эканамічны Саюз, але адказваў на іх Пуцін неяк млява. Апэраваў лічбамі росту ВУП – у Расеі на 1.6%, у іншых краінах ЭАЭС – на 1.8%. Але што з таго? Усе гэтыя краіны яшчэ ў 2014 годзе патрапілі ў істотны крызыс. Зараз зь яго павольна выпаўзаюць.

Я нагадаю, што ў 2012 годзе напярэдадні выбараў Пуцін як адзін з прыярытэтаў вызначаў Эўразійскі Эканамічны Саюз, здавалася б, што гэта і зараз важная тэма. Асабліва ў сьвятле таго, што Пуціна часам абвінавачваюць у аднаўленьні Савецкага Саюзу. Віталь, на ваш погляд, чаму на прэсавай канфэрэнцыі напярэдадні выбараў пра гэта не было сказана нічога грунтоўнага?

Цыганкоў: Былі пытаньні ад расейскіх, украінскіх, амэрыканскіх, казахстанскіх журналістаў, не было пытаньняў ад беларускіх журналістаў.

Дракахруст: Я паглядзеў на РИА-Новости фотарэпартаж аб падрыхтоўцы да прэсавай канфэрэнцыі, дзе была бачная беларуская журналістка, якая прыйшла з ружай для Пуціна. Яна, відаць, хацела падараваць, але не дайшла чарга чамусьці да яе. Чаму?

Цыганкоў: Тэма і Беларусі, і ўсяго Эўразійскага саюзу — малацікавая. Ён разумее, што гэта так і для большасьці расейскіх выбаршчыкаў.

Зь Беларусьсю атрымалася скончыць млявацякучы нафтагазавы канфлікт. Усе апошнія выбары ў Расеі ў апошні год перад выбарамі Масква і Менск неяк дамаўляліся, і выбары ў РФ адбываліся на фоне адносна добрых, мірных стасункаў з Беларусьсю.

Адказваючы на пытаньне пра ЭАЭС, ён сказаў, што Беларусь атрымала 24 мільёна тонаў нафты, экспартуе яе, залічае даход у свой бюджэт, «гаворка ідзе пра мільярды даляраў». Намёк на тое, што гэта падарунак Расеі.

Яшчэ была фраза, што Расея спрабуе працаваць з Беларусьсю і Казахстанам, каб быў сумесны кантроль мытнай мяжы.

Хіба і ўсё. На фоне Сырыі, іншых тэмаў міжнароднай палітыкі, Беларусі амаль няма. У Беларусі некалькі тыдняў абмяркоўвалі адну перадачу на НТВ. Дык украінская тэма гучыць штодзень некалькі разоў. Беларуская прагучала адзін раз на некалькі месяцаў і гэта ўжо вялікая падзея.

Беларусь — нецікавая для Пуціна тэма ў сэнсе заваяваньня сымпатыяў расейскай грамадзкай думкі.

Дракахруст: Кірыл, а як бы вы патлумачылі гэты парадокс: гаворыцца, што Расея хоча аднавіць Савецкі Саюз. Эўразійскі Саюз – у пэўным сэнсе крок у гэтым накірунку. Бо тое, што адбываецца ў Данбасе, насамрэч крокам у гэтым накірунку не зьяўляецца. А чаму ж тэма ЭАЭС выпадае, пры тым, што тая ж Украіна выклікае такія бурныя жарсьці?

Сухоцкі: У 2012 годзе Пуцін пра ЭАЭС гаварыў і нямала. А зараз — амаль нічога. Але паміж 2012 і 2017 гадамі адбыліся Крым і Данбас.

Зараз саюзьнікі Расеі глядзяць на тое, што адбываецца ва Ўкраіне. І яны баяцца, баяцца таго, што гэта можа здарыцца і зь імі.

Я ўчора прыляцеў з Кыргызстану, паўтары месяцы таму быў у Казахстане. Там ёсьць такое адчуваньне, перасьцярога — а калі мы нешта ня тое зробім, і з намі будзе тое, што з Украінай?

Мы на мінулым тыдні рабілі інтэрвію з міністрам замежных справаў Беларусі Ўладзімерам Макеям, які таксама казаў, што працэс збліжэньня Беларусі з Эўропай незваротны.

Гэта гаворыць пра тое, што адносіны саюзьнікаў Масквы зь ёй — гэта пытаньне страху, а не партнэрства.

Тэма прэзыдэнцкай кампаніі 2018 году — гэта Ўкраіна. Пуцін свайго трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну — гэта прэзыдэнт вайны ўва Ўкраіне.

І натуральна гаварыць пра напужаных саюзьнікаў, якія думаюць, што зь імі можа адбыцца тое ж самае, яму было не з рукі і можа нават пакуль нецікава.

Прэзыдэнцкія выбары адмыслова адбудуцца ў дзень анэксіі Крыму, была прынятая адмысловая папраўка ў закон, каб перанесьці іх на гэтую дату.

Беларуска-расейскія адносіны: рэтраспэктыва-2017 і пэрспэктыва-2018

Дракахруст: Калегі, вы ўжо прыгадалі пра сёлетні «газавы мір». Летась у газавай і нафтавай сфэрах быў востры канфлікт, які пераходзіў і ў ідэалягічную сфэру. Сёлета ў красавіку дамовіліся па газе, потым гэта пацягнула за сабой дамоўленасьць па нафце, і сытуацыя неяк залагодзілася. А другой важнай кропкай у двухбаковых адносінах сёлета былі вучэньні «Захад-2017», якія паўсюль выклікалі перасьцярогі. Што гэта ўсё азначае? Які можна зрабіць з гэтага вынік і якую праекцыю на наступны год?

Сухоцкі: Я мяркую, што стан беларуска-расейскіх адносінаў наагул ня будзе залежыць ад беларускага кіраўніцтва. Гэта будзе залежыць ад Крамля.

Тое, што Аляксандар Лукашэнка не паехаў на саміт «Усходняга партнэрства» ў Брусэль — гэта была пазыцыя сілы, калі Расея сказала, што ён не павінен туды ехаць.

Лукашэнка і яго паплечнікі спрабуюць балянсаваць паміж Расеяй і Эўропай. Можна дыскутаваць, наколькі ўдала гэта атрымліваецца. Але калі Расея зойме пазыцыю сілы, то беларускія ўлады нічога ня змогуць зрабіць.

Дракахруст: Віталь, ці згодны вы, што ад Беларусі нічога не залежыць? І вось Кірыл сказаў, што Пуцін пасьля выбараў 2018 году - гэта прэзыдэнт вайны з Украінай, а Пуцін адносна Беларусі - гэта хто?

Цыганкоў: Сёлета адбывалася завяршэньне парадыгмы «нафта ў абмен на пацалункі». Зьмена пачалася з Крыму, з ДНР/ЛНР. Цяпер Расея ледзь стрымліваецца, каб у дачыненьні да Беларусі не перайсьці на трошкі іншую мову, а, магчыма, і на зусім іншую мову.

Пакуль Лукашэнку дыпляматычнымі і палітычнымі намаганьнямі ўдаецца гэта стрымліваць, але я мяркую, што пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у РФ сытуацыя можа істотна памяняцца.

Пасьля чарговага пераабраньня Пуціна ў яго будуць разьвязаныя рукі. Зараз усе вялікія праекты адкладаюцца на час пасьля выбараў.

Масква ўжо зараз чакае ад Беларусі нечага большага, чым пацалункі.

Сытуацыя мяняецца ў накірунку, якога, як слушна адзначыў Кірыл, баяцца і ў іншых краінах Эўразійскага эканамічнага саюзу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG