Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія гісторыкі страцілі місію


Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

Часьцяком у мяне пытаюцца: «Што пачытаць пра нашу гісторыю? Толькі не дыскусіі ўсякія, а так, каб была ясная карціна, што і адкуль узялося».

Ясная карціна — гэта канцэпцыя. А канцэптуальнай гісторыі сёньня ніхто ня піша. Школьныя падручнікі і грамадзкія стэрэатыпы заточаныя пад патрэбы цяперашняй улады і многія падзеі ды факты там глыбока цэнзураваныя. Тэксты кшталту «150 пытаньняў і адказаў зь беларускай гісторыі» ствараліся ў 1990-я гады. Ермаловіч са сваёй канцэпцыяй павержаны ў нішто літоўскімі калегамі і беларускімі калегамі літоўскіх калег. Сагановіч адрокся ад сваёй «Невядомай вайны» і напісаў кнігу пра шкоду ад перамогі пад Грунвальдам. Застаюцца, бадай, фаліянты Арлова і перадачы Краўцэвіча на Белсаце. «Сапраўдныя гісторыкі» жорстка крытыкуюць і першага, і другога, але на гэтым справа сканчаецца. Прынцып «адмаўляеш — прапануй» не працуе.

Дык што пачытаць? Каб просьценька, як на пальцах? Ня ўлазячы ў спрэчкі, каб без валу лічбаў ды «заўмі». Кожнаму патрэбна столькі гістарычных ведаў, колькі яму хапае. Як казала Таня Сапач, я ведаю, што наша гісторыя вялікая і слаўная і мне гэтага дастаткова. Дык што — пачытаць? Калі зусім каротка адказаць на пытаньне Ластоўскага «Што трэба ведаць кожнаму беларусу?» — патрэбная канцэпцыя. А канцэпцыя ўзьнікае тады, калі яе стваральнікі адчуваюць місію.

Вось вам прыклад — адкуль і калі паўстала сучасная беларуская нацыя? Першая тэза: Як і ўсе іншыя сучасныя нацыі, яна паўстала ў ХІХ-м стагодзьдзі. Другая тэза: Калі б не Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 году, беларускай нацыі не было б.

Другая тэза афіцыйная, нават звыклая.

Каб даказаць (ці абвергнуць) першую тэзу, у 1960-80-я гады цэлая група беларускіх дасьледнікаў і асьветнікаў узялася за XIX-е стагодзьдзе. Заселі ў архівы, пачалі асэнсоўваць, прысьвяцілі гэтаму свае жыцьці. Адна за адной выходзілі кнігі Мальдзіса, Кісялёва, Каханоўскага, Караткевіча, Пазьняка і іншых з красамоўнымі назвамі: «Падарожжа ў XIX стагодзьдзе», «З думай пра Беларусь», «Пачынальнікі», «Повязь часоў», «Рэха даўняга часу»… Дзясяткі кніг, дзе не было супярэчнасьцяў, але была місія і нараджалася канцэпцыя. Дзякуючы гэтаму ўжо ў 1990-я гады кожны малы беларус з падручніка ведаў, што сучасная беларуская нацыя паўстала ў ХІХ-м стагодзьдзі.

У адрозьненьне ад этнасу, мадэрныя нацыі паўстаюць з ідэі. Беларуская ідэя была сфармаваная студэнтамі Лялевеля і Баброўскага Міцкевічам, Чачотам ды іншымі філяматамі, а таксама Рыпінскім, Баршчэўскім і далей — дзясяткамі творцаў. Мальдзіс з таварышамі паднялі на паверхню велічэзны пласт тэкстаў, сьведчаньняў, імёнаў тых, хто спрычыніўся да фармуляваньня нацыянальнай ідэі, якая, як высьветлілася, гучыць вельмі проста. Калі народ усьвядоміў сябе нацыяй, ён імкнецца да пабудовы сваёй дзяржавы. Гэта ідэя свайго беларускага дому.

Няхай сабе Мальдзіс і Кісялёў не былі гісторыкамі ў дысцыляваным выглядзе. Іх і называюць «філялягічным пакаленьнем». Але яны не пісалі няпраўды, а пры тым стварылі ясную карціну мінулага, якой не супярэчаць факты. Усё, што ёй можа супярэчыць — гэта меркаваньні ды эмоцыі, постпраўда.

Сёньня гэтая постпраўда шырока прадстаўленая ў беларускай мэдыйнай прасторы. Яна нічога не стварае, але з усіх сілаў імкнецца разбурыць тое, што створана папярэднікамі. Прывяду красамоўны прыклад. Але спачатку здыму два пытаньні, якія тут не дыскутуюцца.

Гаворка не пра этналёгію, а пра паўстаньне мадэрнай беларускай нацыі, менавіта палітычнай нацыі, якая ўвабрала ў сябе ўсе этнасы, што жывуць на нашай зямлі.

Гаворка не пра літвінства, бо пачынальнікі-філярэты, Рыпінскі ды дзясяткі іншых аж да Багушэвіча сфармулявалі менавіта беларускую нацыянальную ідэю-нацыю-дзяржаву. Літвінская ці літоўская не фармулявалася, хоць усе і ўсьведамлялі (і ўсьведамляюць) сябе нашчадкамі старажытнай Літвы. Што маем, тое маем, няма мэханізму вярнуцца ў пачатак ХІХ ст. і ўсё перамяніць.

Дык вось прыклад, у ФБ гісторыка Антона Астаповіча:

«Новае этналагічнае адкрыццё ад Сяргея Дубаўца ў яго блогу на радыё “Свабода”:

“Беларуская нацыянальная ідэя ўзьнікла ў асяродзьдзі студэнтаў Віленскага ўнівэрсытэту, аб’яднаных у таварыства філяматаў-філярэтаў. Гэта 1817 год”.

Па-мойму крута, але не зусім. Я б на месцы Дубаўца гэтую падзею з Львом Сапегам звязаў бы, а то і ўвогуле са Ўсяславам Чарадзеем… А то гэтая выснова касмічная і па маштабу, і па глупству».

Не новае, не этналягічнае і не адкрыцьцё. Калі проста разуць вочы, гэтая тэза прысутнічае ў беларускіх мэдыях з часоў першай «Нашай Нівы», віленскага «Калосься» і працаў згаданых вышэй «філёлягаў».

Дыскусія пад пастом Астаповіча зьвялася да маёй асобы і кваліфікацыі. Не да антытэзы. Адзіная альтэрнатыва — нехта млява дапусьціў, што беларуская нацыянальная ідэя, здаецца, узьнікла ў асяродзьдзі «западноруссов» недзе ў сярэдзіне ХІХ ст., але канцэпцыі не прапанаваў.

Ага. І пасьля ідэя тая была падхопленая Багушэвічам, які пісаў: «Знаць Чачота ўсе павінны…». Весьма по-западнорусски.

Філяматы сапраўды лічылі сябе ліцьвінамі, але ў гістарычным сэнсе (як і многія з нас), пры тым не лічылі сябе палякамі, пра што Чачот пісаў у лісьце з высылкі да Ануфрыя Петрашкевіча («нас тут прымаюць за палякаў»). Яны шукалі новае ідэнтычнасьці і асьцярожна намацвалі назву, як філямат Францішак Малеўскі («Гаворку гэтую правільна называць ня польска-рускай, а беларускай»), як філямат Антон Адынец, які намаўляў Вярыгу-Дарэўскага рабіць літаратурную кар’еру не па-польску, а па-беларуску, як філямат Адам Міцкевіч зь ягонай парыскай лекцыяй пра беларускую мову. А былі яшчэ Рыпінскі зь ягонай кнігай «Беларусь» (1840) і Баршчэўскі з кнігай «Беларусь у фантастычных аповедах» (1844). І гэта толькі тое, што прыйшло мне на памяць сходу…

Нехта пад пастом Астаповіча кінуўся бараніць філяматаў ад беларускай ідэі. Вось ужо й праўда, «вызваліцелі ад хлеба». Іншым гэта спадабалася. «Бі яе, яна яшчэ жывая!» Несалідна? Несалідна.

Магчыма, я, выхаваны на кнігах згаданых вышэй старэйшых сучасьнікаў, неяк спэцыфічна адчуваю ХІХ ст., але адчуваю, бо й сам нямала праседжваў у бібліятэках і ведаю, што тое, што мы ведаем дзякуючы «філёлягам» — гэта толькі пачатак, што тая эпоха дасьледавалася гіганцкімі намаганьнямі і ў вялікім натхненьні, але гэты працэс спыніўся.

Чытаючы працы сучасных «сапраўдных» гісторыкаў, я часта задаю сабе пытаньне — навошта я гэта чытаю? Гермэтычныя гісторыкі сапраўды ніяк не заклапочаныя зьместам школьных падручнікаў і грамадзкімі стэрэатыпамі, а мяне якраз падручнікі і стэрэатыпы цікавяць найперш. Дык навошта гермэтычным атакаваць асьветнікаў, няўжо ім мала сатысфакцыі ад уласнай гульні ў бісэр?

Яны пішуць, што ў ХІХ ст. беларускі рух быў слабейшы за літоўскі, таму Кастрычніцкая рэвалюцыя дазволіла беларусам стварыць сваю дзяржаву. Дык пачытайце хаця б Кісялёўскіх «Пачынальнікаў» і тады пішыце «слабейшы». Не, тады не напішаце.

Гісторыя даўно перастала быць навукай. Дакладней, прайшоўшы стадыю стварэньня школьных падручнікаў, яна ператварылася ў археалёгію і архівістыку, гісторыю штодзённасьці — тое, што працуе з артэфактамі. Але ж у нас яна гэтую стадыю не прайшла.

Я не заклікаю да дыскусіі. Я заклікаю разьвесьці рэйкі. Няхай тыя, хто заклапочаны падручнікамі і асьветай, разьвіваюць канцэпцыі папярэднікаў, а тыя, хто ў вежы, гэтыя канцэпцыі не ахайваюць, а калі моцна хочацца аспрэчыць, няхай прапануюць свае. Перамагаць мусіць нешта, а не нішто.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG