Новым старшынём сэнату Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту (ЭГУ) абраны прафэсар Алег Брэскі, паведаміў БелаПАН кіраўнік па камунікацыях і маркетынгу ЭГУ Максім Мільто.
Паводле яго, Брэскі абраны па выніках электроннага галасаваньня членаў сэнату ЭГУ. Раней гэтую пасаду займаў прафэсар-эмэрыт Рыгор Мінянкоў, чые трохгадовыя паўнамоцтвы на пасадзе кіраўніка сэната мінулі.
Мільто падкрэсьліў, што пачынаючы ад 2014 году ў ЭГУ працуе сэнат, заснаваны на оксбрыджскай мадэлі акадэмічнага самакіраваньня. Членамі сэнату зьяўляюцца выкладчыкі ўнівэрсытэту, пяць студэнцкіх прадстаўнікоў і чатыры прадстаўнікі адміністрацыі — усяго цяпер 45 чалавек.
Прафэсар Алег Брэскі абараніў кандыдацкую ступень па юрыспрудэнцыі ў Маскоўскім дзяржаўным унівэрсытэце імя М.В.Ламаносава ў 2001 годзе. Ад 2009 году працуе ў ЭГУ, выкладае курсы «Сусьветная гісторыя права», «Канстытуцыйнае права ЭЗ», «Права палітыкі згуртаваньня ЭЗ» і іншыя. У 2012–2017 гадах Брэскі займаў пасаду кіраўніка акадэмічнага дэпартамэнту права ўнівэрсытэту.
Новы старшыня сэнату пачне выконваць паўнамоцтвы ад 21 сьнежня.
25 гадоў ЭГУ ў фактах: посьпехі, праблемы, скандалы
Сэнат ЭГУ быў уцягнуты ў шэраг канфліктаў ва ўнівэрсытэце. Восеньню 2013 году паміж адміністрацыяй і сэнатам ЭГУ паўстаў канфлікт, зьвязаны з правядзеньнем рэформы прафэсарска-выкладчыцкага складу. Група выкладчыкаў, якая выступала супраць палітыкі адміністрацыі, заснавала плятформу «За новы ЭГУ». Большасьць зь іх 1 кастрычніка 2014 году пазбавіліся працы — зь імі не працягнулі працоўныя кантракты.
У пачатку 2014 году звольнілі старшыню сэнату ЭГУ прафэсара Паўла Церашковіча, зь якім датэрмінова перапынілі кантракт. Шматлікія звароты з патрабаваньнем аднавіць на працы прафэсара і старшыню сэнату (усяго пад пэтыцыямі было сабрана больш за 1800 подпісаў) вынікаў не прынесьлі. Церашковіч спрабаваў адстойваць свае правы ў судзе, але безвынікова.
У верасьні 2014 году Анатоль Міхайлаў пакінуў пасаду рэктара і стаў прэзыдэнтам ВНУ.
З красавіка 2015 па чэрвень 2016 году рэктарам ЭГУ быў грамадзянін ЗША Дэйвід Полік, які не валодаў ні беларускай, ні расейскай мовамі. Гэтая акалічнасьць выклікала крытыку з боку беларускай інтэлігенцыі і прадстаўнікоў апазыцыі. Яны перакананыя, што рэктарам ЭГУ, які мае нефармальны статус беларускага ўнівэрсытэту ў выгнаньні, павінен быць беларус.
Цяпер праводзіцца конкурс на пасаду рэктара, чакаецца, што ў сьнежні агульны сход сузаснавальнікаў ЭГУ прыме канчатковае рашэньне па кандыдатуры.
Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт быў адкрыты ў Менску ў 1992 годзе. У 2004 годзе беларускія ўлады закрылі ВНУ. У 2005 годзе ЭГУ аднавіў працу ў Вільні ў статусе беларускага ўнівэрсытэту ў выгнаньні. За 12 гадоў працы ў Вільні выпускнікамі ЭГУ сталі 2124 чалавекі.