Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Калодзішчаў сустрэлі міністра з плякатамі «Мы за чыстае паветра», «Амкадору не»


Вуліца Менская ў Калодзішчах.
Вуліца Менская ў Калодзішчах.

Сёньня жыхары Калодзішчаў, Міхайлава Кута, Гарадка і блізкіх да іх дачных масіваў чакалі прыезду міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродьздзя Андрэя Худыка.

Людзі сталі з плякатамі ўздоўж вуліцы Менскай — менавіта па ёй, міма школы і паліклінікі, пад вокнамі жылых дамоў, пройдзе асноўны грузавы паток на завод «Амкадор», які плянуецца збудаваць у Калодзішчах.

Паводле парталу TUT.BY, міністар праехаў міма, не спыняючыся. Яшчэ раней вылучаная жыхарамі кантактная група з трох чалавек паехала да заводу, спадзеючыся сустрэцца зь міністрам там. Але іх на завод не пусьцілі.

Вясной сёлета мясцовыя жыхары сабралі каля тысячы подпісаў і перадалі іх у выканкам Менскага раёну, але подпісы там не зарэгістравалі. Цяпер сабраныя ўжо тры тысячы подпісаў, якія мяркуецца перадаць у адміністрацыю прэзыдэнта.

Участак зямлі ў прамысловым вузьле ўздоўж вуліцы Менскай-Прамысловай даўно належыць заводу «Амкадор». Гэта камунальна-складзкая зона. Плянуецца, што на гэты ўчастак будзе перанесена частка вытворчасьці з гораду. Для гэтага там пабудуюць новыя карпусы. Для заводу вуліцу ператвораць у чатырохпалосную (або трохпалосную) — па ёй на завод пойдуць грузавікі.

Мяркуецца, што тры гектары лесу каля Міхайлава Кута высякуць і выкапаюць там для заводу сажалкі-выпарнікі з дрэніруючым эфэктам. А сама вытворчасьць, на якой будуць выпускаць па 500 пагрузчыкаў штомесяц, на думку жыхароў, будзе экалягічна вельмі небясьпечнаю. Меркаваныя сажалкі ў розных дакумэнтах называюцца па-рознаму, паводле некаторых з гэтых дакумэнтаў, яны — фільтравальныя.

Сёлета ў ліпені стала вядома, што на пашырэньне вытворчасьці «Амкадору» ў Калодзішчах Кітай выдзяляе крэдыт памерам амаль 193 мільёны даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG