Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітоляг Фядута: «Ад майго імя нехта зьвярнуўся ў КДБ і Сьледчы камітэт»


Аляксандр Фядута
Аляксандр Фядута

Сам Аляксандр Фядута кажа, што такія звароты не адпраўляў і разглядае гэта як «звычайную правакацыю». Зварот тычыцца справы «Белага легіёна».

Аляксандр Фядута распавёў, што ў ноч на 2 сьнежня на ягоны электронны адрас адначасова прыйшлі лісты з сайта Сьледчага камітэту і КДБ.

«Сёньня ў 01.18 ночы з сайта sk@sk.gov.by і admin@kgb.by на мой электронны адрас былі адпраўленыя два лісты, у якіх быў нібыта мой зварот да старшынь СК і КДБ, — распавёў Аляксандр Фядута ў камэнтары Радыё Свабода. — У звароце перадрукаваны мой камэнтар на сайце Белсату і ад майго імя патрабуюць адказаць на пытаньні, пастаўленыя ў гэтым матэрыяле. Там пазначаны таксама хатні адрас, дзе я пражываю».

Аляксандр Фядута мяркуе, што нехта скарыстаў ягонае імя і асабістыя зьвесткі, накіраваўшы электронныя звароты у гэтыя ўстановы.

«Я разглядаю гэта як звычайную правакацыю, — кажа Аляксандр Фядута. — Я ня ведаю, ці мелі да гэтага дачыненьні супрацоўнікі КДБ і СК. Але я лічу, што ёсьць група людзей, якая з задавальненьнем сутыкнула б ілбамі гэтыя два ведамствы і мяне».

Калёнка Аляксандра Фядуты, разьмешчаная на сайце незалежнага тэлеканалу Белсат, прысьвечаная асобе «фраў А.», чый ліст нібыта стаў падставаў для зьяўленьня справы «Белага легіёну».

Што да самой справы, Аляксандр Фядута лічыць яе «цалкам прыдуманай».

«Маё асабістае меркаваньне, што ніякіх падставаў для гэтай справы не было, — кажа Аляксандр Фядута. — А пасьля таго, як СК пацьвердзіў, што там няма падставаў для крымінальнай справы, трэба паразмаўляць са спадарыняй А, зь якой усё пачалося. Яна насамрэч даставіла шмат момантаў для перажываньня і тым, каго пасадзілі, і іх сваякам».

Паводле Аляксандра Фядуты, «КДБ адразу сказаў, што гэта ня іхняя справа. Сьледчы камітэт працаваў у межах сваіх паўнамоцтваў. Пракуратура таксама лічыла мэтазгодным на ўсялякі выпадак праверыць, а раптам там сапраўды тэрарысты».

А вось фігуры «фраў А.», мяркуе ён, неапраўдана мала ўвагі.

«Усе мусяць даведацца, што за інфармацыя была ў фраў А., хто яна такая і чым яна была матываваная, — кажа Аляксандр Фядута. — Трэба каб ніхто ніколі больш ня мог пад хлусьлівай нагодай выкарыстоўваць сьледчыя органы, каб вырашыць нейкія свае справы. Калі гэта фраў А., то трэба на яе прыкладзе паказаць, што гэта не дапушчальна».

Як зьявілася справа «Белага легіёну»

Затрыманьні ў справе пачаліся пасьля заявы Аляксандра Лукашэнкі 21 сакавіка 2017 году, што ў Беларусі «затрымалі дзясяткі баевікоў», якія «трэнаваліся ў лягерах са зброяй». У той жа дзень Лукашэнка заявіў, што «не адмяняў і не прыпыняў» дэкрэт № 3, які «ўзарваў апазыцыйную кляаку», і што хацеў бы, каб беларускія навукоўцы вынайшлі новую крыніцу энэргіі. За дзень да таго дзяржаўныя СМІ пачалі распаўсюджваць нібы не зьвязаныя адна з адной «страшылкі», якім тут жа знаходзіліся абвяржэньні.

Цягам некалькіх дзён стала вядома пра 35 затрыманых. Спачатку паведамлялася, што справа вядзецца аб «падрыхтоўцы масавых беспарадкаў» (частка 3 артыкулу 293 Крымінальнага кодэксу), пазьней зьявілася абвінавачаньне ў «стварэньні незаконнага ўзброенага фармаваньня і ўдзеле ў ім» (артыкул 287 КК).

«Советская Белоруссия» публікавала фота страйкбольнай зброі і патронаў-«покавак» пад выглядам баявой. На выяве: зьлева — артыкул на сайце sb.by, справа — страйкбольны пісталет Gletcher CLT 1911 на сайце вытворцы.

У красавіку на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь-1» выйшаў прапагандысцкі фільм «Белы легіён чорных душ» пра «справу патрыётаў», у якім распавядалася пра нібыта пагрозы замаху на спакой у Беларусі з боку «экстрэмістаў»: з тэрыторыі Польшчы, Украіны і Расеі, пра знойдзеную ў фігурантаў справы зброю, пра плянаваньне тэрактаў у Маскве.

Па дзяржаўнай тэлевізіі і ў дзяржаўнай прэсе ня раз паказвалі «канфіскаваную зброю баевікоў», але ў ліку паказанай зброі была і легальная паляўнічая, і бяскрыўдная страйкбольная. Ад тэрарыстаў Беларусь нібыта «ўратавала» нейкая жанчына зь Нямеччыны, названая «фраў А.»: нібыта яна паведаміла Лукашэнку пра падрыхтоўку масавых беспарадкаў у Менску.

Справа «Белага легіёну» — ад затрыманьняў да вызваленьняў

Паступова фігурантаў справы выпусьцілі на волю пад падпіску аб нявыезьдзе, а у чэрвені справа была перададзеная ў Сьледчы камітэт Беларусі. Летам справа фактычна развалілася. Ня так даўно старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч заявіў, што «да канца восені ў гэтай справе будзе пастаўлена кропка».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG