Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мне ў галаву не прыходзіла, што за такія грошы можна падаць у суд». Менскаму праграмісту пагражае да 10 гадоў калёніі


Мікіта Кіжлай
Мікіта Кіжлай

Мікіту Кіжлая абвінавачваюць адразу па трох артыкулах, у тым ліку ў кампутарным сабатажы. Заяву на праграміста напісаў ягоны былы працадаўца.

Мінулай зімой мянчук Мікіта Кіжлай, ня маючы афіцыйнай працы, задумаўся аб тым, як пазьбегнуць сплаты падатку за дармаедзтва. Вырашыў уладкавацца хаця б часова. У інтэрнэце знайшоў абвестку. К. шукаў распрацоўшчыка сайтаў. Мікіта свой першы сайт зрабіў яшчэ 10 гадоў таму, пэрыядычна займаўся гэтым на ўзроўні хобі і падумаў — чаму б не паспрабаваць?

«У аб’яве гаварылася пра аклад памерам 100 рублёў, дыстанцыйную працу, 1–2 гадзіны ў дзень, — кажа Мікіта. — Я падумаў, што гэта, магчыма, зь неба сума ўзятая, на самой справе будзе больш. Вырашыў пазваніць».

Сустрэліся, пагаварылі. Дамовіліся, што працаваць Мікіта будзе па дамове падраду. Хлопец выканаў тэставыя заданьні. Абслугоўваць трэба было адразу некалькі сайтаў. Працадаўцу ўсё задаволіла. «Ён казаў, што „ўаў, бляск, прыгажосьць“. Мяне таксама ўсё задавальняла, таму што рэальна я траціў на гэтую працу 10–15 хвілін на дзень», — кажа Мікіта.

З офіса працадаўцы Мікіта трапіў у адзьдзяленьне міліцыі. Ілюстратыўнае фота.
З офіса працадаўцы Мікіта трапіў у адзьдзяленьне міліцыі. Ілюстратыўнае фота.

За першы месяц грошы праграміст атрымаў на пачатку студзеня. У лютым зноў заключыў дамову, атрымаў заробак. «Мне падавалася, што нармальны, адэкватны чалавек... А потым усё зьмянілася, — кажа Мікіта. — У сакавіку, красавіку і траўні я працягваў працаваць, але ў працадаўцы ўжо не было часу са мной сустрэцца. То на будоўлі ён, то яшчэ дзе. Ні грошай я ня мог забраць, ні дамову падпісаць новую. Ну, я працаваў, заданьні супрацоўніца К. дасылала. А сам К. абяцаў, што ўсё задняй датай аплаціць».

На сайтах, над якімі працаваў Мікіта, разьмяшчалася рэклямная інфармацыя. Празь іх К. знаходзіў кліентаў. Пасьля трох месяцаў ігнараваньня працадаўцам праграміст пачынае дзейнічаць больш актыўна.

«Я спачатку прыпыніў працу сайтаў, замяніў загалоўную старонку, — кажа ён. — Напісаў там: „Праца сайта часова прыпыненая, заплаціце сыстэмнаму адміністратару“. Паводле 666 артыкула Грамадзянскага кодэксу я маю права ўтрымліваць выкананую працу да моманту аплаты і выдачы на рукі дамовы. Званіў працадаўцу, хацеў зразумець, што адбываецца. Калі б ён мне сказаў — прабач, няма зараз грошай, расплачуся праз паўгода, я б пагадзіўся. Справа ня ў той суме грошай».

Празь нейкі час К. з дапамогай кампаніі-хостэра ўдалося аднавіць працу сваіх сайтаў. Пасьля гэтага Мікіта выдаліў сайты з сэрвэра, пакінуўшы іх копіі на сваім кампутары.

«Празь некалькі дзён пасьля гэтага працадаўца мне пазваніў сам, запрасіў прыйсьці па грошы, — кажа праграміст. — А там спачатку прапаноўваў нейкія новыя паперы падпісаць, зь якіх выходзіла, што я займаюся махлярствам. Я адмовіўся. Адразу пасьля гэтага прыйшлі супрацоўнікі міліцыі і адвезьлі мяне ў Маскоўскі РАУС».

Там Мікіта Кіжлай даў свае першыя паказаньні. Пра тое, што працаваў у К., а сайты блякаваў ня з мэтай нанесьці шкоду, а спадзеючыся атрымаць дамову падраду і заробленыя грошы.

Пачалося сьледзтва, была ўзбуджаная крымінальная справа па артыкуле 351.1 — кампутарны сабатаж. У Мікіты захавалася перапіска з К., дзе яны вялі перамовы аб працы (агулам да справы далучылі 14 лістоў).

«Я ў шоку быў. Мне ў галаву не прыходзіла, што чалавек за такія сьмешныя грошы пойдзе некуды пісаць заяву. А ён напісаў у шэсьць розных інстанцый. У міліцыю, у суд адразу зьвярнуўся», — кажа Мікіта.

Справа Мікіты Кіжлая ўжо перададзеная ў суд, дата разгляду пакуль не прызначаная. Абвінавачваюць ужо былога сыстэмнага адміністратара адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу — 349 ч.2, 350 ч.2, 351 ч.2. Усе яны зьвязаныя са злачынствамі ў сфэры кампутэрных тэхналёгій — несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі, зьмяненьне кампутарнай інфармацыі, яе зьнішчэньне і кампутарны сабатаж. Па апошнім артыкуле Кіжлаю пагражае ад 3 да 10 гадоў пазбаўленьня волі.

«Я ўсяго толькі хацеў атрымаць нявыплачаныя мне грошы, — кажа праграміст. — Ужо потым пачаў у гугле шукаць інфармацыю пра працадаўцу К. А там водгукі нэгатыўныя. Ад супрацоўнікаў, ад пастаўшчыкоў. Усё як у мяне».

Праграміст перакананы ў сваёй невінаватасьці і працягвае спасылацца на Грамадзянскі кодэкс. Ад ягонага былога працадаўцы К. атрымаць камэнтар не ўдалося.

Ілюстратыўнае фота.
Ілюстратыўнае фота.

Кажуць экспэрты

Тацяна Байчук, юрыст IT-дэпартамэнту юрыдычнай кампаніі REVERA

«З аналізу заканадаўства можна сказаць, што праграміст ня мог выдаляць сайты з сэрвэра, бо права ўтрыманьня ў выпадку неаплаты работ тычыцца толькі рэчаў, а вэб-сайт — гэта ня рэч. У дачыненьні да вэб-сайта мы кажам пра нейкі нематэрыяльны актыў і выключныя правы на вэб-сайт. Гэта значыць, вэб-сайт — гэта ня той аб’ект, які можа быць утрыманы.

У цэлым утрыманьне магчымае толькі той рэчы даўжніка, якая на момант, калі грошы яшчэ ня выплачаныя, знаходзілася ў праграміста. У апісанай сытуацыі ён зрабіў захады, каб спачатку выключыць вэб-сайты, якія не былі ў ягоным валоданьні, а потым іх утрымліваць. Працадаўца падаў заяву ў органы ў сувязі зь несанкцыянаваным доступам да інфармацыі на ягоным сэрвэры.

Гэта значыць, сутнасьць прэтэнзіі заказчыка ў тым, што праграміст без дазволу ўлез на сэрвэр і выдаліў сайты. Гэта ўжо па-за полем дамоўных адносін бакоў. Ёсьць падставы для ўзбуджэньня крымінальнай справы за злачынства супраць інфармацыйнай бясьпекі».

Марыя Колесава-Гудзіліна, адвакат

«У маёй практыцы спраў, зьвязаных з кібэрзлачынствамі, ня вельмі шмат. Аднак у Сьледчым камітэце нездарма створанае „Ўпраўленьне К“. Яно займаецца менавіта расьсьледаваньнем кампутэрных злачынстваў. А іх процьма. Вельмі шмат дзеяньняў учыняюць работнікі, якія выдаляюць інфармацыю з сайтаў працадаўцаў, мяняюць там нешта, наносячы тым самым нейкую шкоду. Літаральна нядаўна была падобная да апісанай вамі справа. Там абвінавачанага па некалькіх артыкулах апраўдалі і адпусьцілі проста ў залі суду.

Пытаньне ў тым, як кваліфікаваць дзеяньні, учыненыя фізычнай асобай.

Ці можна сказаць, што ў Беларусі любое злачынства, зьдзейсьненае з дапамогай кампутэрнай тэхнікі, можна лічыць кібэрзлачынствам? Гэта вельмі грубая, спрошчаная фармулёўка, аднак практычна так і ёсьць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG