Апошнім часам былі выяўленыя факты рассылкі праз электронную пошту лістоў ад імя «Белаграпрамбанку», якія зьмяшчалі шкоднае праграмнае забесьпячэньне або мелі спасылкі на шкодныя інтэрнэт-рэсурсы. Пра гэта афіцыйна паведамляецца на сайце «Белаграпрамбанку».
Пры гэтым у кампаніі сьцьвярджаюць, што банк не рассылае спаму і не выкарыстоўвае адрасы электроннай пошты, паведамленыя кліентамі, для рэклямных рассылак, прапановаў, акцыяў або любых іншых падобных дзеяньняў, калі кліент не падпісваўся для іх атрыманьня.
«Ніколі і ні пры якіх абставінах банк не рассылае электронных лістоў, якія зьмяшчаюць просьбы адкрыць укладзеныя файлы, перайсьці па спасылках на іншыя рэсурсы, увесьці пэрсанальныя, картачныя альбо іншыя канфідэнцыйныя зьвесткі на сайтах у інтэрнэце. Падобныя лісты рассылаюцца ашуканцамі па адрасах, якія знаходзяцца ў адкрытым доступе», — падкрэсьліваюць у «Белаграпрамбанку».
Як ня стаць ахвярай махлярства
- ніколі не паведамляйце пэрсанальныя, картачныя альбо іншыя канфідэнцыйныя зьвесткі (напрыклад, лагін і пароль ад інтэрнэт-банкінгу, асабісты нумар пашпарта, нумар, CVV або ПІН-код ад банкаўскай аплатнай карткі) пабочным асобам, нават калі яны прадстаўляюцца супрацоўнікамі банку, працэсінгавага цэнтру або службы, якая праводзіць сацапытаньні;
- не адказвайце на электронныя лісты, у якіх запытваюць вашы канфідэнцыйныя зьвесткі, не пераходзьце па ўказаных у іх спасылках, не адкрывайце укладзеных файлаў;
- усталёўвайце і выкарыстоўвайце толькі ліцэнзійнае антывіруснае праграмнае забесьпячэньне і пастаянна абнаўляйце антывірусныя базы;
- праводзьце рэгулярную ўстаноўку абнаўленьняў бясьпекі сыстэмнага і прыкладнога праграмнага забесьпячэньня у адпаведнасьці з рэкамэндацыямі вытворцаў;
- для ўваходу на інтэрнэт-рэсурсы банку заўсёды набірайце адрасы сайтаў уручную або карыстайцеся закладкамі браўзэра, якія зрабілі вы самі;
- пры пераходзе на сайт банку зь іншых інтэрнэт-рэсурсаў правярайце дакладнасьць спасылкі. Зьвярніце ўвагу: адрас інтэрнэт-банкінгу і кліент-банку павінен пачынацца з https: //, а не з http: //;
- калі вы атрымалі падазроны ліст ад імя банку, зьвяжыцеся з кантакт-цэнтрам гэтага банку і ўдакладніце ўсю інфармацыю.