«Спачатку мы будзем пераходзіць на родную мову ў пісьмовых і друкаваных абвестках і афішах, а затым і ў гукавых. Беларускую мову можна будзе пабачыць, а потым і пачуць», — сказаў Мелікян.
На сёньняшні дзень абвесткі ў Нацыянальным аэрапорце гучаць на расейскай, ангельскай, а зь нядаўняга часу і на кітайскай мовах. На табло адлётаў і прылётаў самалётаў таксама тры мовы.
«Справа ў тым, што ў нашым аэрапорце 30% — транзытныя пасажыры, — кажа спадар Мелікян. — І, каб ім было зручней, каб не было блытаніны, мы пакуль не карыстаемся беларускай мовай — баімся, што інакш у пасажыраў будуць узьнікаць дадатковыя пытаньні. Але я заяўляю: сфэру роднай мовы мы будзем абавязкова пашыраць. Сёньня ўсе нашы супрацоўнікі, якія працуюць з пасажырамі, ведаюць некалькі моваў. І яшчэ хачу падкрэсьліць: назва аэрапорту зроблена па-беларуску, уначы яна прыгожа падсьвечваецца. Кожны, хто трапляе сюды, бачыць, што гэта Нацыянальны аэрапорт Беларусі, а ня нейкай іншай краіны».
Пытаньні спадару Мелікяну карэспандэнт Свабоды задаваў падчас прэсавай канферэнцыі, прысьвечанай дню работнікаў грамадзянскай авіяцыі. Адказ пачуў на дзьвюх мовах: частку на беларускай, частку па-расейску.
«Я з інтэрнацыянальнай сям’і, — распавёў Свабодзе генэральны дырэктар Нацыянальнага аэрапорту «Менск». — Бацька армянін, маці беларуска. Нарадзіўся я ў Менску, у радзільні каля стадыёну „Дынама“. Тут усё жыцьцё і пражыў. Таму і ведаю беларускую мову».
Да адказу спадара Мелікяна далучыўся і генэральны дырэктар авіякампаніі «Белавія» Анатоль Гусараў.
«Я днямі вярнуўся з Прагі. Заўважыў, што там у аэрапорце абвесткі, як і ў Менску, гучаць на трох мовах: чэскай, ангельскай і карэйскай. Таму тое, што ў нашым аэрапорце цяпер ёсьць і кітайская, безумоўна, добра. Але я згодзен з тым, што сфэру ўжываньня беларускай мовы трэба пашыраць. Замежныя мовы — гэта замежныя, а беларуская — свая», — падсумаваў спадар Гусараў.