Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спадарожнікі, спэктромэтры, зандаваньне Зямлі — 5 касьмічных дасягненьняў Беларусі


На Беларускім касьмічным кангрэсе
На Беларускім касьмічным кангрэсе

Беларускія касьмічныя распрацоўкі 24–25 кастрычніка прадстаўляюць на сёмым Беларускім касьмічным кангрэсе. Форум арганізаваны Аб’яднаным інстытутам праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Падчас двухдзённага форуму паргучыць больш за сотню дакладаў навукоўцаў і спэцыялістаў гэтай галіны зь Беларусі, Расеі, Казахстану, Украіны. Плянуецца, што налета Беларусь стане пляцоўкай Міжнароднага касьмічнага кангрэсу.

Свабода сабрала асноўныя касьмічныя дасягненьні Беларусі.

Касманаўты

Навукоўцы перакананыя, што Беларусь мае поўнае права залічваць сябе да касьмічных дзяржаваў. Сярод тых, хто асвойваў касьмічную прастору, ёсьць этнічныя беларусы Пётра Клімук, Уладзімер Кавалёнак, Алег Навіцкі. Першыя два рэалізавалі сябе як касманаўты ў часы СССР, Навіцкі лятаў у космас у складзе расейскага атраду касманаўтаў.

Дэлегацыя карпарацыі «Роскосмос» ужо прыбыла ў Менск. Прыезд беларускіх касманаўтаў з Масквы чакаецца заўтра.

Спадарожнікі

Беларускімі навукоўцамі створаная сыстэма дыстанцыйнага зандаваньня зямлі, Нацыянальная акадэмія навук працуе над новым касмічным апаратам (БКА-2), запуск якога заплянаваны на канец 2019 году.

Першы запуск беларускага спадарожніка завяршыўся няўдала — у 2006 годзе расейска-ўкраінская ракета-носьбіт «Дняпро» з беларускім спадарожнікам «БелКА» пацярпела аварыю на вачах Аляксандра Лукашэнкі. Паўторна беларускі спадарожнік апарат вывелі на арбіту толькі ў 2012 годзе.

Паводле афіцыйных зьвестак, прыбытак ад выкарыстаньня першага касьмічнага апарата перавысіў выдаткі на яго стварэньне на 8 мільёнаў даляраў. Атрыманыя зь яго зьвесткі выкарыстоўваюцца ня толькі ў навуковых, а і ў камэрцыйных мэтах — пастаўляюцца ў Вэнэсуэлу, Расею, краіны Блізкага Ўсходу. Разглядаецца пытаньне аб арганізацыі работы касьмічнага апарата ў каапэрацыі са спадарожнікамі Віетнаму і Казахстану.

На пачатку 2016 году пачаў працаваць спадарожнік сувязі «Белінтэрсат-1» — вынік беларуска-кітайскага супрацоўніцтва. На продажы касьмічнай інфармацыі зароблена блізу 15 мільёнаў даляраў. Запушчаны ён з касмадрому ў Кітаі, лётныя выпрабаваньні праводзіла Нігерыя.

Усепагодны спадарожнік

Старшыня аргкамітэту кангрэсу, генэральны дырэктар Аб’яднанага інстытуту праблем інфарматыкі НАН Сяргей Караняка акрэсьліў галоўную мэту кангрэсу — вызначыць прыярытэтныя кірункі разьвіцьця, умацаваць міжнароднае супрацоўніцтва, паставіць касьмічную прастору на службу навуковых дасьледаваньняў у мірных мэтах:

«Аб’яднаны інстытут працуе над стварэньнем усепагоднага спадарожніка. Цяпер беларускі апарат у асноўным працуе ў аптычным дыяпазоне, гэта значыць, калі шчыльная воблачнасьць, мясцовасьць з космасу не відаць. Спадарожнік новага пакаленьня дазволіць назіраць за зямлёй, аб’ектамі ў любое надвор’е».

Спэктромэтар

Прадстаўлена таксама цікавая распрацоўка Белдзяржунівэрсытэту — прыстасаваньне для каліброўкі касьмічнай апаратуры — спэктромэтар. Такі прыбор пасьпяхова працуе на Міжнароднай касьмічнай станцыі. Таксама пакажам тэхналёгіі апрацоўкі дадзеных дыстанцыйнага зандаваньня зямлі ў інтарэсах розных ведамстваў, у прыватнасьці Міністэрства сельскай гаспадаркі, Мінпрыроды і г.д.

Касьмічнае матэрыялазабесьпячэньне

Акадэмік Расейскай акадэміі касманаўтыкі імя Цыялкоўскага, начальнік упраўленьня стратэгічнага плянаваньня і мэтавых праграмаў Фэдэральнага касьмічнага агенцтва «Роскосмос» Юрый Макараў з пашанай выказаўся на адрас беларускіх калегаў, адзначыўшы, што іх напрацоўкі карыстаюцца высокім попытам у Расеі:

Юрый Макараў адказвае на пытаньні журналістаў
Юрый Макараў адказвае на пытаньні журналістаў

«Гэта ня проста словы, бо ў нас яшчэ за савецкім часам ажыцьцяўлялася шчыльная супрацоўніцтва расейскіх і беларускіх прадпрыемстваў, — адзначыў ён. — Пачынаючы ад 1999 году, рэалізуецца адразу сем праграмаў у рамках саюзнай дзяржавы, пяць зь іх ужо завершаныя. Дык вось у рамках гэтых праграмаў сфармаваная каапэрацыя больш як з 60 суб’ектаў гаспадараньня, пры гэтым 26 прадпрыемстваў — беларускія.

Усе яны працуюць у самых розных кірунках, але па касьмічнай тэматыцы — касьмічнае матэрыялазабесьпячэньне, прыборны шэраг для касьмічных апаратаў і ракет-носьбітаў, альгарытмічнае забесьпячэньне і г.д. Рэалізацыя саюзных праграмаў у галіне космасу небеспадстаўна прызнаная найлепшай сярод усіх міністэрстваў і ведамстваў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG