Паседжаньне мае пачацца а 19-й гадзіне паводле менскага часу.
Мадрыд асьцерагаецца, што рэгіянальны парлямэнт можа прагаласаваць за аднабаковае абвяшчэньне незалежнасьці.
Каталёнскія ўлады раней заявілі, што каля 90 працэнтаў з больш як двух мільёнаў чалавек, якія ўзялі ўдзел у рэфэрэндуме 1 кастрычніка, прагаласавалі за аддзяленьне ад Гішпаніі. Праціўнікі кажуць, што гэты рэфэрэндум не прадэманстраваў сапраўдную волю жыхароў рэгіёну, паколькі тыя, хто хоча застацца ў Гішпаніі, у асноўным байкатавалі галасаваньне.
Сотні тысяч людзей правялі ў выхадныя ў Барсэлёне акцыі супраць аддзяленьня Каталёніі ад Гішпаніі.
Закон аб рэфэрэндуме Каталёніі, які Мадрыд лічыць неканстытуцыйным, прадугледжвае аднабаковае абвяшчэньне незалежнасьці каталёнскім парлямэнтам, калі большасьць дэпутатаў прагаласуюць за аддзяленьне ад Гішпаніі. Калі гэта адбудзецца 10 кастрычніка, то пачнецца шасьцімесячны працэс перамоваў з Гішпаніяй перад рэгіянальнымі выбарамі і канчатковым актам аб аддзяленьні.