На конкурс на мэмарыяльны знак у Курапатах у рэдакцыю газэты «СБ. Беларусь сегодня» даслана болей за 60 праектаў, на добраўпарадкаваньне Курапатаў людзі пералічыць на дабрачынны рахунак больш за 3 тысяч даляраў. Пра гэта распавёў «Свабодзе» рэдактар газэты Павал Якубовіч. Паводле яго, ёсьць «дырэктыўная каманда», каб перадаць вырашэньне адміністрацыйных пытаньняў, датычных Курапатаў ад Менаблвыканкаму Менгарвыканкаму, а таксама нарэшце вырашаецца пытаньне з ахоўнымі зонамі мэмарыялу.
— Павал Ізотавіч, увесну быў абвешчаны конкурс на мэмарыял у Курапатах. Раней паведамлялася, што Міністэрства культуры атрымала 26 эскізных праектаў, я днямі зьвязвалася з міністэрствам, там адказалі, што пра вынікі конкурсу яшчэ нельга казаць. Вы ініцыявалі больш шырокі фармат конкурсу, і прапанавалі дасылаць свае прапановы непасрэдна ў рэдакцыю газэты «СБ. Беларусь сегодня». Сябры так званай працоўнай групы, якіх вы запрашалі да ўдзелу ў вызначэньні пераможцаў конкурсу, казалі мне, што пакуль яны яшчэ нічога не бачылі і не абмяркоўвалі. Што адбываецца з правядзеньнем конкурсу? Ці можна казаць пра нейкія вынікі?
— Конкурс працягваецца, працягваецца збор сродкаў. Каля 3 тысячаў даляраў людзі перавялі на рахунак дзеля добраўпарадкаваньня Курапатаў. Гэта працягваецца. Што тычыцца творчага конкурсу на памятны знак, то таксама людзі працягваюць прысылаць эскізы, ідэі, прапановы, ужо прыслана больш за 60 прапановаў. Літаральна ў сёньняшняй рэдакцыйнай пошце ёсьць. Хаця я крыху тэмп зьнізіў. Спынілі мы ўжо трансьліраваць абвестку і заклікаць да ўдзелу. Ёсьць дастаткова арыгінальныя ідэі, але праз некаторы час трэба будзе зьбіраць творчае журы, якое нешта будзе адбіраць. Гэта з добрых навінаў, але ёьць яшчэ больш добрая навіна.
Заўсёды ёсьць небясьпека, што праз некаторы час ізноў нейкія афэрысты зьявяцца і пачнуць будаваць ізноў упрытык.
Я дамогся, мы дамагліся таго, што ёсьць дырэктыўная каманда, каб усё, што зьвязана з Курапатамі ў адміністрацыйным сэнсе, было перададзена ад Менскага аблвыканкаму Менгарвыканкаму. Мне падаецца, я перакананы, што гэта пазытыўнае рашэньне і дзеяньне. Бо з Аблвыканкамам гадамі адзін на аднаго ківалі і нічога зроблена не было. Цяпер гэтым займаецца Менгарвыканкам і адпаведна спэцыялісты ўпраўленьня архітэктуры Менску. Галоўнае, што адміністрацыйная машына накіраваная на выкананьне нашых канцэптуальных і практычных рэчаў. А самае галоўнае тое, што вызначаюцца межы Курапатаў. Заўсёды ёсьць небясьпека, што праз некаторы час ізноў нейкія афэрысты зьявяцца і пачнуць будаваць ізноў упрытык, і зноў узьнікнуць старыя фантомы, канфлікты і гэтак далей. Таму межы ахоўныя — гэта вельмі важна і гэта зроблена.
— Дзе яны праходзяць? Якія там ахоўныя зоны?
— Пакуль тое, што ёсьць у цэлым і плюс кавалак, назавем яго, ячменнага поля. Гэта поле, якое прымыкае з боку гораду, вялікі кавалак гэтага поля будзе адносіцца да Курапатаў. Так званая дарога сьмерці. І застаецца рэзэрв, каб тыя ідэя, якія я падзяляю, і я перакананы, што гэта важна, каб з часам была зямля для стварэньня сьцяны памяці і нейкіх адміністрацыйных будынкаў, якія могуць быць музэям ці канфэрэнц-заляй ці нечым іншым. Я перакананы, што гэта будзе зроблена.
Ёсьць эскіз мастацкай агароджы ўсяго курапацкага ўчастку, ён уключае і мэталічныя крыжы.
Дамагаліся галоўнага, каб ваколіцы Курапатаў перасталі быць ласым кавалкам для ўсялякіх забудоўшчыкаў, якія спрабуюць адхапіць з аднаго боку і з іншага. З «Бульбаш-холам» гэта ўжо адбылося, з будынкам у Зялёным Лузе-6 была канфліктная сытуацыя сёлета. Ахоўныя зоны нівэліруюць усялякага кшталту рызыкі. Гаварыў я з паважанай Мая Тодараўнай Кляшторнай. Яна вельмі шмат займалася гэтым пытаньнем, калі была навуковай кіраўніцай мэмарыялу Курапаты. Зь яе пункту гледжаньня першааснова ўсяго — зрабіць ахоўныя зоны. Вось такая ёсьць пэўная перамога.
Таксама ёсьць эскіз, што тычыцца добраўпарадкаваньня Курапатаў, які зрабіла архітэктурнае ўпраўленьне Менску, творчыя майстэрні. Ёсьць эскіз мастацкай агароджы ўсяго курапацкага ўчастку, ён уключае і мэталічныя крыжы, яны выразна і лягічна становяцца часткай гэтай агароджы. Ад «дарогі сьмерці» ствараецца ня проста ўваход, а як бы пляцоўка, пакуль рабочая назва «Боль», каб людзі адразу ўваходзілі і іх бачылі, што такое Курапаты. Гэта тое месца, якое ў выніку папярэдняй нядбайнасьці, калі зрабілі адводы вады ў другі бок, на пачатак Курапат, які цяпер у забалочаным стане. Яна будзе прыведзеная ў парадак і далей будзе змыкацца з дарогай, якая ідзе на Галгофу. Там будзе скразная дарога і другія брамы ў кірунку Бульбаш-холу. Агароджа будзе па ўсім пэрымэтру. У самім народным мэмарыяле некаторыя крыжы, які падгнілі, заменяць на новыя, больш моцныя. Астатняе — камунальныя пытаньні, дарожкі вакол Курапатаў, паркоўкі для магчымага транспарту, натуральна, біятуалеты. Што тычыцца памятнага знаку, то конкурс правядзем і абвесьцім насельніцтву, які там будзе памятны знак.
— Набліжаюцца сумныя даты, 80-гадоў расстрэлаў беларускай эліты, дзень памяці продкаў Дзяды. Ці да гэтых датаў плянуецца падсумаваньне вынікаў конкурсу? Ці што-небудзь да гэтых датаў вы плянуеце рабіць?
Я ня змог на сёньня вывесьці з-пад арышту кнігу Пазьняка, якую канфіскавалі ў Алеся Чахольскага.
— І да гадавіны расстрэлаў і да Дзядоў будзем арганізоўваць вялікі суботнік, на які запрашаюцца ўсе, будуць і прафсаюзы, і моладзевыя арганізацыі. Хацелася б, каб і «Малады фронт», і іншыя далучыліся, будзе асобны зварот. Я мяркую, што цягам кастрычніка наўрад ці мы зможам вызначыцца з памятным знакам, і з агароджай і з усім немалым памерам працы. Гэта патрабуе часу. Пакуль сутнасьць у руху, пазытыўным руху, а ня проста размовах. Справа ня толькі зрушылася, але ідзе вельмі інтэнсіўна.
Ёсьць і дрэнная асабіста для мяне навіна. Я ня змог на сёньня вывесьці з-пад арышту кнігу Пазьняка, якую канфіскавалі ў Алеся Чахольскага. Вярхоўны суд прызнаў яе экстрэмісцкай. На жаль, я ня змог дамагчыся, каб гэты арышт быў зьняты, але юрыдычныя магчымасьці яшчэ застаюцца, і я буду іх выкарыстоўваць, каб зьняць з кнігі «экстрэмісцкую пячатку», якая была пастаўленая. У гэтым сэнсе аптымізм у мяне ёсьць, і я ў гэтым кірунку буду весьці барацьбу.
— Вы, напэўна, ведаеце, што ад моманту, калі было абвешчана пра конкурс, штотыдзень працягваюцца талокі ў Курапатах. Летам на ахвяраваньні людзей праз плятформу «Талака», частка драўляных крыжоў вакол Курапатаў была замененая на мэталічныя. А што тымі грошамі, якія былі ахвяраваныя на Курапаты, пра якія вы кажаце. Яны пакуль яшчэ ні на што не былі расходаваныя? І на што плянуеце іх выдаткаваць?
— Пакуль яны на рахунку і працягваюць паступаць. Літаральна штодня ёсьць паступленьні з усёй краіны. Яны невялікія, але ідуць рэгулярна. Сума, канечне, не ўражвае — крыху болей за 3 тысячы даляраў на сёньняшні дзень. Справа не ў суме, а ў тым, што многія людзі адгукнуліся. На жаль, калі высокімі словамі казаць, курапацкім болем да часткі грамадзтва дастукацца немагчыма. Ня лічыць многія людзі гэта актуальным і вартым увагі...
***
Паводле розных падлікаў ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў лясным масіве пад Менскам. 3 чэрвеня 1988 году ў газэце «Літаратура і мастацтва» быў надрукаваны артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты — дарога сьмерці». У выніку сьвет даведаўся пра масавыя сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі. Гэта пацьвердзілі ўсе праведзеныя расьсьледаваньні. Цягам апошніх дзесяцігодзьдзяў у Курапатах былі ўсталяваныя некалькі тысячаў крыжоў — на алеі, уздоўж асноўных тропаў, на ямінах-магілах, вакол урочышча.
Пасьля таго, як сёлета ў лютым паўстаў кругласутачны лягер абароны Курапатаў супраць будаўніцтва офіснага цэнтру, адбыўся «круглы стол» у газэце «СБ. Беларусь сегодня» пад назвай «Гісторыя, якая павінна нас абʼядноўваць», яго матэрыялы паказалі па БТ. Праз некаторы час Аляксандр Лукашэнка заявіў, што найбліжэйшым часам ва ўрочышчы Курапаты створаць мэмарыяльны комплекс. Міністэрства культуры абвясьціла конкурс эскізаў памятнага знака «Курапаты». Ініцыятар удзелу дзяржавы ў мэмарыялізацыі Курапатаў галоўны рэдактар газэты «СБ. Беларусь сегодня» Павал Якубовіч лічыць, што да мэмарыялізацыі Курапатаў на ўсіх этапах маюць быць далучаныя ўсе прадстаўнікі грамадзкасьці, якія доўгія гады апекаваліся Курапатамі. Ён ініцыяваў стварэньне рабочай групы, у якую запрасіў Ігара Кузьняцова, Ганну Шапуцьку, прадстаўніка КХП БНФ, кіраўніка Грамадзкай дырэкцыі Народнага мэмарыялу Алеся Чахольскага і іншых зацікаўленых асобаў. Узначаліць камісію, якая будзе вызначаць пераможцаў курапацкага конкурсу, было прапанавана ляўрэатцы Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Сьвятлане Алексіевіч. Яна адмовілася, скажаўшы, што гэта мусіць быць адкрывальнік Курапатаў Зянон Пазьняк. Пазьняк, які з 1996 году не жыве ў Беларусі, лічыць, што народны мэмарыял у Курапатах ужо створаны.