Галоўны рэдактар газэты «Советская Белоруссия» Павал Якубовіч запрасіў на сустрэчу ў рэдакцыю Маю Кляшторную.
Яе бацькі — Яніна Германовіч і паэт, перакладчык Тодар Кляшторны — былі рэпрэсаваныя ў сталінскі пэрыяд і рэабілітаваныя ў 1950-х, пасьля сьмерці Сталіна, праз адсутнасьць складу злачынства.
Мая Тодараўна ўпершыню змагла пазнаёміцца з архіўнай справаў сваёй маці: кіраўніцтва Камітэту дзяржбясьпекі і супрацоўнікі Цэнтральнага архіву КДБ пайшлі насустрач Паўлу Якубовічу і абнародавалі копіі сакрэтных дакумэнтаў.
Зь іх, у прыватнасьці, вынікае, што Яніну Германовіч арыштавалі на апэратыўны загад наркама Яжова № 00486 і асудзілі за тое, што яна жонка расстралянага «ворага народу». Ніякіх абвінавачаньняў прад’яўлена не было.
Дзе магіла самога Тодара Кляшторнага, ягоная дачка дакладна ня ведае. Але хутчэй за ўсё — у Курапатах. Прынамсі для сябе называе Курапаты «домам нашага бацькі», а Акмалінскі лягер для «жонак здраднікаў радзімы» («Алжыр») — «домам нашай маці». Днямі, на сваё 80-годзьдзе, Мая Кляшторная пабывала ў Казахстане, дзе на тэрыторыі колішняга лягеру паўстаў мэмарыял, адкрыўся музэй. Жанчына кажа, што сёньня не пазнала месца свайго трагічнага дзяцінства, дзе ў спэцпасёлку Піянэрскі ўтрымліваліся дзеці-зьняволеныя.
«Мама марыла вярнуцца ў Беларусь, уяўляла, як нас знойдзе бацька, — сказала Мая Кляшторная падчас наведваньня рэдакцыі. — Гэта значна пазьней мы разабраліся ў праўдзівым сэнсе бязьлітасных словаў — „10 гадоў бяз права ліставаньня“. А тады верылі ў хуткую сустрэчу. Я наогул доўга ня ведала, хто мы, адкуль мы...».
Маі было чатыры месяцы, калі разам з маці іх павезьлі ў казахстанскі стэп.
«Мы ня можам забыць перажытае краінай і народам у тыя гады, — даносіць сваю пазыцыю Павал Якубовіч. — Мая Тодараўна — зь ліку грамадзкіх дзеячаў, якія зрабілі адчувальны ўнёсак ў тое, каб трагедыя Курапатаў не выпала з сучаснага гістарычнага і маральнага кантэксту. Тодара Кляшторнага рэабілітавалі, падобна іншым пацярпелым ад неабгрунтаваных сталінскіх палітычных рэпрэсій. Але ня трэба забываць: яго, як і тысячы такіх жа бязьвінных ахвяраў, расстралялі і потым рэабілітавалі. І галоўнае слова тут — «расстралялі».
Раней Мая Тодараўна спрабавала знаёміцца са зьместам дакумэнтаў сьледзтва яе бацькоў. Але толькі некаторых і толькі на слых: у свой час ёй зачытвалі асобныя аркушы, не дазваляючы нават зазірнуць у іх. Магчымасьць дакрануцца да старонак мінулага сваёй сям’і Кляшторная атрымала ўпершыню.