Крым ніколі не перастане быць часткай Расеі, заявіў у інтэрвію часопісу Stern былы канцлер Нямеччыны Герхард Шрэдэр.
«Я прадбачу, што ніводзін расейскі прэзыдэнт ня выведзе Крым са складу краіны», — сказаў палітык. Настойваючы на іншым, Бэрлін рызыкуе разбурыць сувязі з Масквой і пасеяць разлад паміж народамі, зьвязанымі агульнай гісторыяй, упэўнены былы шэф сацыял-дэмакратаў.
Палітык таксама заклікаў «не арыентавацца на інтарэсы ЗША» у пытаньні расейска-нямецкіх адносінаў. «Штатам не патрэбная моцная Расея. Эўропа, перш за ўсё Нямеччына, мае іншыя інтарэсы», — сказаў ён.
Герхард Шрэдэр быў фэдэральным канцлерам Нямеччыны ад 1998 па 2005 год. Сёлета ўрад Расеі вылучыў яго кандыдатам у раду дырэктараў «Роснефти».