Калі канадзкае трыё «Rush» у 2012 годзе выдала свой апошні альбом, «Clockwork Angels» («Завадныя анёлы»), вакалісту і басісту Геды Лі (Geddy Li) ішоў 61-шы год, бубначу Нілу Пірту (Neal Peart) — 60-ы, а гітарысту Алексу Лайфсану (Alex Lifeson) — 59-ы. Але яны гралі, як апантаныя падлеткі. Вось кампазыцыя «BU2B» («Будзь сабою, каб быць») з гэтага альбому, якую музыкі выконваюць на канцэрце годам раней:
Неверагодны драйв, як у такіх старэчаў, праўда? Да таго знакамітая музыка, са складанай гарманічнай структурай і віртуознасьцю выкананьня. І ня вельмі каб банальныя словы, якія для гурту, пачынаючы з 1975 году, нязьменна пісаў Ніл Пірт (якому сёньня, дарэчы, спаўняецца 65 гадоў). Працытуем дзьве пачатковы строфы зь нечым накшталт падрадкоўніка:
I was brought up to believe
The universe has a plan
We are only human
It’s not ours to understand
Мяне навучылі верыць
Сьвет наш мае нейкі плян
Але мы — толькі людзі
І ня нам яго разгадваць
The universe has a plan
All is for the best
Some will be rewarded
And the devil will take the rest
Сьвет наш мае нейкі плян
Усё ідзе да лепшага
Некаму дадуць цукеркаў
А рэшту возьме д’ябал
Гурт узьнік у Таронта ў 1968 годзе, але яго склад часта мяняўся, і першы запіс — аднайменны альбом «Rush» — выйшаў толькі ў 1974 годзе (над песьнямі гэтага дэбюту луналі «Cream» і «Led Zeppelin»). У гэтым самым годзе папярэдняга бубнача замяніў Ніл Пірт, і тады пачалася сапраўдная гісторыя трыё, якое вельмі хутка знайшло свой адметны стыль у прагрэсіўным року. Паслухайце «Flight by Night» («Начны палёт») з аднайменнага альбому з 1975 году. Тут у зародку ёсьць ужо усё, чым «Rush» заваёўваў прыхільнікаў у наступных дзесяцігодзьдзях:
У 1980-х «Rush» дадаў да сваіх аранжыровак сынтэзатар, на якім граў вакаліст і басіст Геды Лі. Вось адна з найлепшых песень таго «сынтэзатарнага пэрыяду», «Subdivisions» («Структурныя адзінкі»):
У розных анкетах і рэйтынгах «Rush» заўсёды патрапляў у топавую дзясятку выканаўцаў прагрэсіўнага року. Сярод іншага, дзякуючы такім песьням, як «Tom Sawyer» з 1981 году:
Закончу прэзэнтацыю гэтай «прагрэсіўнай старасьветчыны» песьняй «The Spirit of Radio» («Дух радыё»), якая ўпершыню зьявілася на альбоме «Permanent Waves» («Нязьменныя хвалі», 1980):