Лінкі ўнівэрсальнага доступу

6 прычын, чаму спальня робіць нас хворымі


Пылавыя кляшчы і вірусы — гэта толькі дзьве небясьпекі, якія могуць нас прычакаць у спальні. Пра гэта на сайце sharecare.com піша Леа Гэрынг.

Сярэдні дарослы чалавек штогод праводзіць у сваім ложку каля 3000 гадзін. Але ці ведаеце вы, наколькі ваша спальня «здаровая?» Большасьць з нас гэтым не цікавіцца.

«Ваша асяродзьдзе вельмі важнае для якасьці сну», — кажа супрацоўніца Цэнтру сну са штату Мічыган Барб Шульц. Падушка, пасьцельная бялізна, матрац і іншыя пасьцельныя рэчы могуць быць ідэальным асяродзьдзем для пылавых кляшчоў, алергенаў і мікробаў. Вось спосабы, як яны робяць нас хворымі, і сродкі барацьбы зь імі.

1. Пылавыя кляшчы

Пылавыя кляшчы сустракаюцца і ў прыродзе — гэта мікраскапічныя істоты, якія сілкуюцца мёртвымі лускавінкамі нашай скуры. Нягледзячы на тое, што яны не кусаюцца, іх парэшткі і экскрымэнты зьяўляюцца асноўнымі алергенамі і адной з прычын астмы. Пылавыя кляшчы могуць быць знойдзены ў любым месцы, але ў спальні яны звычайна знаходзяцца ў матрацах, падушках, дыванах, мяккай мэблі і бытавым пыле.

Прафіляктыка зьяўляецца ключавым фактарам. Калі можна, лепш купіць сабе матрац і падушку з пратэктарамі, якія не дазваляюць пылавым кляшчам пасяліцца там, кажа Барб Шульц. Яна таксама рэкамэндуе праць прасьціны штотыдзень, захоўваць спальню прахалоднай, бо пылавыя кляшчы любяць пакоі, дзе тэмпэратура вышэйшая за 21 градус, і не шкадаваць грошы на асушальнік паветра, бо кляшчы любяць ўзровень вільготнасьці 75-80 працэнтаў. Таксама трэба чысьціць спальню пыласосам не радзей, чым раз на тыдзень. Паколькі вы ня можаце праць матрац, пасыпце яго раз на год содай, пакіньце на 20 хвілін, а затым прыбярыце соду пыласосам — яна заб’е кляшчоў.

2. Клапы

Гэтыя паразыты бяскрылыя, сілкуюцца толькі крывёю людзей і свойскіх жывёл. Знайсьці іх можна у любым месцы, дзе людзі сьпяць. Жывуць пераважна ў мяккай мэблі і пасьцельных рэчах. Яны пляскатыя, таму могуць жыць за швамі матрацаў, у шчылінах тумбачак і т.д. Падарожнічаюць у багажы людзей.

Вы можаце іх ня бачыць, але пасьля сну заўважыце на целе іх укусы. Зрэшты, напіўшыся нашай крыві, яны павялічваюцца ў памеры. Таксама іх прысутнасьць пазнаецца па чорных экскрэмэнтах у выглядзе бруду або цьвілі. Іх укусы прыводзяць да алергічнай рэакцыі.

Найлепшы спосаб пазбавіцца ад клапоў — распыленьне ў кватэры інсэктыцыду. Таксама трэба праць пасьцельныя рэчы часта і сушыць іх у гарачай сушылцы на працягу прынамсі 30 хвілін, каб зьнішчыць яйкі клапоў.

3. Перхаць жывёл

Свойскія жывёлы могуць выклікаць алергію сваёй поўсьцю і сьлінай. Але ня толькі. Менш вядомы алерген — іхная перхаць. Калі вы прыціскаецеся да сваіх гадаванцаў у спальні, перхаць трапляе ў ваш ложак. У выніку могуць узьнікаць праблемы з дыханьнем, насмарк, скураныя высыпаньні і т.д.

«Я рэкамэндую пацыентам выганяць жывёл са спальні і глядзець, ці мяняе гэта якасьць сну», — кажа Шульц. Калі ў вас ёсьць свойскія жывёлы (сьпяць яны на ложку ці не), трэба прыбіраць і пыласосіць спальню мінімум два разы на тыдзень, каб зьменшыць там колькасьць перхаці жывёл.

4. Мікробы прастуды і грыпу

Калі вы хварэлі на грып на мінулым тыдні і цяпер адчуваеце сябе лепш — зьмяніце бялізну на сваім ложку. Калі вы гэтага ня зробіце, вы працягваеце ствараць асяродзьдзе для росту вірусаў і заражэньня кагосьці з блізкіх людзей, — кажа Шульц.

Трэба своечасова праць бялізну і добра прасушувуваць яе ў гарачых сушылках. А каб зрабіць спальню цалкам здаровай пасьля грыпу, выкарыстоўвайце бытавыя мыйныя сродкі для зьнішчэньня вірусаў і дэзынфэкцыі паверхняў, дзьвярных ручак, выключальнікаў сьвятла, дыстанцыйных пультаў і тэлефонаў.

5. Няправільны матрац

Калі ваш матрац даўно чакае замены, ён можа быць крыніцай болю ў сьпіне і дрэннай якасьці сну. Занадта мяккі матрац можа выклікаць столькі ж праблем, як і занадта цьвёрды. Калі ёсьць праблемы са сьпінай, пры выбары матраца лепш раіцца зь лекарам.

Паводле Нацыянальнага фонду сну ЗША, сярэдняя працягласьць жыцьця матраца складае восем гадоў. У адным дасьледаваньні было выяўлена, што ўдзельнікі палепшылі свой сон, замяніўшы старыя матрацы, сярэдняя працягласьць жыцьця была 9,5 года.

Паводле распаўсюджанай думкі, цьвёрдыя матрацы лепшыя. Але дасьледнікі выявілі, што сярэдне-цьвёрдыя матрацы зьяўляюцца найлепшым выбарам для людзей з болямі ў сьпіне. У адным з дасьледаваньняў выявілася, што людзі з болямі ў ніжняй частцы сьпіны, якія сьпяць на вельмі цьвёрдых матрацах, мелі горшую якасьць сну.

Не шкадуйце часу на выбар і тэставаньне новых матрацаў.

6. Праблемныя падушкі

Няправільны тып падушкі выклікаць боль у шыі. Мэта сну з падушкай: трыманьне галавы розна з плячамі — так, калі б вы стаялі. Галава не павінна выступаць наперад або назад, натуральны выгін шыі павінен захоўвацца заўсёды.

Калі вы сьпіце на сьпіне і падушка занадта высокая, вы рызыкуеце атрымаць праблемы ў цягліцах шыі і плячэй.

Калі сьпіце на жываце, падумайце, ці ня варта пакласьці невялікую падушку пад лагво, каб трымаць сьпіну правільна выраўнаванай. Альбо не пакладайце падушку пад галаву.

Калі сьпіце на баку, пакладайце невялікую цьвёрдую падушку паміж каленамі; падушка для галавы павінна таксама трымаць ваш пазваночнік роўна.

Нацыянальны фонд сну ЗША прапануе замяніць старыя падушкі кожныя 18 месяцаў або каля таго. Мёртвыя клеткі скуры, пылавыя кляшчы і мікробы могуць назапашвацца ў падушках, выклікаючы алергічныя прыступы. Адзін са спосабаў падоўжыць жыцьцё вашай падушкі — выкарыстоўваць пратэктары.

Як даведацца, калі прыйшоў час на замену падушкі? Пры дапамозе тэсту. Складзіце падушку напалову. Калі яна не спружыніць і ня выпрастаецца, значыцца прыйшоў час «адправіць яе на пэнсію».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG