Дворнікі звар’яцелі, адбіваючы магутныя патокі дажджу. Дарога нават у некалькіх мэтрах не праглядаецца. Угадваецца. Можа спыніцца і перачакаць гэты вадаспад? Але ўсё неба пакрыла цёмнашэрая імгла. Бадай, не перачакаць… Прабіваюся далей скрозь шчыльную вадзяную сьцяну. Нібы ня еду на аўтамабілі, а плыву ў нейкім дзіўным залюстроўі, дзе няма ні часу, ні прасторы.
Дождж ідзе ўжо другія суткі, то сьціхаючы, то ўзмацняючыся. Безупынна. Такі моцны дождж — рэдкая зьява. Што здарылася ў прыродзе? Чаму так нястрымна плача неба? Аб чым плача? І што гэтым хоча сказаць людзям? Можа тое, што скончылася лета? «Як хутка згарае кароткае лета…» — сумна ўспомніліся словы песьні.
Вікторыя Грыніна
Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org