Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Лас-Вэгасе шоў бокс перамагло


Флойд Мэйвэйзэр пасьля перамогі
Флойд Мэйвэйзэр пасьля перамогі

Бой паміж амэрыканцам Флойдам Мэйвэйзэрам ды ірляндцам Конарам МакГрэгарам, які днямі адбыўся ў Лас-Вэгасе, менаваўся ня йнакш як бой стагодзьдзя.

Саракагадовы непераможны Мэйвэйзэр і трыццацігадовы баец зьмяшаных адзінаборстваў МакГрэгар кожны ў сваёй галіне зоркі найпершай велічыні. Рэклямная кампанія наганяла ажыятажу, падзея ўвесь час трымалася на слыху, цікавасьць была нават у тых, хто ня дужа сочыць за падобнымі дзеямі.

Ведаю даволі сваіх знаёмых, хто ахвяраваў нядзельным ранкам, каб у шэсьць раніцы нажыва паглядзець гэты бой. Ня стаў выключэньнем і я сам.

Ня тое, каб я сумняваўся ў Флойду Мэйвэйзэру, імавернасьць ягонае перамогі для мяне была даволі высокай, двубой праходзіў паводле правілаў боксу, амэрыканец жывая легенда, які да гэтага выйграў усе свае сорак дзевяць баёў, але хацелася пабачыць. І чым далей я глядзеў, тым больш адчуваў сябе заўзятарам, які знаходзіўся сярод тых людзей, каму бокс як зьява зусім нецікавы. Якім нецікавыя ягоныя глыбіня, аб'ём, сама філязофія супрацьстаяньня.

Гэты двубой ня меў нічога агульнага з супрацьстаяньнем Алі й Фрэйзэра, Тайсана й Холіфілда, Льюіса й Клічко, таго ж Мэйвэйзэра й Мэні Пак'яо.

Я зразумеў, што прысутнічаю на шоў у самым простым сэнсе гэтага слова. Мастацтва двубою тут ня будзе.

МакГрэгар моцны, амбітны, валявы і эпатажны баец, чэмпіён у баях зьмяшанага стылю, але бокс – зусім іншая плянэта.

Усё адбывалася будзённа, настолькі будзённа, што можна было нават не даглядаць да рэшты.

Мэйвэйзэр не рабіў нічога неардынарнага, спакойна й мэтадычна бараніўся ў першых раўндах, даў апанэнту змарнаваць свае сілы, а затым таксама спакойна й мэтадычна пачаў падціскаць, чым далей, тым болей і ўрэшце занудна й звычайна загнаў зьнясіленага суперніка. Судзьдзя зафіксаваў тэхнічны накаўт.

Ніякае інтрыгі ад самага пачатку да самага канца.

Я быў расчараваны і нават раззлаваны, ня столькі таму, што ня ўбачыў боксу, але таму што купіўся на рэклямную шуміху, якая раскручвала новае шоў.

Так бывае, калі ты ў прынцыпе ведаеш, што нічога вартага ня можа атрымацца, але чамусьці, спакусіўшыся на колькасьць лайкаў пад карцінкай, націскаеш на прагляд.

Я глядзеў шоў, якое што праўда, было добра падрыхтаванае.

Аўдыторыя ў сотні мільёнаў гледачоў, ганарары ў дзясяткі мільёнаў даляраў, поўная знакамітасьцяў заля арэны ў Лас-Вэгасе, і на дэсэрт – пас пераможцы «бою стагодзьдзя», як блёсткамі, усыпаны каштоўнымі камянямі.

Пяцідзясятая перамога Флойда Мэйвэйзэра ў пяцідзясятым двубоі на прафэсійным рынгу. Клічнік.

Шоў у Лас-Вэгасе, безумоўна, перамагло ўласна бокс, як Флойд перамог Конара.

Чаму так атрымалася?

Можна казаць, што ў часе, калі з рынгу сышлі вялікія, прафэсійны бокс шукае новыя формы і дзеля гэтага ўсякі спосаб добры. Што трэба заваёўваць новую публіку. Што новы час дыктуе новыя падыходы. Што бізнэс мусіць мець развой. Усё так, але...

Падумаў, што такія дзеі, дзе галоўнае – вонкавая зачэпістасьць, у нейкім сэнсе эпатаж, безумоўна, будуць мець працяг, бо абсалютна ўкладаюцца ў сучасны кантэкст, дзе колькасьць лайкаў стала самамэтай.

Дарма, што гэты «бой стагодзьдзя», які набраў, умоўна кажучы, шалёную колькасьць тых лайкаў, хутчэй за ўсё, забудзецца праз тыдзень, як залайканы, але пусты пост у фэйсбуку.

У Лас-Вэгасе шоў перамагло бокс, але, спадзяюся, не назаўжды, бо бокс, як сапраўднае мастацтва, рэч вытрыманая часам і самадастатковая, і як любая самадастатковая рэч наўрад ці залежыць ад колькасьці лайкаў.

Думаю, гэта тычыцца не адно боксу.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG