Сыстэма адукацыі Фінляндыі некалькі апошніх дзесяцігодзьдзяў, паводле ААН (ацэнка індэксу адукацыі) і брытанскай арганізацыі Pearson, якая дасьледуе сыстэмы школьнай адукацыі ва ўсім сьвеце, лічыцца адной з найлепшых. Беларусь у рэйтынгу ААН займае месца ў канцы першай трыццаткі, Pearson у нашай краіне дасьледаваньняў не праводзіць, суседняя Расея ў рэйтынгу брытанцаў разьмясьцілася на 13-й пазыцыі.
Пачатак і завяршэньне вучобы
Вучыцца ў школе фінскія дзеці пачынаюць у 6 гадоў. Аднак перад гэтым ёсьць магчымасьць прайсьці гадавую дашкольную падрыхтоўку. Школьны год пачынаецца на пачатку жніўня і працягваецца да канца траўня. У школе фіны вучацца да 16-17 гадоў, пасьля чаго пераходзяць альбо ў гімназіі (гуманітарныя), альбо ў прафэсійныя вучэльні (тэхнічныя). Там навучаньне працягваецца яшчэ 3 гады, і ўжо пасьля гэтага можна пры жаданьні паступаць у ВНУ. Пасьля 9 клясаў вучобу працягваюць каля 95% фінаў, ва ўнівэрсытэтах працягваюць вучобу толькі 40% вучняў. Сярэдні ўзрост студэнта-першакурсьніка Фінляндыі складае 21,5 года.
У Беларусі ў школу ідуць таксама з 6 гадоў, пасьля 9 гадоў навучаньня можна працягнуць вучобу ў сярэдняй спэцыяльнай установе альбо ў сваёй школе. Пасьля гэтага — ВНУ. Паступіць туды можна, маючы 17 гадоў. Працягваюць вучобу ў ВНУ прыкладна 80% беларускіх выпускнікоў.
Аплата за навучаньне
Сыстэма школьнай адукацыі ў Фінляндыі цалкам бясплатная. Плаціць ня трэба ня толькі за навучаньне, але і за падручнікі, сшыткі, харчаваньне і школьны транспарт. Бясплатныя таксама адукацыйныя экскурсіі.
Беларуская сярэдняя адукацыя таксама бясплатная. Аднак, напрыклад, за падручнікі давядзецца заплаціць. Кошт камплектаў вагаецца ў залежнасьці ад клясы. Сёлета гэта прыблізна ад 20 да 40 рублёў. Школьныя абеды дзяцей абыходзяцца беларускім бацькам прыкладна ў 50 рублёў на месяц. Такім чынам, толькі на школьнае харчаваньне для дзяцей за год трэба аддаць каля 450 рублёў.
У дадатак бацькі абавязаныя набываць дзецям школьнага ўзросту форму ў так званым «дзелавым стылі», шточвэрць здаваць грошы «на ваду» і набываць дадатковыя навучальныя матэрыялы.
Збор грошай «на рамонт»
У Фінляндыі не практыкуецца. Большая частка гадавых выдаткаў на адукацыю ідзе менавіта на школы — 7,6% з 12%.
У Беларусі пытаньнем збору грошай бацькамі займаюцца на ўзроўні Мінадукацыі. 21 студзеня 2017 году ведамства нават забараніла зьбіраць грошы на школьныя рамонты бацькоўскім камітэтам. «Калі школе патрэбна дапамога, то праз апякунскую раду альбо разьліковы рахунак», — заявіла намесьніца міністра адукацыі Раіса Сідарэнка. Чыноўніца таксама падкрэсьліла, што ўсе ахвяраваньні павінны насіць выключна добраахвотны характар. «Калі ў школе няма грошай на туалетную паперу, то гэта недапрацоўка кіраўніцтва», — сказала Сідарэнка.
Адзнакі і іспыты
Фінляндыя. Да шостай клясы веды вучняў настаўнікі ацэньваюць умоўна, пасьля — паводле 10-бальнай сыстэмы. Усе школы падключаныя да агульнай электроннай сыстэмы, дзе настаўнікі фіксуюць адзнакі сваіх вучняў, доступ да яе таксама маюць бацькі. Першы сур’ёзны іспыт — пры заканчэньні гімназіі альбо прафэсійнай вучэльні. Абавязковы прадмет адзін — родная мова. Яшчэ тры можна выбраць (другая нацыянальная мова — фінская альбо швэдзкая, замежная мова, матэматыка альбо гуманітарная навука). Вынікі гэтага іспыту пры паступленьні ва ўнівэрсытэт не ўлічваюцца. Кожная ВНУ праводзіць свой уласны адбор студэнтаў.
Беларусь. 10-бальная сыстэма ад пачатковай школы і заканчваючы ўнівэрсытэтамі. Абавязковыя іспыты пасьля 9-й клясы і пасьля 11-й. Абавязковыя іспыты пры паступленьні ў гімназіі незалежна ад клясы. Абавязковая здача Цэнтралізаванага тэставаньня пры паступленьні ў ВНУ, там жа ўлічваецца сярэдні бал атэстату выпускніка.
Падзел школ на лепшыя і горшыя
Фінляндыя. Зьведзены да мінімуму. Паводле Арганізацыі эканамічнага разьвіцьця і супрацоўніцтва, узровень адукацыі ў горшых і лепшых школах краіны адрозьніваецца ўсяго на 6%. У той час як сярэднеэўрапейскі паказчык — 37%. У выніку ў Фінляндыі бацькі звычайна аддаюць дзяцей у самую блізкую да месца пражываньня школу. Заробкі настаўнікаў у розных школах таксама амаль не адрозьніваюцца. 90% фінскіх пэдагогаў задаволеныя сваім месцам працы і не зьбіраюцца яго мяняць.
Беларусь. Тут усё крыху складаней. Нядаўнія чуткі пра магчымую ліквідацыю гімназій і ліцэяў выклікалі вострае абмеркаваньне грамадзкасьці. Існуюць рэйтынгі гімназій, ліцэяў і школаў, складзеныя паводле вынікаў цэнтралізаванага тэставаньня. Згодна зь імі, узровень навучаньня самым розным прадметам у гімназіях і школах можа адрозьнівацца ў разы.
Конкурс на пэдагагічныя спэцыяльнасьці ў ВНУ
Гэты паказчык можа сьведчыць аб прэстыжы прафэсіі настаўніка. У Фінляндыі конкурс на пэдфак даходзіць да 20 чалавек на месца (так было ў 2011 годзе ва ўнівэрсытэце Хэльсынкі). Прафэсія настаўніка ў Фінляндыі застаецца адной з самых запатрабаваных і прэстыжных, ахвотнікаў уладкавацца на працу ў школу можа быць у дзесяць разоў больш, чым вакансій. Зарабляюць фінскія настаўнікі каля 3500 эўра. Сярэдні заробак у краіне крыху большы за 3 тысячы.
Конкурс на некаторыя спэцыяльнасьці Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Максіма Танка сёлета ўвогуле адсутнічаў. На рэшту быў мінімальным. Сярэдні заробак у сыстэме адукацыі Беларусі ў ліпені 2017 году склаў 541 рубель (каля 250 эўра), увогуле па краіне — 827 рублёў.
Фінансаваньне
Гадавыя выдаткі ўраду Фінляндыі на адукацыю складаюць каля 12% ад выдаткаў усяго бюджэту за год. Сёлета гэта прыкладна 18 мільярдаў даляраў. Пры гэтым спробы ўраду скараціць выдаткі на адукацыю сутыкнуліся з крытыкай з боку грамадзтва.
У бюджэце Беларусі на 2017 год выдаткі на адукацыю заплянаваныя ў памеры прыкладна 4,8%, альбо каля 400 мільёнаў даляраў. Пры гэтым насельніцтва Фінляндыі складае 5,5 мільёна грамадзян, а ў Беларусі жыве на 4 мільёны чалавек больш.