Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мары — гэта пляны». Галіна Навумчык, Вольга Ўлевіч і Валерыя Чарнаморцава пра мастацтва падарожжаў


У гэтыя летнія дні ў перадачы «Толькі жанчыны» гаворым пра мастацтва падарожнічаць, адкрываць новыя, а таксама, падавалася б, ужо знаёмыя мясьціны, пра перавагу не турыстычных маршрутаў, а таксама пра стэрэатыпы і звычкі, ад якіх беларусам варта пазбаўляцца ў падарожжах.

Гэта абмяркоўваем з трыма прафэсіяналкамі, арганізатаркамі нетрывіяльных і незвычайных падарожжаў — Галінай Навумчык з Прагі, Вольгай Улевіч з Каталёніі і Валерыяй Чарнаморцавай зь Менску.

Пабачыць не лубочную краіну

Ганна Соўсь: Галіна, Вольга, Валерыя, першае пытаньне да вас не як да арганізатарак падарожжаў, а як да падарожніц — куды вы марыце паехаць, ці ўжо заплянавалі паехаць?

Вольга Ўлевіч: Я зьбіраюся ехаць у наступным годзе ў траўні ў Партугалію, там будзе Эўравізія, а сёлетні пераможца мне вельмі спадабаўся. Акрамя ўсяго астатняга, я туды зьбіралася даўно зьезьдзіць. І яшчэ хачу ў Кіргізстан, мне параілі гэта мае падарожнікі. Магчыма, людзі былі настолькі закаханыя ў сваю краіну, што закахалі мяне завочна, таму я хачу ўбачыць Кыргызстан. У Грузіі я ўжо была. (Сьмяецца)

Валерыя Чарнаморцава: Я шмат краінаў не наведала, але ёсьць тры краіны, якія вельмі хочацца наведаць. Зь некаторых прычынаў не ўдалося наведаць Італію, але плянуем у гэтым годзе да Падуі абавязкова дабрацца, хачу ў Ізраіль і ў Грузію.

Галіна Навумчык: Зараз такі сьвет, што мары — гэта ёсьць пляны. Асабліва што тычыцца падарожжаў. У бліжэйшых плянах у мяне наведаць Аахен, нямецкае месца, адкуль пачынаецца хрысьціянская Эўропа, можна сказаць, дзе была сталіца Сьвятой Рымскай імпэрыі і яшчэ захаваліся нейкія рэчы з часоў Каралінгаў з 9-га стагодзьдзя. Пазьней — Эльзас і Флярэнцыя.

Ганна Соўсь: Вольга, вы журналістка паводле прафэсіі. Я зь цікавасьцю сачу за вашай старонкай у Фэйсбуку, за тым, як вы адкрываеце падарожнікам зь Беларусі і іншых постсавецкіх краінаў Гішпанію, Каталёнію. Якія вашыя пяць парадаў падарожнікам у Гішпаніі, як найлепей сплянаваць свой час і побыт? ​

Вольга Ўлевіч
Вольга Ўлевіч

Вольга Ўлевіч: Ёсьць шмат «але». Ці яны прыехалі самі, ці яны купілі пакетны тур і прыехалі з апэратарам? Калі яны прыехалі з апэратарам, то за іх ужо ўсё прадумалі. Гэта будзе той мінімум, які варта пабачыць... Усе думаюць, што Гішпанія — гэта яскрава, гэта сангрыя, гэта паэлья, гэта бой быкоў і гэта фляменка. На самай справе гэта ня так. Калі вы чалавек прасунуты, калі вы чалавек думаючы і хочаце сапраўды пабачыць краіну, ня тую лубочную, якую б, як Беларусь, нам паказалі. Што б нам паказалі? Трактарны завод, якое-небудзь моцнае прадпрыемства, добрую птушкафабрыку, «Мілавіцу», якісьці добры рэстаран ці падворак...

трэба частку вашага падарожжа аддаць ня толькі прыгожым гарадам, сталіцы, але і вёсачкам

А калі самі хочаце ўбачыць Каталёнію, так жа як і Беларусь, то трэба частку вашага падарожжа аддаць ня толькі прыгожым гарадам, сталіцы, але і вёсачкам. Вёскі вельмі прыгожыя ў Каталёніі, у іх захавалася само жыцьцё, самабытнасьць. Таму што каменныя дамы — у нас драўляныя, а тут вакол Пірэнэі, дамы каменныя. Як у Правансе, Каталёнія вельмі падобная да Правансу па вясковаму пэйзажу. Гэтыя дамы стаяць з 12-га, з 14-га, як норма — з 17-га стагодзьдзя. І людзі, якія жывуць у гэтай сельскай мясцовасьці, прадукты робяць дакладна так жа, як 100, 200 год таму. Ніхто ў вясковыя каўбасы не дадае ані Е, ані іншага інгрэдыенту — так жа, як раней, як беларусы яны запіхваюць натуральны фарш. Нейкія вострыя травы, перац. Усё гэта, як і нашы далікатэсы. Толькі беларусы гэтую культуру смачнай сапраўднай ежы страцілі ўжо, а каталёнцы не. Пякуць сапраўдны хлеб, робяць сапраўдныя простыя сыры.

Акрамя сангрыі трэба пакаштаваць сапраўднае гішпанскае віно

Усё ў Каталёніі вельмі проста. Канешне, трэба глядзець і горад, Барсэлёну, сталіцу Каталёніі. Гэты горад па прыгажосьці архітэктуры не саступае Парыжу, а часам мне падаецца нават ярчэйшым за Парыж, за кошт таго, што тут былі такія архітэктары, як Гаўдзі, якога вы ведаеце ўсе. І яшчэ два імені архітэктараў, якія абавязкова трэба вывучыць — Пуч-і-Кадафалк і Дамэнэк-і-Монтанэр. Вось калі вы пабачыце архітэктуру ўсіх траіх, то ўжо нічога прыгажэйшага, прынамсі ў стылі мадэрн, хіба у сьвеце не існуе. Акрамя сангрыі трэба пакаштаваць сапраўднае гішпанскае віно. У мяне нядаўна быў выпадак, калі дзьве турысткі пакаштавалі віно проста на віньніцы, па-гішпанскі, па-каталёнскі гучыць як «бадэга». Ім было вельмі нязвыкла: чаму такое моцнае, чаму такое сухое. Тыя віны, якія робяцца на наш рынак, адаптуюцца пад наш рынак. Гэта ня значыць, што віно горшае, яно іншае, а сапраўднае гішпанскае віно трэба каштаваць на вінаградніках.

У суправаджэньні прафэсійнага харызматычнага экскурсавода

Ганна Соўсь: Валерыя, адрозна ад Вольгі і Галіны, вы адкрываеце падарожнікам Беларусь, не тую, пра якую казала Вольга, трактарны завод ці «Мілавіцу», а Беларусь чымсьці незнаёмую, у чымсьці нечаканую, ладзіце экскурсіі па Беларусі і па беларускіх мясьцінах за мяжой. Якія вашы парады для падарожжаў па Беларусі і беларускіх мясьцінах мяжой?

Валерыя Чарнаморцава
Валерыя Чарнаморцава

Валерыя Чарнаморцава: Я хачу адказаць Вользе. Усё-такі Мір і Нясьвіж — тое, што паказваюць найперш — варта пабачыць. Праўда, не разам у адзін дзень, як гэта часам робіцца. У адзін дзень толькі для замежных турыстаў. Тое, пра што казала Вольга, канешне ў пэўным сэнсе мае месца і ў дачыненьні да Беларусі, але ўсё-такі я раю ехаць па Беларусі ў суправаджэньні прафэсійнага харызматычнага экскурсавода. Гэта вельмі важна. Калі вы чагосьці ня ведаеце, альбо калі ў нас што не захавалася і перабудавана, вельмі важна, каб пра гэта вам распавялі так, каб вы закахаліся, каб вы зразумелі, як гэта было. І трэба ўявіць сабе вось тое хараство, якое, на жаль, было страчана па розных прычынах.

Часам адкрываеш для сябе мясцовыя музэі, такога нават у Менску не пабачыш, асабліва калі гэта музэі прыватныя

Шмат хто зараз робіць анімацыі — ня раю імі дужа захапляцца. Калі я арганізую нейкія вандроўкі, то спрабую неяк разнастаіць, дадаць разыначку — ці гэта музычны выступ ці нейкія цікавосткі, але максымальна тэматычна набліжаныя. Часам адкрываеш для сябе мясцовыя музэі, такога нават у Менску не пабачыш, асабліва калі гэта музэі прыватныя. І трэцяя парада, калі так казаць — варта знаёміцца зь мясцовымі краязнаўцамі, людзьмі, якія жывуць у гэтых месцах і гэтым месцам. Так званыя genius loci — геніі месца. Яны ўсё жыцьцё аддаюць гэтаму месцу, і могуць распавесьці так, каб мы захапіліся самі. Яшчэ адна парада — не імкнуцца адразу ахапіць усё. То бок калі мы едзем у Нясьвіж, мы можам захапіць побач яшчэ некаторыя цікавыя месцы, зьвязаныя з родам Радзівілаў. Тое ж самае як Мір, Мірскае графства, дык там можа быць і Паланэчка, і Малыя Жухавічы, Ішкалдзь безумоўна — разыначка, і г.д. То бок пры выбары маршруту спрабуйце ўзяць маршрут, які не 10 месцаў ахоплівае, а можа 3,4,5 месцаў, але каб адчуць гэта. Мая парада — калі вы плянуеце ехаць па Беларусі, усё-такі пацікаўцеся, куды вы едзеце, якія імёны зьвязаныя з гэтымі месцамі, загадзя падрыхтуйцеся.

«Падрыхтоўваць падарожжа дома, а ў самім падарожжы больш адпачываць»

Ганна Соўсь: Галіна, вы, як і Вольга, журналістка паводле прафэсіі, але апошнія гады працуеце ў турыстычнай сфэры, арганізуеце індывідуальныя і групавыя туры па Чэхіі і іншых эўрапейскіх краінах. Якія вашы пяць асноўных парадаў беларускім падарожнікам, як за адносна кароткі тэрмін паглядзець і даведацца самае цікавае і важнае, пры гэтым не стаміцца і адпачыць?

Галіна Навумчык
Галіна Навумчык

Галіна Навумчык: У сёньняшнім сьвеце інтэрнэту падарожжы нашы могуць расьцягнуцца і на паўгады, і на год. Звычайна, на некалькі месяцаў. Таму, канешне, трэба плянаваць іх — ведаць канкрэтна, што ты хочаш бачыць у тым горадзе і ў той краіне, у якую едзеш. Трэба знайсьці сабе рэстараны, таму што гэта вельмі важна ў падарожжы. Звычайна шмат сайтаў зьмяшчаюць водгукі тых, хто ўжо быў у гэтых рэстаранах, можна нават вывучыць мэню, калі нешта незразумела, даведацца больш дакладна. Рэстараны і кафэ ў тым горадзе, у якім чалавек будзе праводзіць нейкі час, у незнаёмым месцы, гэта вельмі важная частка падарожжа. Ну і, зыходзячы з досьведу і маіх гасьцей, і маіх падарожжаў, магу параіць, каб ваш гатэль ці кватэра, якую вы будзеце арэндаваць, былі ў цэнтры, пажадана ў гістарычным цэнтры гораду, каб пешкі можна было вярнуцца ў любы час. Гэта вельмі прыемна прынамсі. Так што я б параіла падрыхтоўваць падарожжа дома, а ў самім падарожжы больш адпачываць.

Як пазнаць беларускіх турыстаў за мяжой

Ганна Соўсь: Вольга, вы нядаўна падзяліліся ў фэйсбуку сваімі назіраньнямі пра паводзіны расейскіх турыстаў у Гішпаніі, часам вельмі пазнавальныя і часам няветлівыя. А як можна пазваць беларускіх турыстаў у Эўропе? І ці можна пазнаць?

Вольга Ўлевіч: Можна. Яны спалоханыя. Што мяне ўражвае на экскурсіях з беларускімі турыстамі — яны не задаюць пытаньняў. І іншая крайнасьць — уступаюць з табой у спрэчку, і будуць спрачацца і спрабаваць эўрапейскую гісторыю ператлумачыць сабе і ўсім астатнім з пункту гледжаньня існаваньня Вялікага Княства Літоўскага. Нейкія дзьве крайнасьці — чалавек ці вельмі сябе самаідэнтыфікуе беларусам і спрабуе перапісаць усё, ці наогул ніяк — ведаеце, як бы першыя крокі пазнаньня сябе ў сьвеце.

Зараз у сьвеце турызму існуе такая тэндэнцыя, што падарожжа можна падоўжыць на паўгады.

Хоць на самай справе партрэт ідэальнага падарожніка для мяне выглядае так: чалавек ужо ведае базавыя паняцьці: Рымская імпэрыя і гэтак далей, і калі ты яму распавядаеш, то бачыш, што гэта не кладзецца на нуль, а на базавыя веды, і ты паказваеш яму дэталі: вось гэтую вежу, гэтую кладку. Тады гэта цікава — і яму, і табе. Тады атрымліваецца такая ваша агульная гісторыя. І я шмат падкрэсьліваю маленькіх дэталяў для турыстаў, бо нядаўна былі ў Рыме, ім расказалі пэўную дэталь, пра якую даведаліся там. Ідзе такі культурны абмен. Каб ваша падарожжа было цікавейшым, чытайце, як мага больш чытайце.

Зараз у сьвеце турызму існуе такая тэндэнцыя, што падарожжа можна падоўжыць на паўгады. Якім чынам? За 2-3 месяцы да падарожжа вы пачынаеце яго прадчуваць, плянаваць, чытаць кнігі, глядзець мапы, выбіраць гатэль, выбіраць рэстаранчык, куды пойдзеце ўвечары. Вы ўжо жывяце, вы ўжо падарожнічаеце. Потым той кароткі пэрыяд, тыдзень-другі, калі вы асабіста знаходзіцеся ў падарожжы, а потым вы прыяжджаеце дадому з кучай фатаграфій, нехта з відэа, нехта са слайд шоў, нехта сувэніраў шмат прывёз, карцінак, сыроў, каўбас — усё гэта пакуль зьядаецца, глядзіцца, сартыруецца, робяцца відэа і слайд шоў, вы працягваеце падарожнічаць. Вы са сваімі сябрамі, вы запрашаеце іх на сырную талерку, якія вы купілі на гары Мансэрат, і ўсё гэта падаўжае вашае падарожжа. Як толькі гэта скончылася, пачынаюцца думкі пра новае падарожжа і вы ўжо пачынаеце чытаць пра Францыю, і паступова падарожнічаеце па Францыі.

Экскурсія па-беларуску — бясплатна

Ганна Соўсь: Галіна, вам даводзілася працаваць з турыстамі з розных постсавецкіх краін, і з беларусамі, і з расейцамі, і з украінцамі. У чым адметнасьць беларускіх турыстаў? І ад якіх звычак магчыма варта бы пазбавіцца беларускім падарожнікам?

вельмі прыемна назіраць, беларускіх турыстаў, якіх можна пазнаць па вышымайках

Галіна Навумчык: У Празе апошнім часам цікава назіраць, і мне асабіста вельмі прыемна назіраць, беларускіх турыстаў, якіх можна пазнаць па вышымайках. Так што можна нават падысьці і павітацца. Наша моладзь, якая зараз прыяжджае ў Прагу, ходзіць і ў майках з Пагоняй, і з беларускім арнамэнтам. І вельмі прыязныя маладыя людзі. А што тычыцца тых турыстаў, якія зь Беларусі прыяжджаюць — у мяне ў гэтым годзе быў такі вопыт, што сям’я адна ўцякала на 25-га сакавіка з Менску, каб не быць нідзе зафіксаванай на гарадзкіх вуліцах, таму што ў іх прыстойны бізнэс, і яны не хацелі патрапіць у нейкія чорныя сьпісы. Таму зрабілі фіксацыю ў пашпартах, што яны ў гэты час не былі ў Менску, гэта для іх было вельмі істотна. Гэта таксама характэрная асаблівасьць была, даволі дзіўная.

І яшчэ, я думаю, калегі са мной пагодзяцца, гэта можа тычыцца ня толькі беларусаў. У нашых людзей гэта 100%-я адметнасьць: яны пачынаюць усе кошты пераводзіць на беларускія рублі. І адразу, гэта так дорага, гэта так дорага. Тут можа быць адна парада: калі вы едзеце ў нейкую эўрапейскую краіну, то ўсё ж такі ўзровень жыцьця трошачкі вышэйшы за той, што ў нас дома, таму трэба разьлічваць, што і кошты адпавядаюць гэтаму ўзроўню жыцьця. Часта прадукты, напрыклад, у Празе, гавораць мае турысты, нават таньнейшыя, чым у Менску. Але тым ня менш гэты аўтамат спрацоўвае ў нас усіх.

У нашых людзей гэта 100%-я адметнасьць: яны пачынаюць усе кошты пераводзіць на беларускія рублі

І ёсьць такая яшчэ цікавая акалічнасьць — я звычайна, калі ў мяне турысты з Беларусі, прапаную экскурсію бясплатна, але калі гэтая экскурсія будзе на беларускай мове. Пагаджаюцца вельмі мала людзей. Яны гатовыя заплаціць, але каб была па-расейску.

Ганна Соўсь: Галіна, вы кажаце, пазнаеце беларусаў па вышымайках. Калісьці Сяргей Дубавец напісаў блог пра тое, што ён хоча, каб беларусы сябе праз мову ідэнтыфікавалі ў сьвеце. Ці часта вам даводзілася сустракаць такіх беларусаў, якія не адмаўляюцца ад экскурсіі па-беларуску? Ці часта, гуляючы па Празе, вы чуеце беларускую мову?

Галіна Навумчык: Часта. У мяне нават быў такі вопыт, калі людзі прасілі зьніжку 50% за экскурсію, і я кажу, ну давайце, я вам зраблю скідку, але другая палова экскурсіі будзе па-беларуску. Яны кажуць: «З радасьцю, пагаджаемся». Я кажу: «А цэлую экскурсію па-беларуску?» Кажуць не, цэлую мы яшчэ не гатовыя, пачакайце.

Чаму менавіта ў гэты год на праскіх вуліцах бачым нашых беларусаў у вышымайках? Сёлета Прага — горад нумар адзін у Эўропе, у тым ліку для нашых беларускіх турыстаў. У гэтым годзе мы адзначаем 500 год з дня выданьня менавіта ў Празе першай кнігі Францыскам Скарынам на беларускай мове. І Валерыя таксама прывозіла да нас групу людзей, якія цікавіліся Прагай, Скарынай, і я раблю такія экскурсіі «Беларуская Прага», і зацікаўленасьць у такіх экскурсія ёсьць.

«Курапаты для большай часткі беларусаў — на жаль, гэта terra incognita»

Ганна Соўсь: Валерыя, вы даўно ўжо ладзіце бясплатныя экскурсіі ў Курапаты. У многіх краінах сьвету такія трагічныя месцы вельмі запатрабаваныя, там заўсёды поўна наведнікаў, напрыклад, музэй Анны Франк у Амстэрдаме, Асьвенцім у Польшчы, у многіх краінах ёсьць музэі, дзе расказваюць пра камуністычныя злачынствы — той жа Парк скульптур савецкага пэрыяду ў Літве ці музэй савецкага генацыду ў былым будынку КДБ у Вільні. Як патэнцыял Курапатаў, каб стаць сусьветна вядомым турыстычным маршрутам?

Валерыя Чарнаморцава. Экскурсія ў Курапаты ў лютым 2017-га.
Валерыя Чарнаморцава. Экскурсія ў Курапаты ў лютым 2017-га.

Валерыя Чарнаморцава: Я лічу, што для большасьці турыстаў з Эўропы і нават з Расеі, Украіны, нават нашых суседзяў, гэта ўжо даволі папулярны турыстычны маршрут. Даволі часта прыяжджаюць і немцы, і палякі наведаць Курапаты. Насамрэч гэтае месца мае міжнародную вядомасьць. Вось што тычыцца беларусаў, гэта іншая праблема. Менавіта таму я і прынцыпова не раблю гэта за грошы. Дарэчы, я не зьяўляюся гідам, я — арганізатарка вандровак, але ў Курапатах я выступаю як гід. У дадзеным выпадку раблю гэта абсалютна бясплатна ці за ахвяраваньні, якія мы перадаём былым вязьням ГУЛАГу, падпісваем іх на газэты, наведваем іх і т.д. Курапаты для большай часткі беларусаў — на жаль, гэта terra incognita, таму для мяне важна адкрыць Курапаты, і праз Курапаты тэму рэпрэсіяў.

«Падарожнічаць можна за капейкі»

Ганна Соўсь: Шмат беларусаў не былі ў Курапатах, але шмат беларусаў ніколі і не выяжджалі, і тлумачыцца гэта напэўна ня толькі эканамічнымі прычынам, але і ў некаторай ступені мэнталітэтам.

Вольга Ўлевіч: Беларусь лідзіруе па колькасьці выдадзеных Шэнгенскіх візаў.

Валерыя Чарнаморцава: Таксама не пагаджуся з гэтым.

Ганна Соўсь: У любым разе вялікая колькасьць людзей ніколі не выяжджала за межы Беларусі. Ці насамрэч для таго, каб падарожнічаць, патрэбна шмат грошай? Бо людзі, якія не выяжджаюць, часта тлумачаць гэта цяжкай эканамічнай сытуацыяй.

Вольга Ўлевіч
Вольга Ўлевіч

Вольга Ўлевіч: Падарожжа — гэта дорага. Але падарожнічаць можна абсалютна рознымі спосабамі. Выяжджаеш у Літву — і вось табе Эўропа. Да Літвы 30 эўра. Ёсьць такая сыстэма Blablacar — сайт, на якім ты шукаеш спадарожнікаў, і табе адлегласьць ад Літвы да Бэрліну будзе каштаваць 20 эўра. Чаму называецца Blablacar? Таму што аўтамабілісты, якія едуць па гэтым маршруце, па розных прычынах бяруць сабе спадарожнікаў: каб не заснуць, каб было зь кім пагаманіць, зь кім павячэраць, зьмяніцца падчас кіраваньня. Абcалютна, калі ў чалавека працуе мозг і ёсьць жаданьне разьвівацца і адкрываць гэты сьвет, падарожнічаць можна за поўныя капейкі.

І ён пойдзе пехам: кожны дзень ён будзе праходзіць 20-30 км па прыгажосьцях

Ёсьць такой шлях, называецца «Шлях сьвятога Якава». Ён каля 1000 км, пачынаецца ад Францыі, заканчваецца ў Партугаліі над акіянам. Вось мой муж так будзе праводзіць свой адпачынак. Мы ня можам разам адпачываць, таму што ў жніўні ў мяне шмат працы, а ў яго першы раз у жыцьці адпачынак. І ён пойдзе пехам: кожны дзень ён будзе праходзіць 20-30 км па прыгажосьцях. Гэта шлях пілігрымаў, шлях 11-га стагодзьдзя, і па яму зараз ходзяць усе. У мяне нават маскоўскія турысты пыталіся, бо шмат перадач пра яго выходзіць: а як нам прайсьці па гэтым шляху? Няма нічога прасьцей. Купіў зручны абутак, крыху пазаймаўся напярэдадні гэтага шляху, і пайшоў. І кожны дзень ты ідзеш па зямлі, па зямным шары, як раней хадзілі пілігрымы. Спыняесься ў той жа царкоўцы, у якой тысячу гадоў таму спыняліся іншыя, першыя пілігрымы. Як правіла, часам гэтая царква гатовая пілігрымаў карміць. Часам сьпяць нават у школах, натуральна, бясплатна. З іншага боку, хостэл звычайны каштуе 25-35 эўра. У вас няма грошай на вячэру? 100 грам хамону каштуе 3 эўра ў супэрмаркеце. Так, ёсьць людзі, якія трацяць на адпачынак 30 тысяч эўра — ёсьць багатыя вілы, арэндныя машыны. А ёсьць тыя, хто за 200 эўра можа абысьці 800 км па Гішпаніі. Усё магчыма.

Ганна Соўсь: Валерыя, вы і ў розныя пілігрымкі выпраўляліся. Ці насамрэч для падарожжаў патрэбна шмат грошай?

Беларусы гатовыя траціць вялікія грошы дзеля таго, каб выехаць за мяжу, і не гатовыя патраціць маленькія грошы дзеля таго, каб праехаць па Беларусі

Валерыя Чарнаморцава: Па-першае, зазначу, што я не зусім згодная з тэзай, што шмат беларусаў не выяжджае за мяжу. Па маім досьведзе адваротная сытуацыя. Беларусы гатовыя траціць вялікія грошы дзеля таго, каб выехаць за мяжу, і не гатовыя патраціць маленькія грошы дзеля таго, каб праехаць па Беларусі. Наконт таго, колькі гэта каштуе, сапраўды, існуюць розныя варыянты. Безумоўна, я, Вольга, і магчыма часткова спадарыня Галіна, паколькі мы займаемся прафэсійна падарожжамі, мы прапануем больш дарагія варыянты правесьці адпачынак і спасьцігнуць краіну з дапамогай нас як прафэсійных гідаў ці арганізатараў. Але зараз існуе інтэрнэт, лоўкосты, розныя магчымасьці забраніраваць гатэлі, існуюць розныя сайты, дзе можна проста ўпісацца, то бок спыніцца ў людзей па ўсім сьвеце абсалютна бясплатна.

Галіна Навумчык
Галіна Навумчык

Галіна Навумчык: З маіх назіраньняў за людзьмі, якія прыяжджаюць, і я таксама задумалася, чаму ж масава беларусы зараз не выяжджаюць за мяжу — ёсьць адна выснова, яна вельмі простая: людзі не ведаюць моваў. І няведаньне замежных моваў уганяе чалавека ў такія комплексы, што яму вельмі страшна. І вось гэты страх, а раптам нешта здарыцца, а раптам захварэю, а раптам высокі ціск ці яшчэ нешта — як я змагу патлумачыць? Вось Вольга кажа, што можна пайсьці ў так званую пілігрымку да сьвятога Якава — але як беларусу, які ня ведае моваў пайсьці ў гэтую пілігрымку? І вось гэты комплекс няведаньня мовы і немагчымасьць кантактаваць у іншым сьвеце, на маю думку, і прымушае беларусаў сядзець дома.

Ганна Соўсь: Галя, вы раіце не зважаць і не параўноўваць кошты ў Беларусі і, напрыклад, у Чэхіі, Нямеччыне, але вось ці насамрэч для таго, каб падарожнічаць, патрэбна шмат грошай? Ці можна падарожнічаць і не плаціць шмат?

Галіна Навумчык: Можна канешне, але такая падрыхтоўка бюджэтнага падарожжа будзе займаць трошкі больш часу. І канешне, я б раіла людзям у такой бюджэтнай паездцы нейкім чынам зьвязвацца з людзьмі, якія жывуць на месцах.

Адзін дзень у Барсэлёне, Вільні і Празе

Ганна Соўсь: І апошняе пытаньне: адзін дзень у адным горадзе. Напрыклад, Барсэлёна. Вольга, што пасьпець паглядзець, пакаштаваць за адзін дзень?

Вольга Ўлевіч: Пакаштаваць тапас, але не ў турыстычным цэнтры. Пабачыць Sagrada familia, выкупацца на адным з пляжаў, на электрычцы ад’ехаўшы 30 км ад гораду, вечарам усё-такі схадзіць на шоў фляменка — хоць гэта не каталёнскі танец, ніякіх адносінаў да Барсэлёны ня мае, гэта танец цыганскі з поўдня, з Андалузіі. Але ўсё роўна ён настолькі асацыюецца ў нас з Барсэлёнай, што ўсё-такі я рэкамэндую пайсьці паглядзець, а вечарам падняцца на адну з тэрасаў. Адкрою такі сакрэт, што ва многіх гатэлях ёсьць тэрасы. І на гэтыя тэрасы, не будучы жыхаром гэтага гатэлю, вы можаце падняцца, замовіць келіх шампанскага, віна і сустрэць захад сонца. Вы ўбачыце, як сонца падае ў мора праз барсэлёнскі порт. Гатэль Majestic для гэтага пасуе, і любы, у Gaudi таксама.

Ганна Соўсь: Валерыя, Вільня ці Менск, адзін дзень, што пасьпець зрабіць, паглядзець, пакаштаваць?

самае галоўнае знайсьці ў Вільні беларускія мясьціны

Валерыя Чарнаморцава: Выберу Вільню. Вільня — мой любімы горад, сапраўды я часта раблю вандроўкі туды, адкрываю ў першую чаргу беларускую Вільню. І для беларусаў у Вільні я задаю адразу адно пытаньне: калі вы былі ў Вільні, дзе знаходзіцца Базыльянскія муры, што яны значаць для беларускай гісторыі? Калі беларус ня можа адказаць, на жаль, ён мае патрэбу ў маёй вандроўцы. Канешне, можна распавядаць пра розныя кавярні, сыр Джюгас і г.д., гэта робяць і могуць зрабіць і без мяне — я магу прапанаваць варыянт, не аднадзённы, скажам, двухдзённы, маршруту ў Вільню, дзе можна пабачыць ня толькі саму Вільню, але і, напрыклад, наведаць у гэты ж час месца, дзе нарадзіўся Францішак Багушэвіч, дзе яго хрысьцілі, і сядзібу Уладзіслава Сыракомлі, Барэйкаўшчыну. Патрэбна абавязкова прайсьціся па касьцёлах у Вільні. Я бы прапанавала наведаць адноўлены Палац валадароў, цудоўная экспазыцыя, клясна зробленая. Але самае галоўнае знайсьці ў Вільні беларускія мясьціны, каля 20 шыльдаў ёсьць. Гэта можна зрабіць самастойна ці з дапамогай знаўцаў, якіх даволі шмат.

Ганна Соўсь: Калі адзін дзень у Празе, Галіна, што б параілі пасьпець, паглядзець, пакаштаваць?

Галіна Навумчык: Адзін дзень у Празе мусіць быць падрыхтаваным. Але ёсьць людзі, якім проста хочацца паглядзець прыгожы горад. Прага — вельмі прыгожы горад. Як яго паглядзець за адзін дзень? Я б раіла спускацца ў Празе зьверху ўніз. Даехаць да Страгаўскага кляштара, па вуліцы Новы сьвет спусьціцца на Праскі град, прайсьці праз Праскі град, там праз вінаграднікі спусьціцца ўніз на Малую старану, праз Карлаў мост на Старое месца, са Старога месца на Вацлаўскую плошчу, і гэта ў вас зойме якраз дзень.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG