Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куды вядзе беларуская дарога?


Дарога, шлях, бальшак, гасьцінец, прасёлак... У беларускай культуры дарога займае асаблівае месца як у быцьці ўсяго народу, так і ў жыцьці кожнага чалавека. Беларусь, краіна ў самым сэрцы Эўропы, заўжды нітавала і перакрыжоўвала на сабе шляхі, якія злучалі заходнюю і ўсходнюю цывілізацыі, суворасьць і стрыманасьць нардычнай традыцыі з гарачай імпульсіўнасьцю балканскага сьвету. Але дарога, найперш, — гэта пуцявіна, якая суправаджае беларуса ў штодзённым жыцьці. Чым была і чым ёсьць дарога ў традыцыйнай карціне сьвету беларусаў? Куды яна вядзе? Пра гэта мы гутарым з этнакультуролягам, кандыдатам гістарычных навук Уладзімерам Лобачам.

Вячаслаў Ракіцкі: Калі казаць пра самую старажытную, міталягічную плашчыну беларускай культуры — ці знаходзіць дарога, шлях там сваё адмысловае адлюстраваньне?

Уладзімер Лобач: Зьяўленьне дарогі ў беларускай фальклёрнай традыцыі ўзыходзіць да часоў пракавечных, мітычных, калі толькі парадкаваўся сьвет. Дарога фігуруе ў легендзе як аб’ект, пабудаваны ў часы першастварэньня на загад самога Бога:

«Гэта, кажуць, Бог прыказаў усім зьвярам строіць дарогу, а крот адказаўся. Ну і Бог яму сказаў, штоб па дароге не хадзіць. Есьлі выйдзець на дарогу, значыць на дарозе памрэць».

Трэба сказаць, што, апрача гарызантальна арыентаванай, у міталягічныя часы існавала і «дарога на неба», арыентаваная вэртыкальна. Па ёй людзі маглі трапляць у найвышэйшую сфэру сьветабудовы:

«Перш небо падходзіло да зямлі так, што можна было на яго ўсходзіць, але як людзі саграшылі, та Бог атдзяліў небо ат зямлі й закрыў тую дарогу».

​​Ракіцкі: Са сказанага вамі трэба разумець, што асаблівы міталягічны статус дарогі ва ўяўленьнях беларусаў абумоўлены яе цеснай сувязьзю з вобразам Творцы?

Лобач: Насамрэч сымболіка дарогі значна больш глыбокая і ёмістая, што выяўляецца як у міталёгіі прасторы, так і ў сыстэме анталягічных каштоўнасьцяў беларусаў і іншых індаэўрапейскіх народаў. Дарога злучае ў адзінае цэлае ўсе часткі сьветабудовы: «гэты» і «той» сьвет, «сваю» і «чужую» старану. Дом, вёска, мястэчка, горад, кірмаш, храм, могілкі, лес, палеткі, возера... Дарога, нібы пацеркі на шнурок, нанізвае на сябе ўсе элемэнты культурнага ляндшафту, знакавыя для беларусаў. Паколькі дарога вядзе ў іншасьвет, які можа фігураваць як «чужая старана», сьвет памерлых, боскі сэгмэнт сьветабудовы (неба) ці інфэрнальная сфэра (пекла), то сустрэць на дарозе можна было і «чужынцаў» (цыганоў, габрэяў-гандляроў), і здані памерлых, а таксама чорта і самога Бога. Вось запіс, зроблены ў Вушацкім раёне:

«А вот гэта, дык скажу табе, мая мама мне расказывала. Едзем, глядзім — ідзець сівенькі дзядок. Ну, сабакі, кажыць, ніхто не забрахалі. Сівенькі дзядок ішоў, надзеты па-простаму, сваё было надзета. Усе саматканае надзета, сваё. Яны дажы відзілі гэтага дзядка, як ён ішоў, гэты дзядок, на ўстрэчу ім, ішоў такі і прайшоў каля іх. Вот яны апрадзялілі, што Бог ідзець. Прайшоў, а тады, як яго ня стала, тады сталі і сабакі брахаць, людзі сталі паяўляцца. Вот так і апрадзялілі, што гэта Бог ішоў».

Разам з тым на дарозе можна сустрэць і нячыстую сілу ў розным абліччы, якая правакуе людзей на дэвіянтныя паводзіны. Гэты запіс з Шаркаўшчынскага раёну:

«Ехаў у нас адзін. А такая вечарынка была — Божа, Божа! — на дарозе. І яго завалалі. Кажуць: „Танцавай!“ І ён танцаваў. Божа, Божа, яго і частавалі, і ён танцаваў. І за пазуху яму наклалі ў дарогу. Прыехаў дамоў, а там поўна конскага калу было».

У анталягічным пляне дарога ўвасабляе сабой дынамічны пачатак сьветабудовы, ідэю руху, які, у сваю чаргу, выступае эквівалентам жыцьця. Тут можам прыгадаць ня толькі вядомае выслоўе старажытных рымлянаў «via est vita», але і ўстойлівы выраз саміх беларусаў: «жыцьцёвы шлях».

Ракіцкі: Калі дарога была нагэтулькі значная для беларусаў у міталягічным пляне, ці існавалі пэўныя правілы паводзінаў падарожнага чалавека?

Лобач: Такіх сымбалічных правілаў — вялікае мноства. Напрыклад, патэнцыйная прысутнасьць Бога на дарозе вымагала ад падарожных людзей карэктных паводзінаў:

«Расказвала мая мама. Раней дзяцёнак ідзе, запросіцца папісаць, дык маці яго звадзіла на бок: «Ня пісай на дарожку, мой сынок, бо тут Бог ходзіць».

​Так казалі ў Лепельскім раёне. Выпраўленьне ў дарогу як у зону няпэўнасьці, непрадказальнасьці і патэнцыйнай небясьпекі суправаджалася разнастайнымі ахоўнымі дзеяньнямі рытуальнага характару, якія павінны былі забясьпечыць чалавеку пасьпяховае падарожжа. Сярод ахоўных сродкаў вылучаецца значны корпус замоўных формулаў, асноўная задача якіх заключалася ў магічным забесьпячэньні чалавека своеасаблівым «сьвятым эскортам» — сымбалічнымі падарожнымі зь ліку нябесных сьвяцілаў (зара, сонца) ці прадстаўнікоў боскай сфэры:

«Калі ў дарогу, то словы ёсьць: «У дарожку сабіраюся, месяцам падпіраюся, звёздамі ўсыпаюся, з врагом не сустракаюся. Мяне маменька радзіла, сонейкам абгарадзіла, месяцам падпаясала, у дарожку адпраўляла. Раньні бег не дабег, позны бег не дабег. А мне ад Госпада Бога шчасьлівая дарога».

Асобныя, магічныя ў сваёй аснове дзеяньні рабіліся, каб гарантаваць чалавеку бясьпеку і шчасьлівае вяртаньне дадому з дальняй і доўгай дарогі. Вось прыклад з Докшыцкага раёну:

«Вот есьлі ў армію адпраўляеш, вот выйшаў з хаты, а тады вярнуўся во ў хату. Каб ён апяць вярнуўся, прыйшоў назад. А тады апяць пайшоў. Як што-небудзь забыўся, пазавуць: „Хадзі вярніся!“ А тут нада абізацельна. Вот выйшаў сын, ці машына стаіць, ці не, а ну хадзі там скарэй у хату. Прыйшоў, і вот, як у нас, ля печы стаяць вілкі, качарга, каб узяўся за качаргу і тады зноў пайшоў».

Ракіцкі: Атрымліваецца, што дарога ўспрымалася беларусамі як месца небясьпечнае, і галоўнай задачай падарожнага чалавека было запабягаць розным няшчасным здарэньням, якія маглі яго напаткаць?

Лобач: Гэты тэзіс слушны толькі часткова. Дарога, якая лучыць сьвет людзей з сакральнай сфэрай, выступае ў традыцыйнай карціне сьвету беларусаў як насычаная знакавая зона, дзе чалавек можа атрымаць прадказаньні адносна сваёй блізкай ці далёкай будучыні. Асаблівую ўвагу зьвярталі на розныя падарожныя праявы ў часе рытуалаў сямейнага цыклю: радзінаў, вясельля і пахаваньня. У радзіннай абраднасьці, калі дзіця вязуць хрысьціць у храм, знакі на будучы лёс нованароджанага дае само Неба. Вось такім прыкметам верылі на Случчыне:

«Калі ў той час, як вязуць хрысьціць дзіця, да йдзе дождж або сьнег, то гэта добрая прыкмета, бо дзіця будзе багатым. Калі... пачнуць грукацець грымоты ці смальне пярун, то бадай што з таго дзіцяці будзе чараўнік».

Знакавымі для лёсу дзіцяці былі нават паводзіны каня ў дарозе да хросту:

«Калі ў дарозе, як вязуць хрысьціць дзіця, да распрагуцца коні, то дзіця будзе вельмі ўпрамае і непаслушнае; калі выпадзе загваздка да спадзе кола, то дзіця, як вырасьце, будзе ўсё губіць, раскідаць і ніколі ў яго ня будзе парадку. Калі, як вязуць дзіця хрысьціць, да прыстануць коні, то... з таго дзіцяці будзе знахар ці чараўнік».

​У часе вясельля, калі маладыя выпраўляліся да вянца, кепскім знакам на будучае жыцьцё сям’і было, калі нехта перабягаў дарогу перад вясельным поездам:

«Калі дарогу вясельлю перабяжыць заяц або кошка ці пяройдзе жанчына, то шлюб будзе нешчасьлівы».

Знакавасьць дарогі ў вузлавых момантах чалавечага жыцьця выяўляецца і ў сытуацыі, калі чалавек праходзіць свой «апошні шлях». Але ў гэтым выпадку знакі вяшчуюць ужо пра пасьмяротную долю нябожчыка, тое, якім чынам на тым сьвеце яго прыме Бог:

«Калі ў час пераносу нябожчыка на могілкі ідзе дождж або сьнег, то гэта сьведчыць аб павазе Бога да добрага жыцьця нябожчыка».

У той жа час знакі, даваныя ў «апошняй дарозе», непасрэдным чынам тычацца і сям’і памерлага. Як і ў радзіннай, у вясельнай абраднасьці асаблівае значэньне надавалася паводзінам каня. У Заходняй Беларусі меркавалі:

«Калі конь, вывозячы нябожчыка з дому, апаражніцца, гэта знак, што нехта яшчэ зь сям’і захварэе і хутка памрэ».

Ракіцкі: Калі гаворка зайшла пра дарогу як знакавую прастору, што вяшчуе чалавеку пра ягоны лёс, то, напэўна, варта прыгадаць і адмысловыя варожбы, якія адбываліся менавіта на дарозе.

Лобач: Так. Дарога магла сама даваць знакі пра будучыню людзей, але чалавек заўжды мае і ўласныя пытаньні адносна свайго лёсу. Найперш гэта тычыцца моладзі, асабліва дзяўчат, для якіх удалае ці няўдалае замужжа было ўвасабленьнем усёй наступнай долі. І дарога, дзе адбывалася варажба, сымбалічна перасякалася і прагназавала рэальны жыцьцёвы шлях чалавека. Моладзевыя варожбы адбываліся ў рытуальна значны момант (Каляды, Купальле) і ў часава-прасторавай сытуацыі з выразнай межавой сымболікай (на ростанях, апоўначы), што дазваляла атрымаць і «прачытаць» знакі, даваныя іншасьветам:

«На стары Новы год на ростынькі пойдзем у 12 часоў і крычым: „Доля, доля, адгукніся!“ Каму адгукнецца, што пяюць, то гэта добра — вясёлае жыцьцё будзе; каму — што нешта паехала, то зьедзеш замуж; каму — што недзе заплача, то ліхая жытка будзе».

Сьвяткаваньне Юр'я. Людзі ідуць па дарозе да жытнёвага поля
Сьвяткаваньне Юр'я. Людзі ідуць па дарозе да жытнёвага поля

​На Случчыне дзяўчаты шлюбнага ўзросту практыкавалі даволі экзатычны, з гледзішча сучаснага чалавека, спосаб варажбы:

«На Купала пасьля захаду сонца, як заблішчаць на небе зоркі, дзеўкі голыя бягуць дзе-небудзь недалёка за вёску на растанцы, становяцца ракам і зубамі, бы говяда, рвуць падарожнік. Яны з гэтым зельлем моўчкі бягуць дамоў і лажацца спаць, а падарожнік кладуць сабе пад голаў. Ноччу ня хібіць прысьніцца суджаны».

Але аголенасьць, нямотнасьць і «зьвярыныя» паводзіны ў гэтым выпадку азначалі сымбалічны выхад чалавека са сфэры культуры ў іншасьвет, увасоблены ростанямі, дзе і можна было даведацца пра свой лёс. На Капыльшчыне і Смургоншчыне да прыдарожнага зельля — трыпутніку — нават зьвярталіся з адмысловым прыгаворам:

«Трыпутнік, трыпутнік, ты стаіш пры дарозе, бачыш старога і малога, мо бачыў майго мілога?»

Цікава, што пасьля згаданых магічных маніпуляцыяў суджаны мусіў зьявіцца ў сьне дзяўчыны менавіта ў вобразе падарожнага чалавека.

Ракіцкі: Быць можа, беларус на дарозе ня толькі засьцерагаўся злыбеды ды чытаў знакі пра свой лёс, але і спрабаваў зьмяніць долю ў лепшы бок? Іншымі словамі, ці выкарыстоўвалі дарогу ў нейкіх магічных дзеяньнях?

Лобач: Здольнасьць дарогі злучаць сьвет людзей з сакральнай сфэрай вельмі актыўна выкарыстоўвалася ў разнастайных магічных практыках, асабліва ў сфэры народнай мэдыцыны. Найбольш эфэктыўным месцам для пазбаўленьня ад хваробы лічылася перасячэньне дарог — ростані (сухрэст, крыжы), якія ўвасабляюць сабой «нулявую», пачатковую кропку прасторы, а гэта кантактная, межавая зона паміж сьветамі. Адметна, што выдаленьне немачы ў межавым лёкусе ростаняў ня толькі было адным з найбольш пашыраных прыёмаў у сыстэме народнай мэдыцыны ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя — яно працягвае актыўна бытаваць і ў другой палове ХХ — пачатку ХХІ стагодзьдзя сярод вясковага насельніцтва Беларусі. Пра гэта сьведчыць запіс зь Лепельскага раёну:

«Я сама балела, і вот дала вады мне бабка ў Лепілі... Дала, калі ты ў пудах і табе зьдзелана там... і вот дала мне ваду, і ты пей, змыйся, а тады вынесі ваду на крыжаваньне дарогі. Вот тут у нас крыжавые дарогі, і вылей тут жа. Я панесла, і гэта, і выліла. Толькі, гаворыць, не аглядайся, і штоб ніхто ня ўвідзеў».

​Паўсюль у Беларусі эфэктыўным сродкам пазбаўленьня ад «дзічоў» (бародавак) лічыцца суворая нітка з завязанымі на ёй вузельчыкамі (па колькасьці бародавак), якую адносілі на ростані. Таксама на ростанях пазбаўляліся ад прыпадку (эпілепсіі), каўтуна, зубнога болю, бяльма на воку, упуду і іншых хваробаў. Калі ў сям’і паміралі дзеці, бацька ішоў на ростані, каб запрасіць «збожных», «падарожных» кумоў — першых выпадковых людзей, нібыта пасланых самім Богам. Такія кумы і павінны былі гарантаваць доўгае жыцьцё нованароджанаму. Сымбалічная тоеснасьць ракі і дарогі (абедзьве візуальна невымерныя, характарызуюцца дынамічнасьцю, сягаюць да далягляду, г.зн «да неба») ляжыць у аснове рытуалу выкліканьня дажджу. Дзеля гэтага аралі або рэчышча ракі, або дарогу, каб зрушыць, скіраваць на зямлю нябесную вільгаць:

«Яшчэ аралі дарогу, аралі дзеўкі. Аруць удоўж, а тады хрэст. І рэчку гэтак аралі. Гэта каб дождж пайшоў. Сахой аралі, ня плугам. Саха, сахой дзеравянай».

Ракіцкі: Калі казаць пра сёньняшні дзень і жыхароў ня вёскі, але сучаснага мэгаполісу, ці зьмянілася для іх знакавасьць і значэньне дарогі?

Лобач: Безумоўна, шматлікія магічныя дзеяньні на дарозе гарадзкія жыхары не практыкуюць. Але сутнасьць дарогі ў нашым сучасным жыцьці засталася нязьменнай. Калі мы выпраўляемся ў дарогу, яна дорыць нам сьвет ва ўсёй яго разнастайнасьці. Але зваротны полюс дарогі яшчэ даражэйшы, бо ад часоў гамэраўскага Адысэя «дарога дадому» стала неад’емнай часткай вобразу Радзімы, а дарога, якая прыводзіць да роднага парогу, — гэта і ёсьць жыцьцё.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG