Пасьля таго, як у суботу ўвечары мэтэаралягічныя зонды ў трэці раз за тыдзень заляцелі на тэрыторыю Літвы зь Беларусі, кіраўнік Нацыянальнага цэнтру кіраваньня крызісамі (НЦКК) Вільмантас Віткаўскас заявіў, што на радарных станцыях краіны іх выявілі менш у параўнаньні з іншымі днямі інцыдэнтаў.
«У гэтую ноч візуальна было выяўлена 6 шароў, гэтыя шары былі выяўлены менавіта ў Салечніцкім раёне, і кірунак руху гэтых шароў быў у бок Віленскага аэрапорту», — сказаў Віткаўскас, якога цытуе LETA.
«Нягледзячы на тое, што агулам было зафіксавана 22 выявы, 19 зь іх былі зафіксаваныя ў Салечніцкім раёне, 3 зь іх — каля Друскенікаў, вельмі важна адзначыць, што выявы — гэта не шары. Выявы — гэта кропкі на радары, дзе адзін шар можа мець некалькі кропак або шар можа наогул ня мець ніводнай кропкі, радары іх проста ня бачаць», — падкрэсьліў ён.
Паводле слоў Віткаўскаса, нягледзячы на тое, што ў суботу ўвечары было зафіксавана менш аб’ектаў, чым у пятніцу, было прынята рашэньне закрыць аэрапорт, каб кантраляваць любыя рызыкі.
«Калі да гэтай траекторыі палёту набліжаецца нават адзін аб’ект, гэта нясе сур’ёзную пагрозу для паветранага судна — падчас узьлёту або пасадкі. Вось чаму было прынята рашэньне абмежаваць нашу паветраную прастору, наш Віленскі аэрапорт быў недаступны для рэйсаў туды і зь яго», — растлумачыў ён.
Паводле яго слоў, адзін з зондаў, якія прыбылі ў Літву, быў знойдзены ў Салечніцкім раёне, а інтэнсіўныя пошукі астатніх працягваюцца.
«Чатыры чалавекі затрыманыя, але гэта, праўдападобна, яшчэ не канец», — сказаў ён. Каля Віленскага аэрапорту таксама быў заўважаны бесьпілётнік. Аднак, паводле слоў Віткаўскаса, гэта было не адзіным здарэнтнем у суботу ўвечары. Акрамя мэтэаралягічных шароў, каля Віленскага аэрапорту заўважылі і бесьпілётны лятальны апарат.
«Акрамя таго, каля дзевяці гадзін вечару адбыўся дадатковы інцыдэнт побач зь Віленскім аэрапортам. Таксама быў заўважаны невялікі бесьпілётнік, які вельмі хутка ідэнтыфікавалі, а яго апэратара затрымалі на працягу 9 хвілін», — сказаў кіраўнік НЦКК.
Як ужо паведамлялася, у суботу ўвечары рух паветраных суднаў у Віленскім аэрапорце быў прыпынены ўжо ў трэці раз на гэтым тыдні. Такое рашэньне было прынята з-за мэтэаралягічных зондаў, прызначаных для кантрабанды зь Беларусі. Падобны інцыдэнт быў зафіксаваны ў пятніцу ўвечары — тады была часова прыпыненая дзейнасьць аэрапортаў Вільні і Коўны, а таксама зачыненыя памежныя пункты зь Беларусьсю.
Яшчэ адзін выпадак быў зафіксаваны ў аўторак увечары — Вільмантас Віткаўскас адзначыў, што гэта быў адзін з самых інтэнсіўных наплываў паветраных шароў сёлета. У той час была прыпынена і дзейнасьць сталічнага аэрапорта, а таксама зачыненыя згаданыя раней памежныя пункты зь Беларусьсю.
Форум