Галоўная рэдактарка «Хартыі-97» сваю журналісцкую кар’еру пачынала якраз пад кіраўніцтвам Пятра Марцава:
«Я пачынала ў газэце „Имя“, якую заснаваў Пётар Марцаў. Гэта быў мой першы журналісцкі досьвед, і гэта насамрэч была адна зь лепшых газэт у краіне і адна зь лепшых камандаў па якасьці і характарыстыках журналістаў. Мне падаецца, такой залатой каманды ў маім жыцьці больш не было — працавалі і Ірына Халіп, і Мікалай Халезін, і Зьміцер Падбярэскі, і Вольга Ўлевіч, і Аляксандар Уласкін, і многія іншыя. Пётар умеў падбіраць людзей, умеў гэтых людзей матываваць на стварэньне якаснага прадукту. Для мяне Пётар Марцаў перш за ўсё ўнікальны прафэсіянал, выдавец, які вельмі шмат зрабіў для Беларусі, таму што і „Имя“, і „Белорусская деловая газета“ былі аднымі зь першых незалежных выданьняў Беларусі і рабілі ўсё, каб не дапусьціць прыходу дыктатуры ў Беларусь».